keyboard_arrow_up

"Там, дзе адсутнічае незалежнае назіранне, афіцыйная яўка ў разы перавышае рэальную". Кавалькова пра найбольш частыя парушэнні

18.02.2018 15:13

Рэгіянальны каардынатар кампаніі "Права выбару-2018" Вольга Кавалькова падчас онлайн трансляцыі прэс-цэнтра распавяла пра найбольш частыя парушэнні на выбарах.

Найчасцей гаворка ідзе пра "пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў, якія актыўна процідзейнічаюць фальсіфікацыям".

Па cловах Вольгі Кавальковай, не меншай праблемай з'яўляецца "завышэнне яўкі выбаршчыкаў у пратаколах": па выніках датэрміновага галасавання яўка ў пратаколах амаль у два разы перавышае рэальную.Напрыклад, у Маскоўскай выбарчай акрузе Гомеля, па звестках назіральнікаў, датэрмінова прагаласавалі 9,2% выбаршчыкаў, але ў пратаколах запісаная іншая лічба - 16%.

Аднак на акругах (участках), дзе адсутнічае незалежнае назіранне, яўка складае 33-35%.

Вельмі часта фіксуюцца "выбарчыя каруселі", якія старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала "правакацыяй". У якасці прыкладу выбарчых каруселяў Вольга Кавалькова прывяла гісторыю актывіста "Дзеі" Дзяніса Краўчука, які, запісаўшы "сакрэтны код" у пашпарт (000-179) абышоў тры мінскія ўчасткі - і паўсюль прагаласаваў.

"Падобныя факты фіксаваліся і ў 2014 годзе, але тады заместа сакрэтнага кода ў пашпарт укладвалася невялікая паперка, якая давала права неабмежаванага галасавання", - дадала Вольга Кавалькова.

Галасаванне па замежным пашпарце, па гісторыі хваробы, па прафсаюзных білетах і іншых дакументах, якія не даюць права выбаршчыку галасаваць, - досыць актыўна выкарыстоўваецца падчас мясцовай кампаніі.

"Пры адсутнасці празрыстага падліку галасоў мы не можам мець даверу да гэтай працэдуры", - падсумавала Вольга Кавалькова.