keyboard_arrow_up

Права выбару-2019: выбары не былі дэмакратычнымі, галоснымі і празрыстымі

18-11-19

17 лістапада “Права выбару-2019” правяло назіранне за ходам галасавання на 351 выбарчым участку на 9 акругах. Назіральнікі падрыхтавалі і падалі 341 скаргу, агулам за шэсць дзён 622 скаргі.

Па папярэдніх дадзеных назіральнікаў на Брэсцкай-Усходняй акрузе, па стане на 16 лістапада, прагаласавалі 44,7% выбарцаў, па дадзеных камісіі, 56,9%, на Віцебскай Чкалаўскай адпаведна 46,5% (60,9%), Гомельскай-Цэнтральнай 35% (65%), Гродзенскай-Цэнтральнай 51,6% (56,3%), Магілёўскай-Ленінскай 41,1% (76,3%), Магілёўскай-Цэнтральнай 44,8% (72,3%), Пушкінскай 49,2% (62,6%), Коласаўскай 42,7% (64,2%).

Такім чынам, на абсалютнай большасці акругаў, дзе вялося назіранне кампаніяй «Права выбару», выбары не адбыліся. Найбольшая розніца паміж падлікамі назіральнікаў і вынікамі камісій зарэгістраваная на Магілёўскай-Ленінскай акрузе – 35,2%.

Гэтыя дадзеныя могуць яшчэ ўдакладняцца, на некалькіх участках Гомельскай-Цэнтральнай і Гродзенскай-Цэнтральнай акругі назіральнікі не змаглі атрымаць выніковыя пратаколы, і агульная яўка разлічаная без іх уліку (галасаванне па месцу знаходжання даецца па дадзеных камісій).

Асноўнымі парушэннямі ў асноўны дзень галасавання былі адсутнасць галоснага празрыстага падліку галасоў, масавае выдаленне назіральнікаў, асабліва перад падлікам галасоў, забарона рабіць копію пратаколаў вынікаў.

За ўвесь час галасавання на парламенцкіх выбарах з участкаў выдалены 97 назіральнікаў “Права выбару”, паведаміў нацыянальны каардынатар кампаніі Зміцер Салошкін.

«Беларусь не пакарысталася магчымасцю абраць парламент. Нажаль, дэпутаты прызначаныя. Яўка па падліках назіральнікаў і яўка, якую агучылі камісіі, - гэта неба і зямля, не маюць паміж сабой нічога агульнага. Трэцяе, фальсіфікацыі атрымалі візуалізацыю. Мы бачылі, як гэта адбывалася, мы робім высновы. Мы лічым, што выбары не адкрытыя, негалосныя, недэмакратычныя», - заявіў нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2019” Алесь Сілкоў.

Ён падзякваў усім назіральнікам, якія паказалі, што ведаюць законы лепей чым старшыні выбаркамаў, за іх грамадскую мужнасць, за якую яны атрымлівалі абразы, выдаленні з участкаў і немагчымасць праводзіць назіранне.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2019” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэсу, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім.

Прэс-служба кампаніі

“Права выбару-2019”

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!