keyboard_arrow_up

Заява кампаніі «Права выбару» ў сувязі з адмовай ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты блогера Сяргея Ціханоўскі і іншых апанентаў дзеючага прэзідэнта

15-05-20

Кампанія «Права Выбару» лічыць, што адмова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК) у рэгістрацыі рэгістрацыі ініцыятыўнай групы блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых апанентаў дзеючага прэзідэнта носіць палітычна матываваны характар.

Сяргей Ціханоўскі быў арыштаваны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Звяртаем увагу, што гэты арышт ён мог адбыць раней, аднак ўлады наўмысна чакалі, калі будуць аб’яўленыя выбары.  Яму не была нададзена магчымасць ўласнаручна паставіць подпіс пад дакументамі і асабіста падаць дакументы ў ЦВК.

Адмова рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выключна на падставе таго, што пад дакументамі стаяў подпіс не Сяргея Ціханоўскага, а даверанай асобы, якая мае юрыдычную даверанасць падпісваць любыя дакументы ад яго імя, выглядае юрыдычна спрэчнай і відавочна палітычна матываванай.  Выбарчы Кодэкс не ўтрымлівае патрабаванняў да наяўнасці ці адсутнаці подпісаў самаго заяўніка, а ініцыятыўная група можа быць не зарэгістравана толькі ў выпадку парушэння патрабавання кодэксу.

Апеляцыя ЦВК да аналагічнай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча ў 2015 годзе (у той час, калі прэтэндэнт знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі) сведчыць пра тое, што ЦВК публічна і адкрыта прымае практыку пазбаўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца пад арыштам, права балатавацца ў якасці кандыдатаў на выбарах.

Адміністрацыйны арышт Сяргея Ціханоўскага, які з'яўляецца палітычным апанентам дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, і наступнае пазбаўленне яго магчымасці рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты сведчыць пра адсутнасць роўных умоў для ўдзелу ў выбарах для грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп апанентаў дзеючага прэзідэнта Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Нікалайчык, Анжалікі Жалезнікавай, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай, Вікторыі Хатэнкі, Ігара Клешчука на падставах, не абумоўленых Выбарчым Кодэксам Рэспублікі Беларусь, сведчаць аб дыскрымінацыі апанентаў дзеючага прэзідэнта ў выбарчым працэсе.

Кампанія "Права выбару-2020"
 

Тэл. +375 29 7635954
E-mail: [email protected]
 

Леў Марголін   Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання "Права выбару-2020"

Тэл. +375 29 650 24 25
Е-mail: [email protected]

 

Кампанія «Права Выбару-2020» аб'ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), ПАГА «Рух «За Свабоду», Аб’яднаную Грамадзянскую партыю (АГП), Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

#pvby #ПраваВыару #ПравоВыбора #выбары2020,  #выборы2020  #RIGHTtoCHOOSE   http://pvby.org