keyboard_arrow_up

“Права выбару-2018” назвала асноўныя прычыны нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў

8.02.2018 7:43

Сярод іх – недакладныя звесткі ў дэкларацыях, памылкі ў пратаколах і недакладнасці ў сабраных подпісах.  

Калі адмовы ў рэгістрацыі пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ад партый яшчэ можна было абскардзіць паспяхова – то самавылучэнцам абвергнуць абвінавачанні ў несапраўднасці сабраных подпісаў, як правіла, было значна складаней.   

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў (на фота ў цэнтры) лічыць, што ў часе выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў было шэраг абскарджванняў нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў, якія мелі станоўчыя вынікі.

Прыклады кандыдатаў у дэпутаты Галіны Каржанеўскай (БХД), Дзмітрыя Кучука (“Зялёныя”), Мікіты Семяненка (Рух “За Свабоду”) былі станоўчымі і паказваюць, што незарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты варта выкарыстоўваць усе легальныя магчымасці для таго, каб адстаяць сваё права быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты.

- Аднак дагэтуль застаюцца нявырашаныя пытанні з нерэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты праз няправільна запоўненыя дэкларацыі, прыдзіркі да якасці подпісаў, ці памылкі ў пратакол аб вылучэнні кандыдатаў. У людзей павінна быць права на выпраўленне тэхнічных памылак і яны не павінны быць перапонай на іх шляху ў дэпутаты, - лічыць Алесь Сілкоў.

Палітык таксама адзначыў, што новым ў кампаніі 2018 года стала большая актыўнасць праўладных палітычных партый, якія агулам вылучылі 695 кандыдатаў у дэпутаты, што больш у параўнанні з 2014 годам на 253 кандыдаты.

- Верагодна, што праўладныя партыі спрабуюць правесці ўнутраную мабілізацыю і паглядзець свой колькасны скдад, а таксама на што яны здатныя ў склаўшайся палітычнай сістэме, аднак мы бачым, што яны не далёка адышлі ад апазіцыі. Ўся асноўная іх актыўнасць сканцэнтраваная ў сталіцы і абласных цэнтрах. У раёнах шмат безальтарнатыўных акруг і сярод больш чым 18 тысяч акругаў кандыдаты як ад апазіцыі, так і ад праўладных палітычных партый проста губляюцца, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Нацыянальны каардынатар “Права выбару-2018”  адзначае, што праўладныя партыі маглі актывізавацца на фоне нарастаючых чутак адносна зменаў у выбарчым заканадаўстве і пераходзе ў будучым на прапарцыйную альбо змешаную выбарчую сістэму.

Нагадаем, што ў кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Рыдыёэлектроннай прамысловасці.

Галоўнай мэтай кампаніі назірання “Права выбару-2018” з’яўляецца актыўнае назіранне, накіраванае не толькі на фіксацыі выяўленых парушэнняў, аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім. На выбарах у мясцовыя Саветы 2018 года кампанія плануе датэрміновае назіранне і назіранне ў асноўны дзень галасавання. Плануецца, што ў назіранне будзе задзейнічана каля 700 назіральнікаў.