keyboard_arrow_up

Кампанія «Права выбару»: Давыбары ў Каладзішчанскі сельскі Савет паказалі, што ўлады не клапоцяцца пра жыццё і здароўе грамадзянаў

19-05-20

17 траўня адбыліся давыбары ў Каладзішчанскі сельскі Савет (Мінскі раён). Гэта былі першыя выбары ва ўмовах распаўсюду каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Арганізацыя галасавання мусіла стаць рэпетыцыяй таго, як арганізаваць абвешчаныя на 9 жніўня выбары прэзідэнта бяспечна, без пагрозы жыццю і здароўю выбарцаў і без спрыяння распаўсюду інфекцыі. Менавіта санітарна-супрацьэпідэмічныя аспекты правядзення галасавання найперш цікавілі кампанію «Права выбару» ў дадзеным выпадку.

Як адзначыў доктар Зміцер Салошкін, «некаторыя захады былі зробленыя: чальцы камісіі былі ў масках і пальчатках, мелі антысептык і час ад часу праводзілі дэзынфекцыю паверхні сталоў, за якімі выдаваліся бюлетэні, і асадак, якімі распісваліся ў спісах выбарцы. Гэта магло б мінімальна абараніць чальцоў камісіяў, але гэтага недастаткова, каб прадухіліць распаўсюд інфекцыі праз выбарчыя ўчасткі.

1. Сябры камісіяў не мелі дастаткова СІА, каб мяняць маскі і пальчаткі адпаведна патрабаванням і знаходзіліся на малой адлегласці адзін ад аднаго.

2. Памяшканне для галасавання не мела абазначэнняў для прытрымлівання бяспечнай дыстанцыі паміж наведвальнікамі.

3. Дазвалялася заходзіць і знаходзіцца разам групам людзей.

4. Выбарцы дапускаліся на ўчастак без масак і пальчатак.

5. На ўваходзе не праводзілася дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы.

6. Выбарцы карысталіся адной асадкай для подпісу.

7. Не было прадугледжана перапынкаў дзеля дэзынфекцыі або кварцавання памяшкання».

Усе пералічаныя факты сведчаць, што ўлады не клапоцяцца пра жыццё і здароўе грамадзянаў і ставяць яго пад пагрозу праз магчымае заражэнне каранавірусам на выбарчых участках.

Фота Іллі Дабратвора