keyboard_arrow_up

Пяцёра назіральнікаў выдаленыя на Акадэмічнай акрузе №48 у Мінску

18.02.2018 7:23

На самым пачатку асноўнага дня галасавання 18 лютага на Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 Мінска выдалены адразу пяцёра назіральнікаў. Камісіі тлумачаць выдаленне аднатыпна: назіральнікі падавалі інфармацыю кандыдату ў дэпутату.

Як паведаміў "Праву выбара-2018" кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета Юрась Губарэвіч, сёння зранку на Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 выдалілі пяць назіральнікаў; калі на ўчастку прысутнічалі адразу некалькі назіральнікаў - выдалялі ўсіх: на ўчастку №7 выдалілі адразу двух.

-Пяць назіральнікаў пазбавілі акрэдытацыі на самым пачатку асноўнага дня галасавання, калі на ўчастку прысутнічалі некалькі назіральнікаў - выдалялі ўсіх: на ўчастку №7 выдалілі двух. Камісіі спасылаюцца на артыкулы 13 і 44 Выбарчага кодэкса: прадсьашленне назіральнікамі інфармацыі кандыдату ў дэпутаты, што нібыта забаронена Выбарчым кодэксам, - распавядае Юрась Губарэвіч. - Так, я маю інфармацыю пра вынікі датэрміновага галасавання па ўсіх участках сваёй акругі, але ўсю інфармацыю я бяру з адкрытых крыніцаў: сацыяльных сетак, інтэрнэта, дзе назіральнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі пра вынікі працы на ўчастках.

Юрась Губарэвіч лічыць пазбаўленне акрэдытацыі беспадстаўным:

-Я пішу скаргі ў выбарчыя камісіі пра зафіксаваныя парушэнні заканадаўства, называю нумары ўчасткаў і спасылаюся на назіральнікаў, якія могуць пацвердзіць факты парушэнняў - камісіі выдаляюць указаных назіральнікаў. Але інфармацыя, на якую я спасылаюся, - публічная, даступная ў інтэрнэце. Што цікава:  кандыдат у дэпутаты Губарэвіч ведае пра парушэнні, а пракурору Першамайскага раёна ніякай справы да таго няма. Лічу, што пазбаўленне акрэдытацыі - абсалютна беспадстаўнае.

Юрась Губарэвіч напісаў некалькі скаргаў у акруговую камісію і Цэнтрвыбаркам. Кандыдат кажа, што завышэнне яўкі татальнае: агулам па акрузе завышэнне складае каля 2 тысячаў галасоў.

-Дзве трэці ўчасткаў пайшлі на татальнае завышэнне: "дапісалі" па 370-400 галасоў. Гэтую інфармацыю я апублічыў і па выніках "выбараў" збіраюся звяртацца ў Следчы камітэт з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу супраць адпаведных кіраўнікоў камісій.