keyboard_arrow_up

Ганна Канюс дамаглася рэакцыі ўладаў на зварот жыхароў Берасьця

27.06.2019 11:55

Ганна Канюс, адна зь лідэрак кампаніі "Права выбару", ініцыятарка кампаніі "За здароўе" у Берасьці, на запрашэньне Галоўнага упраўленьня па ахове здароўя Берасьцейскага аблвыканкаму сустрэлася з прадстаўніком дзяржаўнай установы сп. Аляксандрам Лысковічам. Запрашэньне на размову сталася рэакцыяй уладаў на зварот больш чым 1100 грамадзянаў, які быў ініцыяваны Ганнай Канюс і яе камандай. Узяў удзел у сустрэчы таксама галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Берасьця сп. Сяргей Кляўс.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытаньні забесьпячэньня мэдычных установаў гораду належным сучасным абсталяваньнем, што ўздымаюцца ў калектыўным звароце, а таксама іншыя праблемы аховы здароўя ў Берасьці. Прадстаўнікі кампаніі "За здароўе" унесьлі таксама шэраг новых прапановаў дзеля паляпшэньня ўзроўню мэдычнага абслугоўваньня жыхароў Берасьця.

Ганна Канюс вітае сам факт сустрэчы, аднак выказала незадавальненьне некаторымі адказамі прадстаўнікоў уладаў. Яна са сваёй камандай будзе дамагацца станоўчага вырашэньня ўсіх пытаньняў, узьнятых у звароце берасьцейцаў.