keyboard_arrow_up

Лідэры БСДП і “Права выбару” у Менску пачалі кампанію за зніжэнне пэнсыйнага ўзросту для мужчынаў

20.03.2019 9:58

Лідэры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і “Права выбару” Ігар Барысаў і Аляксей Сігаеў заявілі пра старт інфармацыйнай кампаніі, якая накіравана на зніжэнне пенсійнага ўзросту для мужчынаў. Пра гэта паведамляе прэсавая служба БСДП.

 

Дэмакратычныя актывісты перакананыя, што разбежка паміж сярэдняй працягласцю жыцця мужчын і жанчын у Беларусі празмерна высокая і складае ў сярэднім каля 12 год. Мужчыны жывуць на пенсіі значна менш за жанчын. Гэта з’яўляецца дыскрымінацыяй мужчынскай часткі насельніцтва.

-        У развітых краінах лічыцца нармальным, калі сярэдняя разбежка ў працягласці жыцця мужчын і жанчын складае 4,5 гады і жанчыны ў сілу фізіялогіі жывуць крышку даўжэй. Калі гэтая разбежка большая, то гэта ўжо праблема і варта прымаць дадатковыя праграмы па павелічэнні працягласці жыцця мужчын. У нас гэта не робіцца. Акрамя таго пенсійны ўзрост мужчынам быў падвышаны з 60 да 63 год. Гэта ўсё выглядае так, нібы дзяржава не хоча плаціць пенсіі і скідвае з сябе цэлую мэтавую групу, якая складае больш за 46% грамадзян краіны, - заявіў старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Сацыял-дэмакраты заяўляюць, што традыцыйна ў развітых еўрапейскіх краінах жанчыны і мужчыны выходзяць на пенсію ў адным ўзросце. Улічваючы беларускія асаблівасці выхад на пенсію паводле актывістаў БСДП у Беларусі мусіць адбывацца для жанчын ў 58 год, а для мужчын у 60 год.

Першы намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў адзначае, што актывісты партыі плануюць збор подпісаў да Адміністрацыі Прэзідэнта з патрабаваннем адмяніць Указ, які павысіў пенсійны ўзрост, а таксама іншыя арыгінальныя акцыі.

-        Мы будзем збіраць подпісы на тых акругах, дзе маюць намер балатавацца нашыя прэтэндэнты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Для пачатку мы зробім пілотны праект на тэрыторыі выбарчых акруг №105 і №106 у г. Мінску. Калі мы ўбачым, што гэтая тэма актуальная для грамадзян, то зробім гэтую кампанію нацыянальнай, - гаворыць Аляксей Сігаеў.

Гэтая інфармацыйная кампаніі адбываецца ў межах кампаніі назірання “Права выбару-2019”.