keyboard_arrow_up

Скаргі на фармаваньне участковых камісій пададзеныя БНФ ва ўсе суды Менску

29-06-20

Мінская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ у межах кампаніі назіраньня “Права выбару-2020” падала скаргі на фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій ва ўсе дзевяць раённых судоў горада Менску.

БНФ вылучалі 194 прадстаўнікі ў склад выбарчых камісій участковага ўзроўню: праз партыйныя арганізацыі ў склад камісій было накіравана 109 прадстаўнікоў БНФ, яшчэ 85 чалавек былі вылучаныя ад мясцовых арганізацый грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”.

Аднак, у склад участковых камісій былі ўключаныя толькі тры прадстаўнікі Партыі БНФ, а астатнім было адмоўлена. У тым ліку ў Менску раённыя адміністрацыі адмовілі ва ўключэньні ў склад участковых выбаркамаў усім 95 прадстаўнікам, якія вылучаліся ад БНФ – 44 ад Партыі БНФ і 49 ад грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. У выніку ў Менску няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі ва ўчастковых камісіях.

У скаргах, пададзеных у дзевяць раённых судоў Менску, Партыя БНФ сьцьвярджае, што неўключэньнем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”.

Першай будзе разгледжаная скарга на рашэньне пра фармаваньне камісій ў Фрунзенскім раёне, якое атрымала вялікі грамадзкі рэзананс праз трансляцыю ў этэры перамоваў сябраў адміністрацыі датычна кандыдатур, што вылучаліся з ініцыятывы грамадзскасьці насуперак жаданьню адміністрацыі.

Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаваньне ўчастковых камісій па Фрунзенскім раёне прызначаны ў Фрунзенскім раённым судзе на 29 чэрвеня, пачатак а 12.30 (вул. Дуніна-Марцінкевіча 1/2, заля №4), суддзя Алеся Гузоўская. Інтарэсы партыі ў судзе будзе прадстаўляць сябра Сойму Юрый Чавусаў.

Апроч дзевяці раённых судоў Менску, скаргі на фармаваньне ўчастковых камісій пададзеныя БНФ ў Віцебску, Гародні, Слоніме і ў іншых гарадах, дзе прадстаўнікоў БНФ не дапусцілі ў склад камісій. Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, суды павінныя разгледзець скаргі на фармаваньне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.

Агулам па ўсёй краіне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі патрапілі толькі шасьцёра прадстаўнікоў апазыцыі – па тры чалавекі ад Партыі БНФ і БСДП “Грамада”.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе ва ўчастковыя камісіі было вылучана 96 прадстаўнікоў Партыі БНФ і 51 прадстаўнік Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”, аднак у склад камісій былі ўключаны толькі тры сябры БНФ.  На мінулагодніх парламенцкіх выбарах улады ўключылі ва ўчастковыя камісіі толькі пяцёх з 250 вылучэнцаў ад БНФ.

Як адзначае намесьнік старшыні БНФ Зьміцер Салошкін, татальная зачыстка участковых камісій ад апазыцыі зьвязаная з памкненьнем зрабіць немагчымым грамадзкі кантроль за працэсам падрыхтоўкі выбараў і падліку галасоў:

“Як і на папярэдніх выбарах прэзыдэнта ў 2015 годзе, ўлады цяпер таксама ўключылі ў камісіі толькі трох прадстаўнікоў БНФ. Гэта вельмі нізкі паказчык, вылучэнцы ад лаяльных уладам арганізацыяў уключаныя ў камісіі амаль на сто адсоткаў. Гэта сьведчыць пра тое, што сёлетнія выбары прэзідэнта адбудуцца ў закрытым ад грамадзкасьці рэжыме. Пры такіх абставінах мы ня можам давяраць працы камісіяў, якія сфармаваныя ў складзе, цалкам падкантрольным выканаўчай уладзе” – сказаў Зьміцер Салошкін.

Па выніках фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій Управа БНФ прыняла заяву, у якой асуджае недэмакратычнае і несумленнае фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў, масавыя адмовы ва ўключэньні ў камісіі прадстаўнікам Партыі БНФ і ГА”БНФ”Адраджэньне””, іншых дэмакратычных партыяў ды рухаў, прадстаўнікам беларускага народу, якія вылучаліся праз подпісы грамадзянаў. “Гвалт, хлусьня і маніпуляцыі — вось падмурак цяперашняй улады. Яна зусім не ставіць задачу атрымаць на гэтых выбарах падтрымку народу. Наадварот, яны цудоўна ведаюць пра адсутнасць такой падтрымкі з боку беларусаў – і таму фармуюць камісіі такім чынам” – гаворыцца ў заяве Управы БНФ.

Партыя БНФ