keyboard_arrow_up

У сталіцы і абласных цэнтрах ва ўчастковыя камісіі ад “Права выбару-2018” патрапіў адзін чалавек

5.01.2018 9:57

Суб'екты кампаніі назірання «Права выбару-2018» паведамляюць пра праходжанне ў склад участковых выбарчых камісій 8 чалавек са 119 вылучаных.

Суб'екты кампаніі назірання «Права выбару-2018» паведамляюць пра праходжанне ў склад участковых выбарчых камісій 8 чалавек са 119 вылучаных.

Чатыры з іх у Брэсцкай вобласці (1 у Брэсце і 3 у Бярозе), чатыры – у Віцебскай (1 у Мёрах і 3 у Верхнядзвінску).

Найбольшая колькасць вылучаных кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі была ў Мінску і склала 50 чалавек, аднак ні адзін з іх не здолеў патрапіць у гэтыя камісіі.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў лічыць, што ўлада ў чарговы раз прадэманстравала адсутнасць прагрэсу ў пытаннях арганізацыі і правядзенні выбараў.

- Выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы з'яўляецца чарговым пацвярджэннем таго, што выбарчыя камісіі фарміруюцца без зацікаўленых бакоў. У нашым выпадку гутарка ідзе пра прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якія выстаўляюць сваіх кандыдатаў на выбарчых акругах, а ў склад камісій, якія знаходзяцца на гэтых акругах, накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў. Атрымліваецца, што выбары ідуць па прынцыпу «міжсабойчыка», калі ў камісіі трапляюць лаяльныя да ўлады людзі, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Нацыянальны каардынатар падкрэслівае, што ва ўчастковыя камісіі патрапілі актывісты з малых гарадоў, дзе кампанія не вядзе назіранне. Паводле Сілкова ўсё гэта хітрыкі накіраваныя на мінімізацыю стасункаў з “Права выбару-2018”.

Адносна рэгістрацыі ініцыятыўных груп дэмакратычных кандыдатаў палітык паведамляе, пра адсутнасць адмоваў ў гэтым працэсе.

- У гэтым пытанні ўсё было гладка і, мяркую, гэта было створана наўмысна для таго, каб патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ішлі на выбары з меншымі перашкодамі, бо сам факт іх удзелу ў выбарчай кампаніі ніякім чынам не ўплывае на працэдуру падліку галасоў, якая дагэтуль застаецца закрытай і негалоснай, - падкрэслівае Алесь Сілкоў.

Трэба адзначыць, што ў склад тэрытарыяльных і абласных выбарчых камісій ад суб'ектаў кампаніі «Права выбару-2018» патрапіла 13 чалавек з 81 вылучаных. Найбольшая колькасць прайшоўшых у камісіі была ад Партыі БНФ у Віцебскай вобласці. Там у камісіі патрапіла сем чалавек.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару-2018” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах у мясцовыя Саветы 2018 года кампанія плануе выставіць 1000 назіральнікаў, 46 з якіх будуць працаваць на выбарчых участках пад час датэрміновага галасавання.

 

Прэс-служба кампаніі

“Права выбару-2018”

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!