keyboard_arrow_up

Віктар Янчурэвіч за прызначэньне новага галоўнага архітэктара сталіцы

16.07.2019 11:12

Віктар Янчурэвіч, адзін зь лідэраў кампаніі назіраньня "Права выбару" у Менску, каардынатар гарадзкой ініцыятывы "Экоград", зьвярнуўся разам з прадстаўнікамі 20 лякальных ініцыятыўных групаў у Менгарвыканкам са зваротам аб прызначэньні на пасаду галоўнага архітэктара Менску Віталя Кухарэнкі.

Пра гэта Віктар паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук.

На думку аўтараў звароту, неабходная перазагрузка горадабудаўнічай палітыкі Менску, і Віталь Кухарэнка мае належныю кваліфікацыю і досьвед, каб гэта забясьпечыць.

Віктар Янчурэвіч падкрэсьліў, што лічыць ушчыльненьне Менску памылкай, і заявіў аб намеры й надалей трымаць сытуацыю з горадабудаўніцтвам Менску на кантролі, дамагацца паляпшэньня ўмоваў пражываньня ў горадзе ды ўліку меркаваньня грамадзкасьці пры прыняцьці адпаведных рашэньняў.