keyboard_arrow_up

Аналітыка “Права выбару-2018”: Якія падводныя камяні хавае ў сабе датэрміновае галасаванне?

28.08.2017 7:56

З дадзеным пытаннем разбіралася прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2018”.

З дадзеным пытаннем разбіралася прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2018”.

Юрыдычныя аспекты датэрміновага галасавання

Датэрміновае галасаванне рэгулюецца арт. 53 “Датэрміновае галасаванне на выбарах, рэферэндуме” Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з дадзеным артыкулам датэрміновае галасаванне ў краіне адбываецца цягам пяці дзён у перыяд часу з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін. У памяшканні для галасавання пры датэрміновым галасаванні павінна прысутнічаць не менш за два члены ўчастковай камісіі.

У першы дзень датэрміновага галасавання адбываецца апламбіраванне скрыні для галасавання, а калі галасаванне скончанае  (у час абедзеннага перапынаку і ўвечары) прарэз скрыні для датэрміновага галасавання заклейваецца аркушам паперы, на якім ставяць свае подпісы члены ўчастковай камісіі. Ускрыццё прарэза ў скрыні для датэрміновага галасавання адбываецца перад пачаткам галасавання. Пры апламбіраванні і ўскрыцці прарэзаў скрыні для датэрміновага галасавання маюць права прысутнічаць назіральнікі, міжнародныя назіральнікі і прадстаўнікі СМІ. Захоўванне скрыні для датэрміновага галасавання забяспечваецца старшынёй участковай камісіі.

У 2015 годзе на прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала 36,05% грамадзян, на парламенцкіх выбарах 2016 года датэрміновым галасаваннем скарысталася 31,25% выбаршчыкаў.

 

Чаму апазіцыя дамагаецца адмены датэрміновага галасавання?

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард лічыць, што само па сабе датэрміновае галасаванне не хавае ў сабе небяспекі, аднак так як яно рэалізуецца ў Беларусі выклікае не толькі пытанні, аднак і моцнае абурэнне.

- У шэрагу дэмакратычных краін існуе інстытут датэрміновага галасавання. Яно датычыцца тых выпадкаў, калі людзі сапраўды не могуць прагаласаваць у асноўны дзень галасавання. Можна нават прагаласаваць датэрмінова, адправіўшы поштай свае бюлетэні, як гэта практыкуецца, напрыклад, у Швецыі, аднак у нас датэрміновае наласаванне выкарыстоўваецца выключна для стварэння неабходнай яўкі, каб выбары адбыліся і працэнт прагаласаваўшых датэрмінова з года ў год толькі павялічваецца, - гаворыць Ірына Вештард.

На фота Ірына Вештард

Старшыня БСДП таксама адзначае, што кожныя выбары жыхары краіны становяцца сведкамі таго, як сотні тысяч беларусаў прымусова заганяюцца на выбарчыя ўчасткі. Сярод датэрмінова прагаласаваўшых у першую чаргу можна ўбачыць дзяр

жаўных чыноўнікаў, міліцыянтаў і вайскоўцаў, студэнтаў і жыхароў інтэрнатаў. Для мабілізацыі на датэрміновае галасаванне выкарыстоўваюцца розныя шляхі – ад заахвочванняў да пагрозаў, таму людзі, каб не мець ніякіх праблем на працы, ці вучобе, вымушаны ісці на выбарчыя ўчасткі датэрмінова, нават калі ў іх ёсць магчымасць галасаваць у асноўны дзень галасавання.

Нацыянальны каардынатар «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў лічыць, што акрамя прымусовага загону людзей на выбарчыя ўчасткі існуе праблема з захаваннем скрынь для галасавання.

- Кожную выбарчую кампанію нашыя назіральнікі паведамляюць нам, што скрыні для галасавання захоўваюцца неналежным чынам – вельмі часта яны размяшчаюцца ў памяшканнях, дзе доступ да іх маюць староннія людзі. Акрамя таго, большасць скрынь для галасавання зроблены з фанеры і хоць скрынка апячатваецца і прарэз у ёй заклейваецца вельмі часта ў скрынках ёсць шчыліны і праз іх можна ўкідваць дадатковыя стосы бюлетэняў, а ў выпадку патрэбы без праблем можна адкруціць і дно такой скрыні і замяніць усе бюлетэні, - кажа Алесь Сілкоў.

Сярод праблем, якія звязаныя з захаваннем скрынь Сілкоў пазначае адсутнасць пастаяннага ан-лайн відэаназірання за скрынямі. Яшчэ адной невырашай праблемай застаецца малы працэнт ад агульнай колькасці празрыстых вурнаў.

На фота Алесь Сілкоў

- Як ніяк, аднак празрыстыя вурны дазвалюяць назіральнікам фіксаваць колькасць бюлетэняў у вурнах і ў некаторых выпадках іх фатаграфаваць. Любыя ўкіды адразу становяцца бачнымі і мы назіралі за гэтым ужо не адзін раз. На жаль, мы не можам забяспечыць кругласутачнае назіранне за выбарчымі ўчасткамі і таму сцвярджаць, што прыязджаюць людзі і мяняюць бюлетэні мы не можам, аднак механізм арганізацыі і правядзення выбараў дазваляе гэта рабіць, - гаворыць Алесь Сілкоў.

