keyboard_arrow_up

Права выбару-2018: Яўка не перавышала 50%

20.02.2018 6:01

Кампанія назірання “Права выбару-2018” у асноны дзень галасавання здзяйсняла назіранне на 311 участках у 59 выбарчых акругах. Агулам у асноўны дзень галасавання працавалі 622 назіральнікі. 18 лютага імі было пададзена 327 скаргаў. З улікам датэрміновага галасавання агульная колькасць склала 469 скаргаў.

Упершыню ў асноўны дзень галасавання працаваў прэсавы цэнтр “Права выбару-2018”, і двойчы на пряцягу дня ён сутыкнуўся з праблемамі відавочна створанымі ўладнымі структурамі. У першым выпадку пад ціскам адміністрацыі завода “Гарызонт” культурны цэнтр “Корпус” пазбавіў нас памяшкання ўжо пад час вядзення першай ан-лайн трансляцыі. У другім выпадку ў момант старта трэцяй трансляцыі, дакладна а 19.00 гадзіне, нечакана быў заблакаваны IP-адрас кабельнага інтэрнэта ў запасной студыі прэс-цэнтра. Тым не менш, нягледзячы на створаныя нам праблемы мы выканалі парадак дня і арганізавалі тры ан-лайн уключэнні. 

За час незалежнага назірання былі пазбаўлены акрэдытацыі 19 назіральнікаў кампаніі. У 16 выпадках члены ўчастковых выбарчых камісій адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі, у 9 выпадках назіральнікам не былі створаны належныя ўмовы для арганізацыі назірання за выбарамі. Асноўныя скаргі назіральнікаў былі звязаныя з разыходжаннем яўкі выбаршчыкаў паводле падлікаў назіральнікаў і афіцыйнай інфармацыяй, а таксама адсутнасцю адкрытага і галоснага падліку галасоў.

Найбольш праблемным месцам гэтай выбарчай кампаніі стала разыходжанне ў лічбах яўкі, якую фіксавалі назіральнікі і якую падавалі ў афіцыйных пратаколах камісіі. Разыходжанне складала ад 1 да 30%. Мы сцвярджаем, што на ўчастках, дзе прысутнічалі назіральнікі кампаніі “Права выбару-2018” толькі ў некаторых выпадках яўка перавышала 50%.

Пад час датэрміновага галасавання яўка на выбарчых участках, дзе адбывалася назіранне кампаніі “Права выбару-2018” паводле нашых дадзеных склала 18,22%. Але паводле афіцыйных дадзеных на гэтых жа ўчастках яўка складала 25,46%, што істотна розніцца нават з агучанай яўкай Цэнтрвыбаркамам у 34,95%.

Найбольшая яўка па падліках назіральнікаў была зафіксаваная на Бярозаўскай выбарчай акрузе №17 па выбарах у Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў - яна склала 62%. Такім чынам, нягледзячы на “арганізацыйную працу, якую праводзілі прадпрыемствы” са словаў кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай на выбарчыя ўчасткі прыйшло менш паловы выбаршчыкаў. Афіцыйная ж яўка за ўвесь перыяд галасавання склала 77,05%.

У асноўны дзень галасавання былі таксама зафіксаваныя выпадкі ажыццяўлення так званых выбарчых “каруселяў”, а таксама завышаная колькасць выбаршчыкаў, якія жадалі прагласаваць на даму. Абсалютны рэкорд быў пастаўлены на выбарчым участку №42 Каладзішчанскай выбарчай акругі №16 па выбарах у Мінскі абласны Савет дэпутатаў. З 2495 выбаршчыкаў па месцу знаходжання запісалася прагаласаваць 1492 чалавекі.

Вынікамі выбараў стала значная колькасць дэпутатаў, якія былі абраныя ад праўладных партый. 17 з 57 дэпутатаў (29,8%), якія былі абраныя ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнікамі праўладных палітычных партый.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што Беларусь у чарговы раз зрабіла крок назад у развіцці ўнутранай дэмакратыі:

- На 252 з 304 выбарчых учатках па звестках нашых назіральнікаў галасаванне не было адкрытым і празрыстым. На астатніх 52 участках мы ўдакладняем інфармацыю, спраўджваем фота і відэазапісы. Амаль на ўсіх выбарчых участках нашыя назіральнікі не мелі магчымасці знаходзіцца блізка каля сталоў з бюлетэнямі і бачыць адкрыты і галосны падлік галасоў. Калі мы гэтага не бачым, то можам толькі канстатаваць, што ў часткі нашых дэмакратычных кандыдатаў скралі перамогу, а ў часткі грамадства – будучыню.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”