keyboard_arrow_up

Улады запыталі ў БНФ дадзеныя пра асобаў, што вылучаюцца ў выбаркамы

27.08.2019 10:52

Партыя БНФ атрымала ад Віцебскага аблвыканкама пісьмовы запыт пра “дзелавыя і асабістыя якасьці” асобаў, якіх партыя плянуе вылучыць у склад акруговых выбарчых камісіяў, паведамляе сайт narodny.org. Арганізацыйнае ўпраўленьне аблвыканкама “просит заблаговременно направить информацию о деловых и личных качествах лиц, выдвигаемых в состав комиссий”. Вядома, што падобныя лісты атрымалі і іншыя партыі, якія ўдзельнічаюць у кампаніі "Права выбару".

 

Зварот уладаў камэнтуе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

"Гэтая “просьба” ўладаў не заснаваная на законе. Вылучэньне ў склад акруговых камісій прадстаўнікоў партыі магчымае толькі адным дакументам – пратаколам пасяджэньня кіруючага органа партыі. БНФ заўжды пазначае ў партаколах вылучэньня зьвесткі пра адукацыю і досьвед нашых прадстаўнікоў.

Шмат хто з нашых партыйцаў мае грунтоўны досьвед назіраньня за выбарамі ў іншых краінах, дзе галасы выбаршчыкаў сапраўды лічаць. Таму нашыя вылучэнцы недаспадобы мясцовым уладам.

Відавочна, што патрабаваньне прадставіць нейкія дадатковыя дакументы, апроч тых што прадугледжаныя Выбарчым кодэксам, ёсьць яскравай праявай звычайнага для ўладаў стаўленьня да выбараў. Для іх фармаваньне выбарчых камісій мае значэньне не як палітычная працэдура, пакліканая зябясьпечыць празрыстацьсь выбараў і давер нацыі да будучых вынікаў выбараў.  Улады хочуць стварыць бачнасьць плюралізму, захаваўшы поўны кантроль адміністрацыі за працэдурай, каб зябсьпечыць патрэбны ўладам вынік.

Паводле закону, выбарчыя камісіі фармуюцца на сумесных пасяджэньнях прэзыдыюмаў выканкамаў і абласных саветаў. Але на практыцы мы бачым што гэтыя органы не абмяркоўваюць на пасяджэньнях прапанаваныя кандыдатуры, не разглядаюць пытнаьне пра неабходнасьць забясьпечыць у складзе камісіяў прадстаўніцтва апазыцыі. Фактычна акурат арганізацыйны аддзел фармуе персанальны склад камісій задоўга да фармальнай працэдуры. Гэта яскравы прыклад кіраванасьці выбарчага працэсу ў Беларусі.

Мы не зьбіраемся палягчаць працу віцебскаму арганізацыйнаму аддзелу выканкама з той прчыны, што ягоная праца ў гэтай частцы не ёсьць прадугледжанай законам працэдурай. Усе зьвесткі пра нашых вылучэнцаў, таксама як і іншыя пытаньні датычна складу акруговых камісіяў, павінныя пасьля 30 жніўня абмяркоўвацца ўпаўнаважанымі органамі – прэзыдыюмамі мясцовых уладаў.  

Натуральна, ніякіх не прадугледжаных законам папярэдніх дадзеных мы прадстаўляць не будзем. БНФ прадставіць да 30 жніўня ў выканкам пратаколы аб вылучэньні прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, у якіх будуць дадзеныя пра ўсе іх дзелавыя і асабістыя якасьці. У тым ліку пра намер недапусьціць парушэньняў выбарчага заканадаўствафальсіфікацыяў ды іншых незаконных маніпуляцыяў падчас выбараў".

Паводле http://narodny.org/