Абодва палітыкі лічуць, што для Беларусі колькасць дзён датэрміновага галасавання неабходна альбо скараціць, альбо адмяніць канчаткова, а каб не было праблем з яўкай праводзіць адкрытыя, свабодныя і сумленныя выбары, каб у людзей была рэальная магчымасць уплываць на свой лёс і сваю будучыню, а не рабіць з гэтага цэрыманіяльны працэс, якім карыстаецца ўлада, дзе ад вынікаў галасавання нічога не залежыць.

 

Датэрміновае галасаванне вачыма назіральніка

Журналіст і неаднаразовы назіральнік за выбарамі Алесь Буракоў кажа, што неаднаразова станавіўся сведкам таго, як на выбарчыя ўчасткі фактычна заганяліся студэнты. Галасаваць яны прыхадзілі разам са сваім куратарам.

- Гэта такія ўсплескі актыўнасці, калі людзей няма і раптам чарга. Пачынаеш разбірацца ў чым справа, а аказваецца, што студэнтаў знялі з заняткаў, каб яны прагаласавалі датэрмінова. Не грызлі «граніт навукі», а выканалі свой грамадзянскі доўг. Пасля галасавання студэнты адзначаюцца ў куратара, што прагаласавалі. Навошта ўсё гэта робіцца зразумела ўсім – для забеспячэння яўкі, - кажа назіральнік.

Буракоў адзначае, што ў асноўным працэнт прагаласаваўшых расце з дня ў дзень і найвялікшы ён у пяты дзень датэрміновага галасавання, які з'яўляецца кульмінацыяй гэтага працэсу.

http://www.dw.com/image/17982597_304.jpg

На фота Алесь Буракоў

- З цікавага можна адзначыць, што вынікі датэрміновага галасавання і галасавання ў асноўны дзень за розных кандыдатаў адрозніваюцца ў разы. Я быў неаднаразова сведкам гэтаму, калі падлічвалі галасы і ў скрыні для датэрміновага галасавання амаль усе галасы былі за праўладнага кандыдата, а ў асноўны дзень галасавання такога разрыву ўжо не было. Тут узнікае заканамернае пытанне – адкуль бярэцца такая любоў выбаршчыкаў да праўладных кандыдатаў у час датэрміновага галасавання? – працягвае Алесь Буракоў.

Назіральнік звяртае таксама ўвагу на тое, што ў некаторых выпадках, каб схаваць такі разрыў усе скрыні для галасавання ўскрываюцца адначасова і бюлетэні з іх перамешваюцца.

 

Што трэба мяняць, каб датэрміновае галасаванне не выклікала падазронасцяў і адпавядала свабоднаму волевыяўленню грамадзян?

Метадыст-аналітык «Права выбару-2018» Леў Марголін лічыць, што перш за ўсё варта спыніць практыку прымусу пры датэрміновым галасаванні.

- Гэта не нармалёва, калі ў законе закладзены механізм правядзення датэрміновых выбараў, у якім фактычна прымае ўдзел 30-40% выбаршчыкаў. Гэта адкрывае магчымасць для фальсіфікацый. У ідэале варта пазбаўляцца ад інстытуту датэрміновага галасавання. Аднак мы ведаем, што кіруючы рэжым на такі крок не пойдзе і таму акцэнтуем увагу на абмежаванні часу і месцаў для правядзення такога галасавання, - гаворыць Леў Марголін.

https://gdb.rferl.org/2C46992F-CA56-4C19-866E-0C4C246033EB_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg

На фота Леў Марголін

Эксперт тлумачыць, што кампанія назірання “Права выбару” звярталася з прапановамі ў Цэнтрвыбаркам, каб скараціць колькасць дзён для правядзення датэрміновага галасавання, а таксама абмежаваць колькасць участкаў на якіх можна прагаласаваць датэрмінова, каб людзі маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі не маюць магчымасці зрабіць гэта ў асноўны дзень галасавання і каб яны мелі гэтаму адпаведнае пацвярджэнне.

Леў Марголін робіць выснову, што пакуль улада не чуе апазіцыю і ўнесеныя раней прапановы ад суб’ектаў кампаніі назірання “Права выбару” так і не былі ўлічаныя. Тым часам эксперт не выключае, што ў гэтым пытанні таксама існуе магчымасць касметычна выправіць адзін момант – адмовіцца ад перапынка ў працы ўчастковых камісій, які вызначаны Выбарчым Кодэксам з 14 да 16 гадзін. Нават такая драбяза здыме пытанне аб магчымых фальсіфікацыях выбараў у абедзенны перапынак.

 

Ігар Барысаў,
“Права выбару-2018”

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!