keyboard_arrow_up

Права выбару-2019: яўку на датэрміновым галасаванні нарошчваюць прыпіскамі і прымусам

14-11-2019

13 лістапада “Права выбару-2019” правяла назіранне за ходам галасавання на 319 выбарчых участках на 9 акругах. Агулам за другі дзень датэрміновага галасавання назіральнікі “Права выбару-2019” падрыхтавалі і падалі 56 скаргаў.

Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі былі: завышэнне яўкі, невывешванне копіі пратакола ў адпаведныя тэрміны, прымус да датэрміновага галасавання, незабеспячэнне ўмоваў захавання скрыні для галаласавання. Шэраг назіральнікаў былі выдаленыя з участка па надуманых падставах. Таксама на Брэсцкай-Усходняй акрузе на ўчастку №37 была зафіксаваная спроба ўкіда бюлетэняў.

Па дадзеным назіральнікаў на Брэсцкай-Усходняй акрузе па стане на 13 лістапада прагаласавалі 5,3% выбарцаў, па дадзеных камісіі, 5,8%, на Віцебскай Чкалаўскай адпаведна 5,1% (6,1%), Гомельскай-Цэнтральнай 3,2% (4%), Гродзенскай-Цэнтральнай 4,7% (4,8%), Бабруйскай-Ленінскай 5,5% (6,5%), Магілёўскай-Ленінскай 4,3% (5,7%), Магілёўскай-Цэнтральнай 5,5% (8,2%), Пушкінскай 6,3% (9%), Коласаўская 8,1% (10%).

Такім чынам, найбольшая розніца паміж падлікамі назіральнікаў і вынікамі камісій зарэгістрваная на Магілёўскай-Цэнтральнай і Пушскінскай акругах (2,7%).

У другі дзень датэрміновага галасавання лідарства па завышэнні яўкі ўзяў участак №422 Пушкінскай акругі – 274 чалавекі. Па дадзеных назіральнікаў, там прагаласавалі 24 чалавекі, па дадзеных камісіі – 298.

«Ужо можна зрабіць выснову, што сёлетняя кампанія праводзіцца па старых алгарытмах», - адзначыў сукаардынатар кампаніі «Права выбару» Зміцер Салошкін.

Па ягоных словах, у прыватнасці выкарыстоўваецца прымус для ўдзела ў датэрміновым галасаванні на тых участках, дзе ёсць інтэрнаты, прадпрыемствы. Па выніку розніца яўкі на такіх участках са з тымі, што знаходзяцца ў спальных раёнах, дасягае 10 разоў. «Асноўная накрутка яўкі, пры гэтым, чакаецца бліжэй да асноўнага дня галасавання», - падкрэсліў Салошкін.

Прадстаўнік кампаніі «Права выбару» адзначыў, што і ў другі дзень датэрміновага галасавання ў камісіях працягвалі не вывешваць пратаколы ў адпаведныя тэрміны. «Гэта сведчыць пра іх разгубленасць і нежаданне агучваць рэальную яўку», - заключыў Салошкін.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя два дні датэрміновага галасавання прагаласавала 11,51%. Гэта вышэй за вынікі выбараў 2016 года, калі яўка на другі дзень быў 9,63%. У кампаніі «Права выбару» таксама адзначаюць, што на акругах, дзе няма назірання кампаніі, яўка ў 2-2,5 разы большая.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2019” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэсу, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах 2019 года кампанія падрыхтавала 851 назіральніка, якія будуць працаваць на 379 участках на 10 выбарчых акругах пад час датэрміновага галасавання і ў дзень асноўнага галасавання 17 лістапада.

Прэс-служба кампаніі

“Права выбару-2019”