keyboard_arrow_up

Цяпер канчаткова: Губарэвіч, Кісляк і Янчурэвіч не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты

06-11-19

Суды не прыслухаліся да довадаў старшыні Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, ягонага намесніка Віктара Янчурэвіча і сябра Рады Рамана Кісляка, якія абскарджвалі сваю нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты.

Усе трое абскарджвалі і нерэгістрацыю шляхам збору подпісаў і вылучэннем ад Руху «За Свабоду».

Янчурэвіч: у зборшчыка няма абавязку правяраць пашпарт і няма магчымасці праверыць дадзеныя выбарца

«У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам у падпісныя лісты ўнесены дадзеныя, прадстаўленыя выбарцамі. Выбарцы ўласнаручна ставілі кожны подпіс, пры гэтым у іх не было ў адпаведнасці з ВК абавязку паказваць пашпарт, таму дадзеныя часцяком уносіліся са словаў выбарцаў», — адзначыў у скарзе ў суд Віктар Янчурэвіч.

Ён таксама адзначыў, што адсутнічае магчымасць правесці самастойную праверку прадстаўленых дадзеных.

Такім чынам палітык патлумачыў магчымыя недакладнасці ўнесеных пры зборы подпісаў дадзеных. Акрамя таго, намеснік старшыні Руху адзначыў, што няма інфармацыі, як праводзіўся адбор лістоў для правядзення праверкі і нагадаў, што ў яе не трапіў ніводны з сабраных ім асабіста (Янчурэвіч заявіў пра тое, што сабраў каля траціны ад усіх сабраных подпісаў у сваю падпрымку).

Губарэвіч: улады імітуюць выбары

З некалькімі хадайніцтвамі выступіў на паседжанні Юрый Губарэвіч: разглядаць скаргі па спосабах вылучэння асобна, а таксама пра перанос паседжання, каб наведаць выбарцаў і праверыць дадзеныя.

Палітык спасылаўся на тое, што не меў магчымасці загадзя азнаёміцца з матэрыяламі справы і даведацца пра тое, дзе былі памылкі. У сваю чаргу адказчыкі спрабавалі даказаць, што часу было дастаткова.

Цікавая сітуацыя была з домам па Гамарніка, 28. Выбаркам палічыў, што ў дома ёсць пазнака корп. 2 і на гэтай падставе прызнаў несапраўднымі 14 подпісаў. У сваю чаргу, гэтыя звесткі не пацвярджаліся кадастравай мапай, а таксама дадзенымі з ЖЭСа, адкуль была прадстаўленая копія тэхпашпарту дома. Суддзя адмовілася далучаць паперы да матэрыялаў справы на падставе таго, што яна неналежным чынам завераная.

Суддзя агулам не задаволіла ніводнага хадайніцтва і не ўлічыла прадстаўленых доказаў.

«Праўладныя кандыдаты яўна прайграюць, таму самае простае рашэнне зачысціць поле ад дэмакратычных кандыдатаў, стварыць масоўку з праўладных і імітаваць выбары. Гэта асноўная прычына, чаму мяне не зарэгістравалі», — пракаментаваў вынікі паседжання Губарэвіч.

 

Кісляк: правяралі ўсе лісты

1416 подпісаў былі зданы ў падтрымку сябра Рады Руху «За Свабоду» Рамана Кісляка, які вылучаўся ў групе праціўнікаў будаўніцтва Акумулятарнага завода ў Брэсце.

Адной з характэрных «памылак» зборшчыкаў, праз якія былі забракаваныя подпісы, было неўжыванне літары ё на рускай мове. Пры чым, абласная камісія прыбрала з ліку несапраўдных дзе ё не было ўказана ў імёнах па бацьку, але працягнула лічыць памылкай неўжыванне ё ў прозвішчах.

Акрамя таго, адзначыў Кісляк, пад час параўнання подпісаў камісія спасылалася на паўтор подпісаў, якія ўтрымліваліся ў лістах, якія не падпадалі пад праверку. «Гэта значыць, што правяралі ўсе лісты», — адзначыў актывіст.

Былі недакладнасці і ў іншым: камісія да 16 кастрычніка праводзіла праверку, а дакумент з міліцыі быў датаваны 17 кастрычніка. Спасылаліся на тое, што збор подпісаў праводзіўся пад выглядам перапісу, але доказаў гэтага пад час паседжання прадстаўлена не было.

«Праверка сапраўднасці подпісаў пераўтварылі ў іспыт па чыстапісанню па-руску. У Выбарчым кодэксе закладзеныя такія пасткі: людзі пісалі ў цёмных пад’ездах, на пікетах, канечне, не было ўсё чыста, можна было знайсці, каб прыбраць усіх кандыдатаў, небяспечных канкурэнтаў для праўладнага кандыдата», — кажа сябра Рады Руху.

Ён звярнуў увагу на тое, што на судзе яшчэ аднаго кандыдата ад праціўнікаў АКБ Алены Макарэвіч, у суд прыходзіў грамадзянін, які асабіста пацвердзіў сваё пражыванне і паказаў пашпарт.

«Выкол адныя парушэнні. Гэта не сапраўдныя выбары, а подленькія, непразрыстыя», — заключыў Раман Кісляк.

Ён плануе ў якасці нагляду падаць скаргу на рашэнне ў Вярхоўны суд, а пазней і ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!