keyboard_arrow_up

Восем дэмакратычных партыяў і арганізацыяў будуць сумесна назіраць на наступных выбарах

20.02.2019 9:48

“Права выбару-2019” — гэта:

8 арганізацыяў
18 кандыдатаў
18 акругаў татальнага назіраньня
1500 назіральнікаў
7 зьменаў у выбарчы кодэкс

Кампанія партыйнага назірання за выбарамі “Права выбару”, якая паспяхова была праведзеная цягам некалькіх мінулых выбарчых цыкляў, будзе працягнутая. Восем дэмакратычных партыяў і арганізацыяў — АГП, БНФ, БСДП, БХД, “Зялёныя”, ПСП, Рух “За свабоду” і прафсаюз РЭП падпісалі новае пагадненне аб сумесным правядзенні мабілізацыйнай кампаніі ды актыўнага назірання на наступных выбарах. 18 патэнцыйных парляманцкіх кандыдатаў ад арганізацыяў-удзельніц “Права выбару” пачалі ў лютым лякальныя сацыяльна-эканамічныя ды мабілізацыйныя кампаніі ў сваіх раёнах. “Права выбару” таксама падрыхтавала прапановы зменаў выбарчага заканадаўства ды практыкі яго прымянення ў Беларусі і працуе дзеля іх рэалізацыі. Асноўныя прапановы - гарантыя правоў партыяў і кандыдатаў пры фармаванні выбарчых камісіяў, абмежаванне датэрміновага галасавання і цалкам празрысты падлік бюлетэняў.

Пра гэта заявілі 5 лютага ў Менску падчас прэсавай канфэрэнцыі “Права выбару” адзін з лідэраў АГП Леў Марголін, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, лідэр БСДП Ігар Барысаў, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і намеснік кіраўніка Руху “За свабоду” Віктар Янчурэвіч.

Леў Марголін: “Вяртанне дэмакратыі ў Беларусі павінна пачацца з правядзення свабодных выбараў. Гэта — першы і неабходны крок. Таму мы ў межах кампаніі “Права выбару” праводзілі і будзем праводзіць актыўную працу, каб дамагчыся зменаў у выбарчае заканадаўства. Мы працуем дзеля гэтага з беларускім грамадзтвам, экспэртамі, СМІ, з дзяржаўнымі органамі. Мы настойваем, што выбарчы кодэкс і практыка яго прымянення павінны быць сур’ёзна змененыя. Неабходныя змены дэталёва прапісаныя, падрыхтаваныя. 7 канкрэтных рэчаў, якія дазволяць абараніць правы кандыдатаў, назіральнікаў, усіх выбаршчыкаў”.

Рыгор Кастусёў: “Мы адказна заяўляем, што дэмакратычныя сілы Беларусі на самой справе аб’ядналіся ў кампаніі “Права выбару” дзеля сумеснага змагання за падставовыя дэмакратычныя прынцыпы, за права беларусаў абіраць, кантраляваць і змяняць сваю ўладу. У нас розныя палітычныя праграмы і стратэгія дзеянняў, але ў “Права выбару” мы ўсе працуем разам, ад левых да правых, ад прафсаюзаў да “Зялёных”. Ня верце, калі кажуць, што дэмакратычныя сілы Беларусі ня могуць працаваць разам. Пагрозы для незалежнасці застаюцца высокімі на бліжэйшыя гады. І менавіта свабодныя выбары, якія прызнае і грамадзтва, і вольны свет — важны чыннік нацыянальнай кансалідацыі ды ўмацавання сувэрэнітэту краіны”

Ігар Барысаў: “Мы будзем назіраць на 18 парляманцкіх акругах. Палова з іх — у Менску, іншыя — ва ўсіх абласных гарадох Беларусі. 18 патэнцыйных кандыдатаў ў Палату прадстаўнікоў ад усіх арганізацыяў-удзельц “Права выбару” валодаюць у сваіх мясцовасцях вялікім арганізацыйным патэнцыялам ды аўтарытэтам, таму мы ўпэўненыя, што яны будуць мець вялікую падтрымку людзей. Ад лютага яны пачынаюць новы этам сваёй працы па вырашэнні мясцовых праблемаў, а таксама па мабілізацыі жыхароў раёнаў у шэрагі будучых назіральнікаў за выбарамі. Гэта важная задача кампаніі “Права выбару” — арганізаваць назіранне ня толькі сіламі партыйных актывістаў, але й прыцягнуць новых, далёкіх ад палітыкі людзей, што жывуць тэрыторыі акругаў”

Вольга Кавалькова: “Сярод патэнцыйных кандыдатаў, мясцовыя кампаніі якіх кампанія “Права выбару” падтрымлівае і на акругах якіх плянуе назіраць, шмат нацыянальных лідэраў — гэта і Юры Губарэвіч, і Рыгор Кастусёў, і Ігар Барысаў. Я таксама працую ў раёне. Ёсць вельмі моцныя рэгіянальныя лідары. Усе яны актыўна працавалі, працуюць і будуць працаваць у сваіх мясцовасьцях дзеля вырашэння сацыяльна-эканамічных праблемаў. Мы ведаем, што людзі чакаюць ад нас перадусім лідэрста і дапамогі ў тым, каб іх жыцьцё станавілася лепшым. І мы робім гэтыя канкрэчныя справы па ўсёй краіне. І гэта адзіны шлях, каб пераканаць людзей, што свабодныя выбары патрэбныя перадусім не кандыдатам ці партыям. Свабодныя выбары патрэбныя звычайным, простым людзям, каб іх жыццё станавілася лепшым”

Віктар Янчурэвіч: “Беларусы — эўрапейская нацыя. Але Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе грамадзяне ня маюць магчымасці абіраць на пасады, або здымаць з пасадаў сваё кіраўніцтва. Нашы суайчыннікі заслугоўваюць свабодных выбараў. Каб вярнуцца ў сямью эўрапейскіх народаў, што цешацца ўсімі плюсамі і выгодамі дэмакратычнага ладу, мы павінны дамагчыся свабодных выбараў, якія мусяць адпавядаць усім міжнародным стандартам. Кампанія “Права выбару” шчыльнага працуе з міжнароднымі экспэртамі ды арганізацыямі ў галіне арганізацыі ды правядзення выбараў, каб пераносіць міжнародны досвед правядзеньня свабодных выбараў у Беларусь, і каб інфармаваць міжнародную супольнасьць аб сапраўдным стане рэчаў з выбарамі ў нашай краіне”