keyboard_arrow_up

Права выбару-2018: Выбарчыя “каруселі” дабраліся і да абласных цэнтраў

16.02.2018 9:53

15 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 153 выбарчых участках. Агулам у трэці дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 306 назіральнікаў, якія падрыхтавалі і падалі 36 скаргаў. Агульная колькасць пададзеных за тры дні скаргаў склала лічбу 89.

У трэці дзень датэрміновага галасавання найбольш яркай падзеяй стала выяўленне выбарчых “каруселяў”. У Мінску групы людзей на аўтамабілях і службовых мікрааўтобусах курсіравалі па выбарчых участках і візуальна стваралі масавасць і яўку. Такія групы былі заўважаныя і заснятыя на відэа назіральнікам кандыдата у дэпутаты ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Мікалая Казлова і намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксеем Сігаевым.

Выбарчая “карусель” упершыню была заўважана і ў Магілёве. У памяшканні сярэдняй школы №17, дзе знаходзіцца тры выбарчых участкі, у 10:30 з’явілася арганізаваная група выбаршчыкаў у колькасці каля 10 чалавек, якая прагаласавала адразу на трох участках. Праз гадзіну з’явілася яшчэ адна група, якая паўтарыла той жа сцэнар.

У трэці дзень датэрміновага галасавання найбольшае разыходжанне звестах назіральнікаў з афіцыйнай інфармацыяй было зафіксавана на наступных выбарчых акругах: у Мінску яўка на Старавіленскай выбарчай акругі №41 па дадзеным назіральнікаў за тры дні склала 6,2%,а паводле афіцыйных звестак – 10,6%; у Мастах на Мастоўскай выбарчай акрузе №7 - 11,5%, а паводле афіцыйнай інфармацыі -  30,9%; у Бабруйску на Камбінатаўскай выбарчай акрузе №38 - 6,1%, а паводле афіцыйнай інфармацыі -  9,5%.

Рэкардсменам па завышэнні яўкі выбаршчыкаў стаў выбарчы ўчастак №27 Старавіленскай выбарчай акругі №41 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў (прыйшло 13 чал., у пратаколе - 136).

Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій.

У Гродне назіральнікі фіксуюць выпадкі, калі праўладныя назіральнікі бяруць шаблоны заяваў у старшынь выбарчых камісій і пішуць у іх, што на выбарчым участку не было ніякіх парушэнняў.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што ўлада пачала губляць свой мабілізацыйны патэнцыял:

- Тое, што выбарчыя “каруселі” мы заўважылі ў рэгіёнах – яскравае сведчанне таго, што ўлада мае праблему са стымуляваннем людзей да выбараў не толькі ў Мінску. Мы становімся сведкамі не актыўнага і свядомага байкоту, а пасіўнага неўдзелу грамадзян у выбарах. Ад таго, што ў нас няма адкрытых і свабодных выбараў - улада і людзі з кожным годам толькі аддаляюцца адзін ад аднаго, а выбары пераўтвараюцца ў цырымонію. Цяжка назіраць за тым, як у беларусаў крадуць будучыню.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя тры дні датэрміновага галасавання прагаласавала 18,73% выбаршчыкаў.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках. Татальнае назіранне кампанія “Права выбару-2018” здзяйсняе на 32 выбарчых акругах у розных рэгіёнах Беларусі. 

 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”