keyboard_arrow_up

Суд не задаволіў скаргу «Права выбару-2020», парушыўшы закон

27-05-20

Эксперты «Права выбару-2020» звяртаюць увагу суда, ЦВК і грамадскасці на парушэнні пры фарміраванні тэрытарыяльных выбарчых камісій.

Дзіўныя справы адбываюцца ў беларускім судзе, калі разглядаецца не звычайная грамадзянская справа, а справа грамадзянска-палітычная.

26 мая ў Мінскім гарадскім судзе разглядалася справа па скарзе, падрыхтаванай экспертамі кампаніі «Права выбару-2020», на вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій у горадзе Менску. Скарга была пададзеная Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Нагадаем, што арганізацыі-ўдзельнікі кампаніі «Права выбару» паставілі перад сабой задачу дамагчыся ўключэння сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў.

Суды ў сваёй дзейнасці і пры прыняцці рашэнняў абавязаны кіравацца беларускім заканадаўствам. Кожны раз, калі пачынаецца разгляд любой грамадзянскай справы, суддзі зачытваюць правы і абавязкі бакоў, якія замацаваны ў артыкуле 56 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса: «Юрыдычна зацікаўленыя ў зыходзе справы асобы маюць права падаваць заявы, знаёміцца з матэрыяламі справы, рабіць выпіскі з іх, здымаць копіі прадстаўленых дакументаў». Менавіта апошняя фраза стала каменем перапоны пры разглядзе дадзенай справы.

Да пачатку судовага пасяджэння суддзя дазволіў першаму намесніку старшыні партыі Сігаеву А.В. азнаёміцца з матэрыяламі справы, але забараніў рабіць копіі. І ў пачатку працэсу, калі суддзя Бычко А.В. зачытваў правы, ён адмыслова прапусціў фразу аб праве рабіць копіі дакументаў. У ходзе судовага пасяджэння так і не ўдалося дамагчыся ад яго як права зрабіць копіі дакументаў, так і спасылкі на якой-небудзь нарматыўна-прававы акт, на падставе якога ён надзяліў сябе правамі вышэй за Кодэкс.

Пры падрыхтоўцы да судовага пасяджэння судом не былі выкананы просьбы заяўніка па запатрабаванню дакументаў, а менавіта: не была атрымана інфармацыя аб наяўнасці рэгістрацыі структур грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій у Мінску. Не маючы дастатковай інфармацыі, суд ніяк не мог быць упэўнены ў тым, што сваіх членаў у склад камісій вылучылі менавіта зарэгістраваныя структуры, а не, скажам, аргкамітэты па стварэнні гэтых структур (у такім статусе, напрыклад, знаходзіцца адзін з арганізатараў кампаніі «Права выбару» Беларуская хрысціянская дэмакратыя).

Не прыняў да ведама суд і заяву аб тым, што прафесійныя саюзы, якія вылучылі ў склад камісій сваіх членаў, не зʼяўляюцца грамадскімі абʼяднаннямі. Падобную заяву аб дзейнасці і правах прафсаюзаў кампанія «Права выбару» падрыхтавала для разгляду Генеральнай пракуратурай і Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Пры азнаямленні з матэрыяламі справы, было выяўлена, што вылучэнне ў склад Мінскай гарадской камісіі Краўчанка Таццяны Аляксандраўны (нязменны член камісіі мінімум з 2010 года) адбылося на падставе дакумента, які называецца «Пратакол Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў». У той час, як у пастанове Цэнтральнай камісіі №13 ад 8 мая 2020 г. пазначана, што прадстаўнікоў у склад Мінскай гарадской камісіі маюць права вылучаць толькі кіруючыя органы Мінскіх гарадскіх арганізацыйных структур палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Нават калі выказаць здагадку, што была дапушчана памылка друку і проста не быў правільна названы кіруючы орган арганізацыі, то ўсё адно ў пратаколе адсутнічае ўказанне на колькасць членаў гэтага кіруючага органа, каб можна было вызначыць, ці быў кворум, упаўнаважаны прымаць рашэнні.

На гэтыя і іншыя пытанні магла б адказаць прадстаўнік Мінгарвыканкама Янушэвіч Ірына Анатольеўна, але яна ў суд не зʼявілася – вельмі занятая адказнай працай у Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта... І нягледзячы на тое, што ў судзе аспрэчвалася як раз правамернасць фармавання гэтай камісіі, суддзя быў задаволены загадзя пададзенай паперкай ад Янушэвіч і без абмеркавання і рэальных адказаў на пытанні ў задавальненні скаргі адмовіў.

Дадзенае судовае разбіральніцтва яшчэ раз даказвае, што ў палітычных пытаннях беларускія суды не з’яўляюцца самастойнай галіной улады, а толькі дадаткам да існуючай сістэмы. Яны закрываюць вочы на парушэнне выбарчага заканадаўства з боку выканаўчай улады і самі ідуць на парушэнне беларускіх законаў, – адзначыў першы намеснік старшыні БСДП А.Сігаеў.