keyboard_arrow_up

Права выбару-2018 заклікае старшынь участковых камісій правесці адкрыты і галосны падлік галасоў

17.02.2018 8:16

16 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 151 выбарчым участку. Агулам у чацвёрты дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 302 назіральнікі, якія падрыхтавалі і падалі 31 скаргу. Агульная колькасць пададзеных за чатыры дні скаргаў склала лічбу 120.

У чацвёрты дзень датэрміновага галасавання выбары запоўніліся ўжо стаўшымі для ўсіх звычайнасцю выбарчымі “каруселямі” і выклікамі міліцыі на выбарчыя ўчасткі.

Кандыдат у дэпутаты па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў Юрый Губарэвіч выклікаў міліцыю на выбарчыя ўчаскі №11 і №12 пасля таго, як яго назіральнікі паведамілі пра разыходжанне ў іх падліках з афіцыйнымі звесткамі ў некалькі разоў. Пасля прыезду міліцыі не былі правераны журналы выдачы бюлетэняў, а за сваю ініцыятыву старшыня “Руха “За Свабоду” атрымаў ад акруговай выбарчай камісіі папярэджанне.

У Магілёве міжпартыйны каардынатар Алег Аксёнаў паведамляе пра прысутнасць на ўчастках №82 і №83 супрацоўніцы з выканкаму, якая дэманстратыўна на выбарчых участках Казіміраўскай выбарчай акругі №29 па выбарах у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў заклікала старшынь выбарчых камісій не звяртаць увагі на працу незалежных назіральнікаў і не прымаць ад іх скаргаў.

У Мінску на выбарчым участку №73 Кунцаўшчынскай выбарчай акругі №34 назіральнікі зафіксавалі выпадак, калі выбаршчык прагаласаваў не маючы рэгістрацыі на гэтым участку. Са словаў назіральнікаў хлопец здымаў сваё галасаванне на мабільны тэлефон, пасля чаго гучна задаў пытанне на якой падставе яму выдалі бюлетэнь для галасавання. Пасля гэты грамадзянін прызнаўся, што яму атрымалася па свайму пашпарту прагаласаваць яшчэ на адным выбарчых участку.

Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій. У некаторых выпадках члены камісіі забараняюць назіральнікам зрабіць копію пратакола з дапамогай мабільных тэлефонаў.

Найбольшае разыходжанне ў яўцы было зафіксаванае на Мастоўскай выбарчай акрузе №7 па выбарах у Мастоўскі раённы Савет дэпутатаў. На гэтай акрузе паводле афіцыйнай інфармацыі ўжо прагаласавала 43,2% выбаршчыкаў, аднак паводле інфармацыі назіральнікаў – 17%. Разыходжанне паміж звесткамі склала 26,2%. Падобнае завышэнне яўкі было зафіксавана на Маскоўскай выбарчай акрузе №21 па выбарах у Гомельскі Савет дэпутатаў. Афіцыйна там прагаласавала 17%, аднак паводле назіральнікаў – 7,3%. Разыходжанне склала 9,7%. На Загорскай выбарчай акрузе №37 па выбарах у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў паводле афіцыйнай інфармацыі ўжо прагаласавала 22,9% выбаршчыкаў, аднак паводле інфармацыі назіральнікаў –9,1%. Разыходжанне склала 13,8%.

Рэкардсменам па завышэнні яўкі выбаршчыкаў у абсалютных лічбах стаў выбарчы ўчастак №34 Старавіленскай выбарчай акругі №41 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў (прыйшло 21 чал., у пратаколе - 362).

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што ўладзе яшчэ не позна павярнуцца тварам да народа, асабліва пад час падліку галасоў:

- Улада пачала нервова рэагаваць на нашых назіральнікаў, якія патрабуюць выканання дзеючага заканадаўства. Мы ведаем, што на членаў выбарчых камісій ціснуць з выканкамаў і навязваюць ім гэтыя схемы з “карусельшчыкамі”, штучным завышэннем яўкі і правакацый адносна назіральнікаў. Мы заклікаем старшынь участковых выбарчых камісій выконваць выбарчае заканадаўства і правесці адкрыты і галосны падлік галасоў.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя чатыры дні датэрміновага галасавання прагаласавала 27,03% выбаршчыкаў.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках. Татальнае назіранне кампанія “Права выбару-2018” здзяйсняе на 32 выбарчых акругах у розных рэгіёнах Беларусі. 

 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”