keyboard_arrow_up

Улада не рэгіструе дэмакратычных кандыдатаў па надуманых прычынах

20.01.2018 18:21

Суб'екты кампаніі назірання «Права выбару-2018» паведамляюць пра страты, якія яны панеслі пад час рэгістрацыі

Суб'екты кампаніі назірання «Права выбару-2018» паведамляюць пра страты, якія яны панеслі пад час рэгістрацыі.

Па стане на 23.00 18 студзеня 2018 года “Рух “За Свабоду” заявіў пра рэгістрацыю 13 з 25 кандыдатаў у дэпутаты, АГП пра 50 з 57 кандыдатаў, БСДП пра 49 з 55, БХД пра 25 з 45 (па 8 кандыдатах інфармацыя ўдакладняецца), Партыя БНФ пра 15 з 20 (па двух кандыдатах інфармацыя ўдакладняецца) партыя “Зялёныя” пра 1 з 4 (па аднаму кандыдату інфармацыя ўдакладняецца).

Найбольшая колькасць адмоваў звязаная з недакладнасцямі ў дэкларацыях, несапраўднымі подпісамі, памылкамі ў пратаколах і зборам подпісаў на іншых выбарчых акругах.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што да дэмакратычных кандыдатаў існуюць завышаныя патрабаванні:

«Нельга сказаць, што дэмакратычныя кандыдаты ў роўных умовах з праўладнымі кандыдатамі. Да дэмакратаў традыцыйна існуе прадузятае стаўленне: памыліўся ў дэкларацыі – адмова, прыдраліся да подпісаў – адмова, коска не там – адмова. Лічбы сведчаць пра тое, што вылучэнне ад партыі пакуль што з’яўляецца найбольшым гарантам таго, што прэтэндэнта ў дэпутаты зарэгіструюць».

Метадыст-аналітык «Права выбару-2018» Леў Марголін падкрэслівае, што кампанія панесла страты ў назіранні.

«Цяпер на некаторых акругах назірання не будзе, бо нашае назіранне адбываецца там, дзе ёсць наш кандыдат. Калі яго няма, то і няма сэнсу назіраць. Яшчэ адным адкрыццём сезона стала праходжанне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі нашых актывістаў там, дзе няма ні назірання, ні кандыдата ў дэпутаты. На ўвесь Мінск і ўсе абласныя цэнтры ў выбарчых камісіях толькі адзін дэмакрат. Гэта нонсэнс», - гаворыць палітык.

Эксперт адзначае, што ўлада выкарыстоўвае антычны прынцып – падзяляй і валадар, які не з’яўляецца прыкметай сталасці і дэмакратычнасці.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару-2018” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах у мясцовыя Саветы 2018 года кампанія плануе датэрміновае назіранне і назіранне ў асноўны дзень галасавання. Плануецца, што ў назіранне будзе задзейнічана каля 1000 назіральнікаў.

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!