keyboard_arrow_up

Прадстаўнікоў БНФ ва ўчастковых камісіях – найменьшая колькасьць ад 2003 году

5.01.2018 12:43

У межах кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў  у Беларусі да 3 студзеня 2018 году рашэньнямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацыяў былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі.

У межах кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў  у Беларусі да 3 студзеня 2018 году рашэньнямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацыяў былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Як вынікае з папярэдніх паведамленьняў назіральнікаў, у склад камісій атрымалася патрапіць толькі адзінкам з вылучэнцаў Партыі БНФ: у Брозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці ў склад выбарчых камісій участкаў №10, №29 і №30 уключылі па адным прадстаўніку БНФ.

Агулам па краіне было вылучана каля 60 сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісі па тых акругах, дзе будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ. Як выглядае, гэтая выбарчая кампанія стане антырэкорднай па найменьшай уключанасьці сябраў БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісіі за апошнія гады: меньшая колькасьць была толькі пад час мясцовых выбараў 2003 году, калі ва ўчастковую камісію патрапіў увогуле толькі адзін прадстаўнік партыі. Для параўнаньня, на мясцовых выбарах 2010 года ва ўчастковых выбаркамах працавала 17 фронтаўцаў.  

Сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін:

- Улады цалкам адмовілі ва ўключэньні прадстаўнікоў БНФ у выбарчыя камісіі ў Менску – з 22 чалавек, якія вылучаліся па Партызанскім, Першамайскім, Савецкім і Маскоўскім раёнах у склад камісій не ўключылі ніводнага чалавека. Вылучэнцам іншых дэмакратычных партыяў у абсалютнай большасьці выпадкаў таксама было адмоўлена. Адметна, што сталіцу яны зачысьцілі цалкам, да стэрыльнасьці. Ды і ў прысталічным Менскім раёне ніводнаму з трох вылучэнцаў БНФ не далі месца ў камісіі. З выканкамаў ім нават не тэлефанавалі для спраўджваньня зьвестак. Таксама нікога з вылучэнцаў БНФ не ўключылі ў камісіі ў Віцебску, Магілёве, Гародні, Слуцку, Салігорску ды іншых гарадах – паведаміў Зьміцер Салошкін.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў палітычную ацэнку этапу фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў і неўключэньню ў іх склад прадстаўнікоў Партыі БНФ:

- Бачна, што на гэтых выбарах колькасьць сябраў выбарчых камісіяў, якія настроеныя сапраўды лічыць галасы выбаршчыкаў, будзе найменьшая. Астатнія, гэтыя ўсе прадстаўнікі БРСМ, Белай Русі, Чырвонага крыжа, аб'яднаньня вэтэранаў, прафсаюзных структураў ФПБ, саюза жанчын, а таксама фантомных партыяў накшталт Рэспубліканскай ці Сацыяльна-спартовай – яны маюць на гэтых выбарах зусім іншыя задачы, скіраваныя на забеспячэньне распрацаванага ўладамі сцэнару.

На мясцовых выбарах супадаюць два фактары, якія абумоўліваюць больш жорсткі адсеў прадстаўнікоў апазыцыі ад удзелу ў участковых выбарчых камісіях. Па-першае: няма міжнародных місіяў назіраньня, таму уладам няма сэнсу прадстаўляць прысутнасьць апазыцыі ў выбаркамах у якасьці індыкатара "дэмакратычнасьці" выбарчага працэсу. Па-другае: нягледзячы на тое, што афіцыйны парог яўкі адсутнічае, ведамства Ярмошынай замаўляе ад сваіх падначаленых амаль 80% яўкі, а значыць, дамагчыся патрэбнай лічбы супрацоўнікам участковых камісіяў будзе яшчэ больш складанай задачай, чым, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах, дзе так альбо інакш нейкая колькасьць людзей на выбарчыя ўчасткі прыходзіць.

У цэлым этап фармаваньня ўчастковых камсіяў сьведчыць: улады не проста рыхтуюцца да рэалізацыі звыклага адміністратыўнага сцэнару правядзеньня выбараў, калі абвешчаныя вынікі маюць мала агульнага з сапраўдным волевыяўленьнем выбаршчыкаў, яны хочуць рэалізаваць гэты сцэнар у найбольш грубы, нахабны і бессаромны спосаб" – падкрэсліў лідэр БНФ Рыгор Кастусёў.

Скаргі на неўключэньне прадстаўнікоў Партыі БНФ ў выбарчыя камісіі пададзеныя менскай гарадзкой партыйнай арганізацыяй у суды Партызанскага, Першамайскага і Маскоўскага раёнаў Менску.

У судзе Партызанскага раёна разгляд скаргі на рашэньне пра фармаваньне ўчастковых камісіяў па Партызанскім раёне Менску прызначаны на 5 студзеня, судовае пасяджэньне распачнецца а 14:30 па адрасе вул. Сямашкі, 33, Дом правасуддзя, пакой 4152.

 

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!