keyboard_arrow_up

Леў Марголін: радыёэфір для кандыдатаў – гэта пустая фармальнасць

22.12.2017 10:08

Метадыст-аналітык кампаніі назірання “Права выбару-2018” пракаментаваў сітуацыю з прадастаўленнем радыёэфіра кандыдатам у дэпутаты, магчымасцю бясплатных выступаў на тэлебачанні і публікацый ў мясцовых газетах.

Чаму кандыдатаў у дэпутаты не пускаюць на ТБ?

Фармальная прычына адмовы зразумелая, бо мясцовых кандыдатаў шмат. На кожны раённы, ці гарадскі Савет, дзе патрэбна 20-40 дэпутатаў можа быць удвая ці ўтрая больш прэтэндэнтаў і іх усіх змясціць на тэлебачанні, нават не на цэнтральным, а на мясцовым і абласным вельмі складана.

Але на самой справе тут прычына іншая, бо зараз шмат у якіх, нават сярэдніх гарадах, ёсць мясцовае тэлебачанне і там выступы кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прыйшліся бы дарэчы.

Выступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вельмі часта не цікавыя, бо яны актуальныя толькі для невялікай аўдыторыі, якая складаецца з выбаршчыкаў пэўнай акругі. Калі б зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў выступалі па мясцоваму тэлебачанні і ўздымалі мясцовыя праблемы, то гэта было б куды цікавей і вельмі небяспечна для ўлады.

Таму робіцца ўсё для таго, каб як мага менш людзей маглі пачуць іхныя думкі і прапановы. У сувязі з гэтым патэнцыйных кандыдатаў адсоўваюць на мясцовае радыё, якое з кожным годам губляе сваю аўдыторыю.

Скарачэнне радыёэфіра з пяці да трох хвілін я звязваю з жаданнем уладаў яшчэ больш абмежаваць выступы кандыдатаў, каб пра іх чулі менш. Фармальнасць з радыёэфірам пераўтвараецца фактычна ў пустую фармальнасць, якую нельга выкарыстаць на сваю карысць.

 

Ці могуць кандыдаты ў дэпутаты друкаваць свае матэрыялы ў газетах бясплатна?

Кандыдаты ў Прэзідэнты і Палату прадстаўнікоў маюць права друкаваць свае праграмы бясплатна. Кандыдаты ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права толькі на адзін бясплатны выступ па мясцоваму радыё.

Публікацыі не прадугледжаны, аднак у Выбарчым кодэксе сказана, што кандыдаты ў дэпутаты на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі СМІ. Гэта азначае, што калі адзін з кандыдатаў прыйдзе ў мясцовую рэдакцыю газеты і скажа, што хоча надрукаваць сваю праграму, то кандыдату адкажуць, што калі ўсе кандыдаты прыйдуць і папросяць, то мы падумаем.

Калі ж такая магчымасць будзе прадастаўлена толькі аднаму кандыдату ў дэпутаты, то гэта будзе парушэннем прынцыпу роўнасці правоў.

Аднак у гэтым выпадку прыдзецца рабіць спецыяльны выпуск газеты, каб размясціць выступы ўсіх жадаючых.

Публікацыю ў газеце можна размясціць праплаціўшы яе з афіцыйна створанага перадвыбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты. Гэта дазваляецца. Іншых магчымасцяў у кандыдатаў няма.