keyboard_arrow_up

“Права выбару” падрыхтуе 2000 назіральнікаў за выбарамі

12.08.2019 13:41

Сёння, 12 жніўня 2019 году, лідары кампаніі назірання “Права выбару-2019” распавялі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, якія прамежкавыя вынікі дасягнутыя на гэты момант і на чым актывісты кампаніі сканцэнтруюцца ў наступныя тры месяцы парляманцкай выбарчай кампаніі.

 

“Права выбару” будзе татальна закрываць сваім назіраннем усе ўчасткі падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў на 18 выбарчых акругах. Такім чынам, на больш чым 750 выбарчых участках шэсьць дзён будуць назіраць каля 2000 назіральнікаў. Менавіта такую колькасць актывістаў трэнэры кампаніі “Права выбару” падрыхтуюць мэтадалягічна, юрыдычна ды псыхалягічна да назірання на выбарчых участках.

Арганізацыі-заснавальнікі “Права выбару” вылучаць таксама 350 прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі — Вольга Кавалькова, Юры Губарэвіч, Ігар Барысаў, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі і Алесь Сілкоў — распавялі таксама аб тых крытэрах, паводле якіх кампанія “Права выбару” будзе ацэньваць выбары ў Палату Прадстаўнікоў у 2019 годзе. У першую чаргу, будуць прымацца пад увагу 3 фактары: 1) вынікі фармавання выбарчых камісіяў, уключэнне ў склад камісіяў прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў; 2) афіцыйныя дадзеныя па яўцы грамадзянаў на выбарчыя ўчасткі, ці будуць яны падцьвярджацца вынікамі падліку назіральнікаў “Права выбару”; 3) празрысты падлік бюлетэняў, магчымасць для назіральнікаў бачыць працэс падліку бюлетэняў зблізку без перашкодаў.

З пачатку сакавіка гэтага году лідары кампаніі “Права выбару” у сваіх раёнах праводяць сацыяльныя ды мабілізацыйныя кампаніі, падчас якіх адбываецца рэкрутынг патэнцыйных назіральнікаў з шэрагаў грамадзкі актыўных грамадзянаў. На гэты момант ужо 1300 чалавек запісаліся назіральнікамі ў спісы кампаніі “Права выбару”.