keyboard_arrow_up

Права выбару-2018: У Мінску пабіты рэкорд завашыння яўкі  – больш чым у 17 разоў!

15.02.2018 8:37

14 лютага “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам галасавання на 151 выбарчым участку. Агулам у другі дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках працавала 302 назіральнікі.

За другі дзень датэрміновага галасавання назіральнікі “Права выбару-2018” падрыхтавалі і падалі 45 скаргаў. Агульная колькасць пададзеных за два дні скаргаў склала лічбу 53.

У другі дзень датэрміновага галасавання лідэрства па завышэнні яўкі ўзяў участак №27 Старавіленскай выбарчай акругі №41 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Паводле звестак назіральнікаў у другі дзень галасавання на ўчастку прагаласавала ўсяго 10 чалавек, а ў пратакол была ўнесена лічба 174! Завышэнне яўкі на гэтай жа акрузе на ўчастках №23 было ў 16 разоў (4 прыйшло, 65 у пратаколе), №24 – у 5 разоў (11 прыйшло, 56 у пратаколе), №32 – у 5 разоў (14 прыйшло, 74 у пратаколе).

Тым часам лідэр учарашняга дня па завышэнні яўкі Карбышаўская выбарчая акруга №50 па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў замацавала за сабой другое месца. На выбарчых участках №27-32 назіральнікамі зафіксавана завышэнне яўкі ад 1,5 да 10 разоў!    

Падобная тэндэнцыя стала заўважна і ў рэгіёнах. У Магілёве на выбарчых участках №75, 78, 79, 86 Загорскай выбарчай акругі №37 завышэнне яўкі склала ад 3 да 4 разоў.

Назіральнікі фіксуюць таксама і выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Зафіксаваныя выпадкі галасавання групамі – студэнтаў, салдат, жыхароў інтэрнатаў. Так, на выбарчым участку №84 Казіміраўскай выбарчай акругі №29 назіральнік зафіксаваў групу салдат у колькасці 30 чалавек, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак у суправаджэнні палкоўніка. У Гродна на выбарчым участку №14 Захараўскай выбарчай акругі №14 член камісіі, а таксама камендант інтэрната прымушала жыхароў да датэрміновага галасавання.

Акрамя завышэння яўкі выбаршчыкаў даверанай асобай Анатолем Лябедзька кандыдата ў дэпутаты Мікалая Казлова на Старавіленскай выбарчай акрузе №41 выяўлена група людзей (“карусельшчыкаў”), якая курсіруе па розных ўчастках і галасуе ў падтрымку праўладнага кандыдата.

Застаюцца традыцыйнымі выпадкі з неналежным захаваннем скрынь для галасавання, а таксама непрадастаўленні інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў адзначае, што ўлада выкарыстоўвае ўсе магчымая спосабы для мабілізацыі людзей пры правядзенні выбараў:

- Мы сталі сведкамі таго, як накручваецца яўка і як курсіруюць групы так званых “карусельшчыкаў”. Навошта ўсё гэта рообіцца? Улада спрабуе паказаць, што на выбары ідуць людзі, а гэта хай сабе але ўскоснае сведчанне таго, што людзі сваім удзелам легітымізуюць выбары.Задзейнічана велізарная колькасць візуальнай рэкламы, рэкламы па тэлебачанні, радыё, нават у метро і тралейбусах заклікаюць прыйсці на выбары. Аднак нашы назіральнікі фіксуюць адваротнае – на выбары людзі ідуць вельмі слаба. Цяжка сабе ўявіць, што адбываецца на выбарчых участках, дзе няма нашых назіральнікаў. Там выбарчыя камісіі ў сваіх дзеяннях не абмежаваныя нічым і нікім.

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама за першыя два дні датэрміновага галасавання прагаласавала 11,06% выбаршчыкаў.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці. У асноўны дзень галасання па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў кампанія плануе выставіць 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках. Татальнае назіранне кампанія "Права выбару-2018" здзяйсняе на 32 выбарчых акругах у розных рэгіёнах Беларусі. 

З інфаграфікай аб звестках прагаласаваўшых афіцыйна і звестках назіральнікаў кампаніі назірання "Права выбару-2018" можна азнаёміцца тут. 

Прэс-служба кампаніі “Права выбару-2018”