keyboard_arrow_up

"Паваліўся на падлогу, у выніку чаго нанёс сабе пашкоджанні". Справу збітага тэлеаператара адправілі на дапрацоўку

19.02.2018 17:07

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адправіў справу Андруся Козела на дапрацоўку, сам тэлеаператар на волі.

Аператара судзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска за «непадпарадкаванне міліцыянтам». Журналісту можа пагражаць штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490-1225 рублёў) альбо адміністратыўны арышт да 15 сутак.

Напярэдадні Андруся Козела, які з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты, груба затрымалі чатыры міліцыянты, разбіўшы ягонай галавой шкляныя дзверы.

«Тры разы ўдарылі па галаве, білі па рэбрах і нырках. Цяпер вельмі баліць галава, ніякай медычнай дапамогі не аказалі, усе просьбы ігнаравалі. У мяне ўсё было ў крыві. Мяне павезлі ў РУУС. У дзяжурнай частцы я пачаў пісаць заяву пра збіццё ў пракуратуру. Пасля забралі мяне ў іншы пакой, забралі ўсе рэчы. Пасля туды з’ехаліся чыноўнікі ў цывільным, - цытуе Андруся Козела Белсат. - Ціску ў ЦІП не было, але не давалі копію пратаколу. Ва ўсіх месцах, дзе патрабавалі мой подпіс, напісалі, што я адмовіўся ад сведчанняў Дзімтрый Кротаў даў загад міліцыянту адвезці мяне ў ЦІП. Мне не далі магчымасці азнаёміцца са справай. Маёр забраў мой ліст і напісаў у пратаколе, што я адміовіўся ад подпісу. Ён паставіў мяне да сцяны, пісаў пратакол, кудысці званіў і гаварыў, што не буду падпісваць. Я сказаў, што буду падпісваць, але ён не даў мне азнаёміцца. Пачаў біць і крычаць, што не будзе праз мяне ўсю ноч тут сядзець».

Прапаршчык Уладзіслаў Бушынскі з Цэнтральнага РАУС Мінска, які збіваў Андруся Козела, расказаў сваю версію інцыдэнту:

«Мы яго выводзілі, але перад дзвярыма пачаў актыўна супраціўляцца, упёрся нагой у дзверы, у выніку чаго пашкодзіў шкло, пасля паваліўся на падлогу, у выніку чаго нанёс сабе пашкоджанні. Ніякая сіла спачатку не прымянялася, яго толькі ўтрымлівалі. Ён замахнуўся, пасля чаго прымянілі фізічную сілу. Я выклікаў групу затрымання».

На фота: аператар Андрусь Козел пасля збіцця міліцыянтамі. Бачныя сляды ад удараў па галаве