keyboard_arrow_up

“Права выбару-2018”: Уладзе варта праводзіць адкрыты падлік галасоў, а не рабіць правакацыі адносна сваіх апанентаў

12.02.2018 11:33

Кампанія назірання “Права выбару-2018” выказвае пратэст беларускаму тэлебачанню адносна рэпартажаў на тэлеканалах “Беларусь-1” і “АНТ”, якія былі паказаныя 8 лютага.

У сюжэтах прапагандысты справабавалі выставіць кампанію ў нявыгадным свеце,  дыскрэдатаваць яе кіраўнікоў, падарваць дамер паміж дэмакратычнымі арганізацыямі.

Усё гэта ніяк не стасуецца з задачамі, якія былі пастаўлены Аляксандрам Лукашэнка пры прызначэнні новых кіраўнікоў дзяржаўных СМІ і сведчыць пра тое, што ў сваёй працы яны недалёка адышлі ад сваіх адыёзных расійскіх калегаў.

Рэпартажы дзяржаўных тэлеканалаў каментуе Нацыянальны каардынатар “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў:

- Тое, што на нас звярнулі ўвагу на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў з’яўляецца сведчаннем таго, што кампанія працуе ў правільным напрамку. Ад улады мы дабіваемся выканання Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса, ужывання правапрымяняльнай практыкі пад час арганізацыі і правядзення выбараў, якая бы не разыходзілася са здаровым сэнсам. Гэта ўсё яе нярвуе і раздражняе, бо нашымі справаздачамі аб ходзе выбарчых кампаній карыстаюцца як звычайныя грамадзяне, так і журналісты, дыпламаты і кіраўнікі місіі АБСЕ, якія робяць адпаведныя высновы аб выбарах у Беларусі.

Палітык паведамляе, што запіс размовы, які патрапіў да дзяржаўных прапагандыстаў, быў зроблены 1 лютага на кватэры адного з актывістаў у Мінску, на якой адбывалася працоўная сустрэча часткі сябраў Сакратарыяту кампаніі назірання.

- Запіс размовы з’яўляецца сапраўдным, аднак моцна парэзаным. Не выключаю, што атрыманы ён быў з дапамогай спецслужбаў. Кожны разумны чалавек разумее, што калі рыхтуецца назіранне, то распрацоўваецца метадалогія, праводзіцца падрыхтоўка назіральнікаў праз трэнінгі, арганізоўваецца праца інфармацыйнага аддзелу і сыходзячы з вопыта мінулых кампаній рыхтуюцца шаблоны найбольш папулярных скаргаў, якія ў выпадку патрэбаў скарыстоўваюцца назіральнікамі. Мы абмяркоўваем магчымасць падачы заявы ў пракуратуру з прычыны незаконнай праслухоўкі, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Нацыянальны каардынатар адзначае, што незалежныя назіральнікі ніколі не правакуюць членаў выбарчых камісій. “Права выбару” на працягу некалькіх год дамагаецца адкрытага і галоснага падліку галасоў. Паводле кампаніі кожны назіральнік і член камісіі павінен бачыць бюлетэнь, насупраць каго з кандыдатаў стаіць галачка і гэтая інфармацыя павінна быць агучана ўслых іншым прысутным.

- Пакуль нашыя назіральнікі стяць на адлегласці 3-10 метраў ад сталоў з бюлютэнямі і бачаць толькі пышныя формы членаў камісій, а не бюлетэні з іх змесцівам, мы не можам сказаць, што галасаванне было адкрытым і галосным. Гэта парушэнне артыкула 13 Выбарчага кодэкса. Назіральнікі гэта фіксуюць і ўсё гэта ідзе ў выніковую справаздачу, якая пішацца не за адзін дзень, а цягам усёй выбарчай кампаніі. У выпадку патрэбы гэтай інфармацыяй скарыстоўваюцца кандыдаты пад час напісання скаргі пры абскарджванні вынікаў выбараў, - працягвае Алесь Сілкоў.

Кампанія назірання “Права выбару-2018” раіць дзяржаўным прапагандыстам загадзя рыхтаваць матэрыялы з мэтай узвышэння свайго прафесіяналізму і аператыўнасці працы, а не дэманстраваць сваю адсталасць у паразуменні арганізацыйнай працы.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. На выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць больш за 600 назіральнікаў.

 

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!