keyboard_arrow_up

«Уладзе ня трэба больш гуляць у дэмакратыю» Адмоўлена ў рэгістрацыі Губарэвічу, Сігаеву, Янчурэвічу.

20-10-19

У кампаніі назірання «Права выбару» падвялі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Усяго ад арганізацыяў-удзельнікаў кампаніі ішлі ў кандыдаты ў дэпутаты 148 чалавек, зь іх зарэгістравалі 119.

Адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў ад апазыцыі, якія ішлі шляхам збору подпісаў, — каля 90%.

Прадстаўнікі апазыцыі заяўляюць пра жорсткі падыход уладаў да рэгістрацыі кандыдатаў. Асноўныя прычыны адмовы — праблемы з сабранымі подпісамі, недакладнасьць у падатковых дэклярацыях.

Кандыдатам у дэпутаты не зарэгістравалі старшыню руху «За свабоду» , аднаго з лідэраў кампаніі "Права выбару" Юрыя Губарэвіча; па ягонай акрузе ў дэпутаты ідзе былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. «Адна з прычын адмовы — неадпаведнасьць пашпартных зьвестак у падпісных лістах. На маю просьбу зрабіць копію падпісных аркушаў мне адмовілі. Камісія разьлічвае, што хутка скончацца працэдуры па абскарджаньні. Ад руху „За свабоду“ зарэгістраваны 21 чалавек. Татальна былі „вырубленыя“ нашы прэтэндэнты па Менску, якія падаваліся шляхам збору подпісаў», — кажа Губарэвіч, які сам вылучаўся такім шляхам.

Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі лідэрам кампаніі "Права выбару" у Менску намесніку старшыні БСДП"Грамада" Аляксею Сігаеву ды намесніку старшыні Руху «За свабоду» Віктару Янчурэвічу.

Паводле ўдзельнікаў кампаніі «Права выбару», уладам «больш ня трэба гульня ў дэмакратыю, таму яны жорстка падышлі да гэтай выбарчай кампаніі». Паводле палітыкаў, гэта зьвязана з паляпшэньнем стасункаў Беларусі з Захадам. Таму ўладзе наогул ня трэба «пускаць апазыцыю ў Палату прадстаўнікоў». Паводле Рыгора Кастусёва, хутчэй за ўсё, апазыцыйных кандыдатаў у наступным скліканьні Палаты прадстаўнікоў ня будзе. А на думку Льва Марголіна з АГП, улада ўсё ж пусьціць двух апазыцыйных кандыдатаў у парлямэнт.

Паводле публікацыі Радыё "Свабода" ды ўласнай інфармацыі

Фота: Радыё "Свабода"

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!