keyboard_arrow_up

Актывісты кампаніі “Права выбару” у Брэсце зьбіраюць подпісы за якасныя і колькасныя змены ў сістэме аховы здароўя гораду ў межах кампаніі «За здароўе»

16.03.2019 16:09

Брэсту патрэбныя новыя лякарні і паліклінікі, сучаснае дыягнастычнае і фізіятэрапеўтычнае медыцынскае абсталяванне, кваліфікаваныя медыцынскія супрацоўнікі ў дастатковай колькасці. За гэтыя асноўныя якасныя і колькасныя змены ў сістэме аховы здароўя абласнога цэнтра пачынаецца збор подпісаў у межах кампаніі «За здароўе».

 

«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (арт. 45). На працягу паўгода на аснове аналізу адкрытых дадзеных і меркаванні жыхароў Брэста мы правялі маніторынг стану сістэмы аховы здароўя ў горадзе Брэсце. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што вышэйзгаданыя палажэнні Асноўнага закона ў Брэсце і Брэсцкім раёне грамадзяне не могуць рэалізаваць у поўнай меры або своечасова. Таму мэта кампаніі «За здароўе» гэта павышэнне якасці і даступнасці аховы здароўя ў Брэсце» - цытуе прэсавая служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП словы старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП, адной з лідэраў кампаніі “Права выбару” у Брэсце доктара палітычных навук Ганны Канюс.

Насельніцтва ў Брэсце за апошняе 10 гадоў павялічылася на 45 тыс. чалавек, а Брэсцкага раёна на 3 тыс. чалавек. Агульная колькасць насельніцтва Брэста і раёна на 2018 год складае 389976 чалавек. За выключэннем УЗ "Брэсцкая гарадская паліклініка №3" (2011г.) новыя установы аховы здароўя ў Брэсце і раёне не ўведзены ў эксплуатацыю.
Актуальных дадзеных аб колькасці ложка-месцаў па 4 стацыянарам Брэста на 2018 год няма. Новых стацыянараў, якія істотна б павысілі паказчык забяспечанасці ложка-месцамі за перыяд з 2014г. па 2019г. год пабудавана не было. Пры разліку ложка-месцаў з выкарыстаннем паказчыка 2014 года атрымліваем, што у 2018 годзе ён склаў 4,27 ложка-месцаў на 1000 чалавек. Нагадаем, што ў адпаведнасці з Рашэннем Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ад 20 верасня 2017г. № 597 нарматыў забяспечанасці ложкамі на 2018 год павінен складаць 9 ложкаў на 1000 чалавек. Па незразумелых прычынах у статыстыку Брэста ўключаюць ўстановы аховы здароўя абласнога тыпу (УЗ "Брэсцкая абласная бальніца» і інш.). Толькі ў гэтым выпадку нарматыў 9 ложкаў на 1000 чалавек вытрымліваецца. Аднак, у абласных установах аховы здароўя, у першую чаргу, як правіла, размяшчаюцца жыхары з гарадоў і раёнаў вобласці, а не жыхары Брэста і Брэсцкага раёна.

На думку арганізатараў кампаніі «За здароўе» значныя праблемы з якасным аказаннем медыцынскіх паслуг і даступнасцю аховы здароўя ў Брэсце звязаны з недахопам медыцынскага персаналу. Практычна ва ўсіх паліклініках горада маюцца вакансіі ўчастковых тэрапеўтаў і вузкіх спецыялістаў. У асобных выпадках пастаянны участковы тэрапеўт адсутнічае на працягу некалькі гадоў.

«У адпаведнасці з арт. 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і сацыяльнымі стандартамі для якаснай і даступнай аховы здароўя ў Брэсце і Брэсцкім раёне ў сваім звароце мы просім:
1. Накіраваць мэтавыя сродкі для распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і наступнага будаўніцтва ў Брэсце мінімум трох устаноў аховы здароўя: паліклінікі, бальніцы, дзіцячай паліклінікі.
2. Распрацаваць паэтапны план забяспячэння медыцынскім абсталяваннем устаноў аховы здароўя Брэста. Правесці на працягу 2-3 гадоў закупку сучаснага дыягнастычнага і фізіятэрапеўтычнага медыцынскага абсталявання для якаснага і даступнага медыцынскага абслугоўвання.
3. Распрацаваць стратэгію прыцягнення спецыялістаў у медыцынскія ўстановы Брэста» - каментуе патрабаванні грамадскасці да рэспубліканскіх і абласных органаў улады Ганна Канюс.

Прэсавая служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП паведамляе, што ініцыятарамі кампаніі "За здароўе» з'яўляюцца прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), кампаніі «Права выбару», некамерцыйныя арганізацыі «За свой горад», «РОЎНАСЦЬіСПРАВЯДЛІВАСЦЬ», жыхары абласнога цэнтра.

Ганна Канюс заклікае жыхароў гораду і вобласці далучыцца да кампаніі «За здароўе», да збору подпісаў: “Напішыце нам на пошту [email protected] або запампуйце падпісны ліст, перайшоўшы па спасылцы https://drive.google.com/file/d/0B9XISF96V_FccFA2TFNDVnNWOTRQbThTYzc2NHh...
Электронную петыцыю можна падпісаць тут: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdCGVs0NuDXWMIDpxViXNxO4wmSpOXD...