keyboard_arrow_up

Камісіі сфармаваныя паводле загадзя падрыхтаванага сцэнару ўладаў

14-10-19

Каротка:
260 вылучэнцаў “Права выбару” ва ўчастковыя камісіі прайшлі адмысловыя трэнінгі
401 актывіст арганізацыяў “Права выбару” вылучаны ва УВК па 17 мэтавых акругах
3 зь іх уключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі
459 актывістаў арганізацыяў “Права выбару” вылучаныя ва УВК па ўсёй краіне
9 зь іх уключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі
124 актывісты арганізацыяў “Права выбару” вылучаныя ва УВК па 5 мэтавых акругах у Менску
ніхто з вылучаных ня быў уключаны ў Менску ў склад УВК
каля 20 скаргаў былі паддзеныя ў суды аргаізацыямі “Права выбару” ды актывістамі кампаніі на фармаванне УВК

Працэс фармавання выбарчых камісіў завяршыўся 2 кастрычніка.

«Яны сфармаваныя паводле загадзя падрыхтаванага сцэнару ўладаў, а гэта дае вялікую імавернасьць, што падлік галасоў і яго вынікі будуць загадзя падрыхтаванымі. Нічога новага, на жаль, мы ў гэтай кампаніі не пабачым. Асноўная наша задача — зафіксаваць усе гэтыя парушэньні і данесьці як да мага большай колькасьці грамадзянаў тое, як фальсыфікуюць выбары ў Беларусі і мясцовыя выканкамы, і выбаркамы», — сказала на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі 3 кастрычніка сябра сакратарыяту «Права выбару», сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

 

Вылучэнне ў склад участовых выбарчых камісіяў сваіх актывістаў было адной з важных задачаў для арганізацыяў кампаніі назірання “Права выбару”, а таксама для пэрспэктыўных кандыдатаў. Сакратарыят кампаніі загадзя правёў адмысловыя трэнінгі для вылучэнцаў у склад УВК, каб кожны  з іх ведаў выбарчае заканадаўства, правы ды абавязкі сябраў УВК, быў падрыхтаваны да абароны закону ў найбольш адказныя моманты выбарчага працэсу. Агулам на трэнінгах было падрыхтавана 260 чалавек.

Усяго па краіне ў склад участковых выбарчых камісіяў ад дэмакратычных арганізацыяў вылучалі 459 чалавек, з іх 401 чалавека ў 17 мэтавых акругах. То бок сваіх прыхільнікаў дэмакратычныя сілы вылучылі больш як у 60% камісій. Аднак уключылі толькі дзевяць, а на мэтавых акругах — толькі траіх — у Берасьці аднаго (прапаноўвалі 41) сябра Партыі БНФ і ў Воршы двух сяброў АГП (прапаноўвалі 19).

«Гэта меней за 1 адсотак уключаных ад вылучаных. У фантомных праўладных арганізацый будзе 99,9%», — сказаў нацыянальны каардынатар «Права выбару», намесьнік старшыні БСДП «Грамада» Аляксей Сігаеў.

 

У Менску ў выбаркамы не ўключылі ніводнага кандыдата ад дэмакратычных сілаў з прапанаваных 124 па пяці акругах.

«Яны прайшлі навучаньне, некаторыя былі дагэтуль сябрамі Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу, адзін з кандыдатаў быў дэпутатам гарсавету і ўзначальваў камісію заканадаўства. Уражаньне, што ўжо былі загадзя складзеныя сьпісы тых, хто павінен быць у камісіях», — сказаў нацыянальны каардынатар «Права выбару», намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін.

Вольга Кавалькова расказала, што прысутнічала на паседжаньні адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску, дзе разглядалася пытаньне аб фармаваньні ўчастковых выбаркамаў па 103-й акрузе. Яна зачытала журналістам характарыстыкі на тых сяброў, якія былі ўключаныя ад праўладных арганізацый — «маральна ўстойлівая», «з разуменьнем ставіцца да чужых праблемаў», «ураўнаважаны, заўсёды можа разабрацца ў сутнасьці пытаньня і вылучыць галоўнае», «з годнасьцю выконвае даручэньні», «мае разьвітае пачуцьцё абавязку», «умее самастойна арганізаваць сваю працу», «палітычна пісьменная і прынцыповая», «добры семʼянін», «карыстаецца вялікай павагай у сяброў выбаркаму». Паводле Вольгі Кавальковай, з 426 характарыстык, якія былі агучаныя на сяброў камісій, толькі ў чатырох было пазначана, што ён сумленны чалавек.

Па выніках фармавання УВК аргаізацыямі “Права выбару” ды актывістамі кампаніі было пададзена каля 20 скаргаў у суды, усе яны засталіся без задавальнення. Пры гэтым удзельнікі працэсаў сведчаць, што пратаколы вылучэння ўключаных у камісіі прадстаўнікоў праўладных арганізацыяў часта былі аформленыя з сур’ёзнымі парушэннямі, а ў некаторых лістах збору подпісаў грамадзянаў за вылучэнне праўладных асобаў у склад УВК адсутнічалі поўныя адрасы грамадзянаў. У некаторых судовых справах у Менску пратаколы вылучэння наогул адсутнічалі.

Паводле ўласнай інфармацыі ды інфармацыі Радыё "Свабода"

Фотаздымкі: Радыё "Свабода"

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!