keyboard_arrow_up

"Права выбару-2018": устаноўлены рэкорд па датэрміновым галасаванні, яўка не перавысіла 50%

19.02.2018 12:34

Агульнанацыянальная кампанія назірання "Права выбару-2018" выступіла з заявай па выніках галасавання на мясцовых выбарах.

Кампанія назірання "Права выбару-2018" у асноўны дзень галасавання здзяйсняла назіранне на 311 участках у 59 выбарчых акругах. Агулам у асноўны дзень галасавання працавалі 622 назіральнікі. 18 лютага імі было пададзена 327 скаргаў. З улікам датэрміновага галасавання агульная колкасць  склала 469 скаргаў.

Упершыню ў асноўны дзень галасавання працаваў прэсавы цэнтр "Права выбару-2018", і двойчы на працягу дня ён сутыкнуўся з праблемамі, відавочна створанымі ўладнымі структурамі. У першым выпадку пад ціскам адміністрацыі завода "Гарызонт" культурны цэнтр "Корпус" пазбавіў нас памяшкання ўжо пад час вядзення першай анлайн-трансляцыі. У другім выпадку ў момант старта трэцяй трансляцыі, дакладна а 19 гадзіне, нечакана быў заблакаваны IP-адрас кабельнага інтэрнэта ў запасной студыі прэс-цэнтра. Тым не менш, нягледзячы на створаныя нам праблемы, мы выканалі парадак дня і арганізавалі тры анллайн-уключэнні.

За час незалежнага назірання былі пазбаўленыя акрэдытацыі 19 назіральнікаў кампаніі. У 16 выпадках члены ўчастковых выбарчых камісій адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі, у 9 выпадках назіральнікам не былі сттвораныя ўмовы належныя ўмовы для назірання за выбарамі. Асноўныя скаргі назіральнікаў былі звязаныя з разыходжаннем яўкі выбаршчыкаў паводле падлікаў назіральнікаў і афіцыйнай інфармацыяй, а таксама адсутнасцю адкрытага і галоснага падліку галасоў.

Найбольш праблемным месцам гэтай выбарчай кампаніі стала разыходжанне ў лічбах яўкі, якую фіксавалі назіральнікі і якую падавалі ў афіцыйных пратаколах камісіі. Разыходжанне складала ад 1 да 30%. Мы сцвярджаем, што на ўчастках, дзе прысутнічалі назіральнікі кампаніі "Права выбару-2018", яўка не перавышала 50%.

Пад час датэрміновага галасавання яўка на выбарчых участках, дзе адбывалася назіранне кампаніі "Права выбару-2018", паводле нашых звестак, склала 18,22%. Але паводле афіцыйных дадзеных на гэтых жа ўчастках яўка складала 25,46%, што істотна адрозніваецца нават ад агучанай Цэнтрвыбаркамам яўкі - 34,95%.

Найбольшая яўка па падліках назіральнікаў была зафіксаваная на Бярозаўскай выбарчай акрузе №17 па выбарах у Гродзенскі гарадскі савет дэпутатаў - 62%. Такім чынам, нягледзячы на "арганізацыйную працу, якую праводзілі прадпрыемствы" са словаў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, на выбарчыя ўчасткі прыйшло менш за палову выбаршчыкаў. Афіцыйная ж яўка ўза ўвесь перыяд галасавання склала 77,05%.

У асноўны дзень галасавання былі таксама зафіксаваныя выпадкі ажыццяўлення так званых "выбарчых каруселяў", а таксама завышаная колькасць выбаршчыкаў, якія жадалі прагаласаваць дома.

Вынікамі выбараў стала значная колькасць дэпутатаў, якія былі абраныя ад праўладных партый. 17 з 57 дэпутатаў (29,8%), якія былі абраны ў Мінскі абласны савет дэпутатаў, з'яўляюцца прадстаўнікамі праўладных палітычных партый.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання "Права выбару-2018" Алесь Сілкоў лічыць, што Беларусь у чарговы раз зрабіла крок назад у развіцці ўнутранай дэмакратыі:

-На 252 з 304 выбарчых участкаў, па звестках нашых назіральнікаў, не было адкрытым і празрыстым. На астатніх 52 участках мы ўдакладняем інфармацыю, спраўджваем фота і відэазапісы. Амаль на ўсіх выбарчых участках нашыя назіральнікі не мелі магчымасці знаходзіцца блізка каля сталоў з бюлетэнямі і бачыць адкрыты і галосны падлік галасоў. Калі мы гэтага не бачым, то можам толькі канстатаваць, што ў часткі нашых дэмакратычных кандыдатаў скралі перамогу, а ў часткі грамадства - будучыню.

Нагадаем, што ў кампанію назірання "Права выбару-2018" уваходзяць восем арганізацый: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысцінская дэмакратыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, рух "За свабоду" і незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.