keyboard_arrow_up

Рыгор Кастусёў: Прадухіліць трагедыю!

27.02.2019 20:26

Інфармацыйны сайт Naviny.by - Белорусские новости публікуе артыкул, у якім старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зьвяртае ўвагу грамадзкасьці і цяперашняй дэпутаткі па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 гораду Менску спадарыні Тацяны Сайганавай на патэнцыйную небясьпеку для здароўя і жыцьця людзей, у першую чаргу для малых дзяцей і падлеткаў, што выкліканая свабодным доступам у неэксплуатуемыя памяшканьні станкабудаўнічага заводу імя Кірава на вуліцы Чырвонаармейскай у Менску.
Рыгор Кастусёў дамагаецца ад уладаў прыняць неабходныя захады, каб прадухіліць пагрозу трагедыі праз магчымае абрушэньне канструкцыяў, бо кепскі фізычны стан аб'екту і вольны доступ унутр яго выклікаюць вялікую перасьцярогу.

Кожны год беларускія СМІ, ды і не толькі, з сумам паведамляюць аб трагедыях, звязаных з абрушэннямі на аб’ектах незавершанага будаўніцтва, або закінутымі аб’ектамі – пра якія іх “гаспадары” даўно забыліся.

Найвялікшы жах, у дадзеных выпадках, выклікае інфармацыя, калі пад абрушэннямі на такіх аб’ектах гінуць людзі, асабліва непаўнагадовыя дзеці.
Як гэта, напрыклад, было ў Магілёве ў лістападзе 2017 года, калі пад заваламі даху пустога будынку ў мікрараёне “Спадарожнік” па вул.Мінская шаша загінулі двое хлопчыкаў 9 і 10-гадовага ўзросту.
Па фактах гібелі дзяцей следчым камітэтам была ўзбуджана крымінальная справа, вызначаны і пакараныя вінаватыя.

Або яшчэ зусім нядаўні прыклад – абрушэнне сцяны незавершанага будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл” г.Мінск, у лютым 2019 года, у выніку якога загінулі два працаўнікі прадпрыемства.
Следчы камітэт па дадзенаму факту праводзіць расследванне, узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.303 (парушэнне правіл бяспекі будаўнічых работ) Крымінальнага кодэкса.
Вінаватыя могуць атрымаць пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Знайсці вінаватых і пакараць іх – гэта, звычайна, самая простая справа, з якой беларуская судовая сістэма пад кіраўніцтвам беларускай выканаўчай улады заўсёды паспяхова спраўляецца. Бо беларуская судовая сістэма, беларускія ўлады ў сваёй дзейнасці ў такіх выпадках “заточаны” толькі на пошук і  пакаранне вінаватых, а не на прыняццё мераў па мінімізацыі падобных трагічных выпадкаў.

Чаму да гэтай пары і ў першым, і ў другім выпадках (па ўсёй краіне - не адзінкавыя ) не было прынята ніякіх захадаў для прадухілення трагедыяў? Бо будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл” было распачатае яшчэ ў 1989 годзе, і з тых часоў гэты корпус так і стаяў незавершаны, развальваючыся на віду ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў прадпрыемства на працягу 30 год.
Не маглі не заўважаць набліжаючайся трагедыі у выглядзе развальваючыхся сцен разнастайныя  правяраючыя кантралюючых органаў, прадстаўнікі ўладаў, дэпутаты розных узроўняў, што рэгулярна з году ў год наведвалі прадпрыемства.

Знайшоўшы вінаватых, закрыўшы чарговую справу, чынавенства, як звычайна, супакоіцца да чарговай трагедыі, на чарговым аб’екце або ў Мінску, або Магілёве, або ў іншым населеным пункце. А такіх аб’ектаў, стан якіх можа ў любы час прывесці да падобнай трагедыі, мноства. Толькі ў Мінску іх дзесяткі.

За прыкладамі далёка не патрэбна хадзіць ад цэнтра горада, дзе размяшчаюцца дзяржаўныя і гарадскія органы ўлады. Чаго варты толькі выгляд і стан неэксплуатуемых памяшканняў станкабудаўнічага завода імя Кірава на вул. Чырвонаармейскай, побач з гатэлем Пекін. Доступ ў былыя цахі завода свабодны, чым нярэдка карыстаецца мясцовая дзятвара.

Не маглі не бачыць стан гэтых цахоў і шматлікія чыноўнікі міністэрстваў, Мінгарвыканкама, іншых установаў, бываючы ў гатэлі Пекін пры наведванні нашай краіны дэлегацыямі Кітая.
Бываюць тут і шматлікія дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, у тым ліку і дэпутат па Купалаўскай выбарчай акрузе №95 Сайганава Таццяна Іванаўна.
Вуліца Чырвонаармейская якраз ўваходзіць у тэрыторыю Купалаўскай акругі 95.

Дадзены артыкул будзем лічыць зваротам па просьбе грамадзян пражываючых на прылягаючых да завода імя Кірава вуліцах да чыноўнікаў і дэпутата Сайганавай Т.І. з патрабаваннем – не дапусціць чарговую падобную трагедыю.