keyboard_arrow_up

Аляксей Сігаеў: Мы выносім нашыя прапановы, каб нельга было пасьля казаць, што няма іншай думкі, што ўсе задаволеныя

9.04.2019 9:04

Прадстаўнікі кампаніі “Права выбару” Вольга Кавалькова і Аляксей Сігаеў сустрэліся з кіраўнічкай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай і перадалі ёй прапановы кампаніі назіраньня да зьместу дакумантаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў.

Адзін з каардынатараў кампаніі назіраньня “Права выбару” Аляксей Сігаеў распавёў прэсавай службе кампаніі аб зьмесьце прапановаў, аб тым, як праходзіла сустрэча і якія яе вынікі.

 

Аляксей Сігаеў: Кампанія назіраньня “Права выбару” мае ясныя прапановы па неабходных зьменах выбарчага заканадаўства. Гэтыя зьмены былі падрыхтаваныя шырокай працоўнай групай дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, і “Права выбару” гэтыя прапановы адстойвае. Зьмена выбарчага заканадаўства — гэта не кампэтэнцыя Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў.
Але ЦВК мае шырокія паўнамоцтвы ў трактоўцы і правапрымяняльнай практыцы  выбарчага закону. Адпаведна, нашыя прапановы да спадарыні Ярмошынай і ЦВК тычацца тых важных момантаў, як можна істотна палепшыць практыку правядзеньня выбараў у Беларусі, нават не зьмяняючы заканадаўства.

Прапановы кампаніі “Права выбару” тычацца трох ясных і простых рэчаў:

Уключыць у Мэтадычны дапаможнік ЦВК участковым выбарчым камісіям пункт пра тое, што назіральнік у працэсе рэалізацыі сваіх правоў можа праводзіць фота- і відэаздымку і выкарыстоўваць атрыманыя матэрыялы ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі;
Уключыць у Мэтадычны дапаможнік ЦВК участковым выбарчым камісіям пункт, каб падлік бюлетэняў адбываўся адным сябрам камісіі з дэманстрацыяй і агучваньнем зьместу кожнага бюлетэня ўсім прысутным пры падліку;
Уключыць у тлумачэньні ЦВК аб парадку фармаваньня выбарчых камісіяў пункт аб тым, што прыярытэт стаць сябрамі камісіяў маюць прадстаўнікі палітычных партыяў.

Натуральна, перададзеныя прапановы маюць дэталёвае абгрунтаваньне са спасылкамі як на беларускае заканадаўства, так і на міжнародны досьвед правядзеньня выбараў.

— Якой была рэакцыя Лідзіі Ярмошынай? Ці яна неяк камэнтавала гэтыя прапановы?

Аляксей Сігаеў: Так, яна досыць дэталёва выказалася па нашых прапановах, у нас была доўгая дыскусія. Па фота- і відэаздымках назіральнікамі спадарыня Ярмошына абгрунтавала сваё стаўленьне пазыцыяй сябраў участковых камісіяў, маўляў, яны могуць быць супраць таго, каб іх здымалі. Мы, у сваю чаргу, зьвярнулі ўвагу на тое, што мэтадычныя рэкамэндэцыі ЦВК рыхтуюцца ды публікуюцца загадзя, і той, хто не жадае быць на здымках назіральнікаў, можа проста не вылучацца ў склад камісіі.
Што тычыцца парадку фармаваньня камісіяў, кіраўнічка ЦВК фактычна “умыла рукі”, спаслаўшыся на тое, што да рэкамэндацыяў ЦВК пры фармаваньні камісіяў могуць і не прыслухоўвацца.

— Які далейшы лёс прапановаў?

Аляксей Сігаеў: Нашыя прапановы будуць вынесеныя па разгляд ЦВК. І Вольгу Кавалькову, і мяне павінныя запрасіць на паседжаньне, дзе іх будуць абмяркоўваць. Лідзія Ярмошына сказала, дарэчы, што Мэтадычныя рэкамэндацыі ЦВК ужо падтыхтаваныя, і што іх зьмест яшчэ мусіць быць узгоднены з міліцыяй, іншымі ведамствамі, што ўдзельнічаюць у арганізацыі выбараў.
Я ня маю ніякіх ілюзыяў. Перакананы, што нашыя прапановы будуць адкінутыя, галасаванье ў ЦВК будзе вызначанае загадзя і нашыя аргуманты ніхто ня будзе слухаць і браць пад увагу. Але мы лічым важным вынесьці нашыя прапановы на разгляд, каб быў пачуты і зафіксаваны голас за сумленныя ды справядлівыя выбары, каб нельга было пасьля казаць, што ніхто ніякіх прапановаў не вылучаў, што няма іншай думкі, што ўсе задаволеныя.

— Ці нейкія іншыя тэмы закраналіся на сустрэчы?

Аляксей Сігаеў: Натуральна, мы запыталі пра выбарчы каляндар. Спадарыня Ярмошына выказала ўпэўненасьць, што даты будуць агучаныя 19 красавіка ў звароце Аляксандра Лукашэнкі да Палаты Прадстаўнікоў.

Таксама быў такі цікавы момант падчас размовы, калі кіраўнічка ЦВК казала аб тым, што скаргаў на выбары атрымлівае мінімальную колькасьць — высьветлілася, што яна мае на ўвазе ды ўлічвае скаргі ад выбаршчыкаў. А скаргі назіральнікаў ва ўлік ня ідуць.

Узьнялі мы таксама і тэму ўводу ў Беларусі ІД-картак, які павінны неўзабаве адбыцца. Мы зьвярнулі ўвагу, што гэта выкліча неабходнасьць мяняць выбарчае заканадаўства ў любым выпадку, і што гэта добрая нагода зрабіць зьмены. Лідзія Ярмошына адразу адказала, што гэта маленькі тэхнічны асьпэкт. Аднак мы нагадалі, што ІД-карткі ня будуць утрымліваць зьвестак аб рэгістрацыі грамадзянаў, і гэта істотны момант. Яна на гэта прызналася, што ў ЦВК ня думалі пакуль пра такую калізію, і нават падзякавала, што зьвярнулі ўвагу.

Але гэтыя падзякі спадарыні Ярмошынай — добры выраз твару пры кепскай гульні. Бо і заканадаўства аб выбарах, і практыка прымяненьня вымагаюць глыбокіх сыстэмных зьменаў. Але мы ня бачым сёньня волі, у тым ліку з боку ЦВК, працаваць дзеля таго, каб грамадзяне Беларусі маглі давяраць вынікам выбарчага працэсу.

Фальсификации, или реальные результаты?

Узнай, как проходят выборы в Беларуси!

Присоединяйся