keyboard_arrow_up

“Права выбару-2018”:Агітацыя за праўладных кандыдатаў адбывалася за кошт дзяржавы

16.02.2018 5:14

Кампанія назірання “Права выбару-2018” падводзіць вынікі агітацыйнай кампаніі.

Адмова ад дзяржаўнага фінансавання агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты пасля зменаў у Выбарчым кодэксе ў 2013 годзе сказалася ў першую чаргу на дэмакратычных кандыдатах. Магчымыя негатыўныя наступствы ўстрымлівалі камерцыйныя арганізацыі, не кажучы ўжо пра дзяржаўныя, ад фінансавання выбарчых кампаній апазіцыйных альбо проста незалежных кандыдатаў. Вынікам гэтага стала дастаткова нязначная колькасць інфармацыйных матэрыялаў, што значна ўскладніла знаёмства выбаршчыкаў з кандыдатамі і ў сваю чаргу скараціла магчымасці для свядомага выбару.

Фарміраванне выбарчых фондаў мела закрыты характар. Інфармацыя аб паступленні сродкаў у фонды кандыдатаў не была публічнай. У агітацыі актыўны ўдзел бралі праўладныя арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (БРСМ, Белая Русь, Федэрацыя прафсаюзаў і г.д). Адбывалася агітацыя ў падтрымку праўладных кандыдатаў праз працоўныя калектывы і арганізацыі, куды не маглі патрапіць дэмакратычныя кандыдаты.

Матэрыялы дэмакратычных кандыдатаў падвяргаліся рэдагаванню. Акруговымі камісіямі ўжываліся маніпуляцыі з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў, а таксама фотаздымкамі, якія прадастаўляліся кандыдатамі.

Дэмакратычныя кандыдаты ў сваёй бальшыні адмаўляліся ад выступаў па радыё ў сілу яго нізкай папулярнасці. Найбольшая колькасць тых, хто скарыстаўся правам на бясплатны 3-хвілінны радыёэфір былі ў Мінску і абласных цэнтрах.

Праўладныя кандыдаты ў дэпутаты праводзілі сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і школаў, а дэмакратычныя аддавалі перавагу вулічным пікетам. Толькі некаторыя дэмакратычныя кандыдаты скарысталіся сваім правам на сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканнях, аднак і яны не былі масавымі.

Пад час агітацыі ствараліся перашкоды дэмакратычным кандыдатам. Напрыклад, кандыдату ў дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе №41 Мінска ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову было забаронена распаўсюджваць свае агітацыйныя матэрыялы на сустрэчы ў школе, якую арганізаваў яго супернік.

Кандыдат у дэпутаты па Матусевічскай выбарчай акрузе №33 Мінска ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Галіна Каржанеўская была пазбаўлена рэгістрацыі за распаўсюд на перадвыбарчым пікеце газеты “Народная Воля”, а кандыдат у дэпутаты ад АГП Генадзь Верацінскі ўвогуле атрымаў папярэджанне за пікет, якога не было.

Былі адрэдагаваныя біяграфічныя дадзеныя старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксея Сігаева, старшыні “Руху “За Свабоду” Юрыя Губарэвіча і шэрагу іншых дэмакратычных кандыдатаў.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў адзначае, што да дэмакратычных кандыдатаў, пад час вядзення агітацыі, было адмысловае стаўленне.

- Мы ведаем, што ні адзін дэмакрат не патрапіў на сустрэчы з працоўнымі калектывамі і на яго рахунак у яго падтрымку ні адна камерцыйная ці дзяржаўная арганізацыя не перавяла сродкі. Мы ведаем, як працавалі цэнзары з ліку сябраў акруговых камісій, якія рабілі ўсё дзеля таго, каб выставіць дэмакратычных кандыдатаў менш прывабнымі ў параўнанні з іх канкурэнтамі. Усё гэта сведчанні таго, што для праўладных кандыдатаў ёсць адміністрацыйны рэсурс, а для дэмакратычных толькі абмежаванні і перашкоды, - гаворыць палітык.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках. Татальнае назіранне кампанія “Права выбару-2018” здзяйсняе на 32 выбарчых акругах у розных рэгіёнах Беларусі. 

Поўны тэкст справаздачы па агітацыі даступен па спасылцы тут. 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”