keyboard_arrow_up

Парлямэнцкія выбары: колькі апазыцыянэраў прапусьцілі ў акруговыя выбарчыя камісіі

4.09.2019 13:55

Радыё Свабода вывучыла склад акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіў і зрабіла цікавыя высновы:

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала статыстыку складу акруговых выбарчых камісіяў, скліканых для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў.

 

Што за камісіі

Простыя выбарнікі часьцей бачаць прадстаўнікоў участковых выбарчых камісіяў — гэта яны ладзяць галасаваньне, лічаць галасы і прымаюць скаргі, а таксама ўдакладняюць сьпісы выбарнікаў, інфармуюць пра час і месца галасаваньня, рыхтуюць урны і кантралююць тэрыторыю. Але гэтыя камісіі пакуль не ўтвораныя — іх мусяць склікаць да 2 кастрычніка.

А скліканыя цяпер акруговыя выбарчыя камісіі кантралююць выкананьне Выбарчага кодэксу, кіруюць дзейнасьцю ўчастковых камісіяў, кантактуюць зь мясцовымі ўладамі ў пытаньнях правядзеньня выбараў, рэгіструюць ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў і ўласна кандыдатаў у дэпутаты, спрыяюць сустрэчам з выбарнікамі, распараджаюцца грашыма на выбары і кантралююць фонды кандыдатаў, вызначаюць і публікуюць вынікі выбараў па акругах, выдаюць пераможцам пасьведчаньні і разглядаюць скаргі на ўчастковыя камісіі.

Колькі там апазыцыі

З 1430 чальцоў камісіяў апазыцыянэрамі можна лічыць прыблізна 2,5%. Ад апазыцыйных партыяў у акруговыя камісіі трапілі:

  • «Справядлівы сьвет» — 23 чалавекі;
  • БСДП («Грамада») — 4;
  • БНФ — 3;
  • АГП — 1.

Таксама, паводле «Вясны», у ліку прадстаўнікоў «іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» ёсьць 4 чалавекі ад апазыцыйнага руху «За свабоду» (вылучалі 117). Ніводзін з 36 вылучэнцаў руху «Гавары праўду» ў акруговыя камісіі не прайшоў.

Самая «неапазыцыйная» вобласьць — Магілёўская, дзе ў акруговыя камісіі не прайшоў ніводзін чалец апазыцыйнай партыі або руху. У Горадзенскай вобласьці будзе тры апазыцыянэры з 169 чальцоў камісіяў, у Менску — тры з 260. Партыя БНФ ужо падала ў суд ​скаргу на неўключэньне сваіх прадстаўнікоў у камісіі на Гомельшчыне.

Хто яшчэ ўваходзіць у склад камісіяў

72,9% чальцоў акруговых выбарчых камісіяў склалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў:

  • 14% ад партыяў (збольшага праўладных);
  • 18,9% ад прафсаюзаў (незалежныя прафсаюзы не паведамлялі пра ўключэньне сваіх чальцоў у камісіі);
  • 7,6% ад праўладнай «Белай Русі»;
  • 7,1% ад праўладнага Беларускага саюзу жанчын;
  • 6,5% ад БРСМ;
  • 6% ад праўладнага Аб’яднаньня вэтэранаў;
  • 5,4% ад праўладнага Фонду міру;
  • 7,4% ад «іншых грамадзкіх аб’яднаньняў».

Самая масавая партыя ў акруговых камісіях — праўладная Камуністычная партыя (68 чальцоў або 4,8%). Сьледам за ёй —Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (52 або 3,6%). Другую, а таксама Аграрную, Патрыятычную і Сацыяльна-спартовую партыі «Вясна» адносіць да тых, што «прыкметна актывізуцца толькі падчас выбарчых кампаніяў».

Таксама ў акруговыя камісіі трапілі 11 чалавек (1,2% ад усіх чальцоў камісіяў) зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якая лічыць сябе «канструктыўнай апазыцыяй» (а таксама «адзінымі правацэнтрыстамі краіны»), але збольшага падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

Фота і тэкст Радыё Свабода.