keyboard_arrow_up

"Права выбару": Канстытуцыя і свабодныя выбары не павінны быць толькі дэкларацыяй

15.03.2019 12:37

Заява Рады кампаніі назірання “Права выбару-2019” да Дня Канстытуцыі

 

25 гадоў таму была прынятая Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. Яна была прынятая першым парламентам Беларусі, які быў абраны яшчэ пад камунітычнай уладай, што выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс на сваю карысць, але з сумленным падлікам галасоў. Менавіта патрабаванне грамадзтвам сумленнага падліку забяспечыла прысутнасць у Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання сапраўдных прадстаўнікоў народу, якія ініцыявалі ды забяспечылі прыняццё многіх найважнейшых законаў, у тым ліку — Асноўнага Закону.

Канстытуцыя 1994 году заклала неабходныя падмуркі дзеля пабудовы сапраўды вольнай, дэмакратычнай, прававой дзяржавы беларускага народу. Яна утрымлівала гарантыі вяршынства закону для кожнага, гарантыі грамадзянскіх правоў ды свабодаў, гарантыі падзелу ўладаў ды сістэму стрымак ды супрацьвагаў паміж галінамі ўлады, гарантыі для развіцця беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай пры захаванні статусу расейскай у міжнацыянальных стасунках, гарантыі годнага жыцця беларусаў.

На жаль, праз 25 гадоў беларусы пазбаўленыя ўсіх гэтых гарантыяў. Насуперак прынцыпам ды асновам Канстытуцыі сёння ў Беларусі пабудаваная сыстэма аўтарытарнай, цэнтралізаванай у руках кіраўніка краіны улады. Многія падставовыя правы і свабоды, такія як свабода слова, свабода мірных сходаў, свабода абіраць уладу і быць абраным ва ўладу ды іншыя — гранічна абмежаваныя. Нацыянальная мова амаль цалкам выкінутая са школаў, дзяржаўных установаў і СМІ, беларускага войска. Нацыянальная незалежнасць пастаўленая пад пагрозу пагадненнямі ды саюзамі, што супярэчаць Канстытуцыі Беларусі ды нацыянальным інтарэсам.

Кампанія назірання “Права выбару-2019” заяўляе аб неабходнасці неадкладнага аднаўлення асноўных канстытуцыйных прынцыпаў дзеля абароны ды ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці, захавання доўгатэрміновых міру ды стабільнасці ў краіне, забеспячэння эканамічнага росту ды дабрабыту кожнай беларускай сям’і.

Першым важным крокам мы бачым вяртанне сапраўдных, сумленных ды справядлівых выбараў. Толькі абраная на свабодных выбарах улада можа рэалізаваць у поўнай меры ўсе гарантыі ды прынцыпы, што ўтрымлівае ў сабе беларуская Канстытуцыя. Толькі абраная народам на сумленных ды справядлівых выбарах улада павінна мець права ажыццяўляць любыя дзеянні, скіраваныя на змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Са сьвятам беларускай Канстытуцыі!

Жыве Беларусь!

15 сакавіка 2019 году