keyboard_arrow_up

У Магілёве сацыял-дэмакраты распачалі збор подпісаў за будаўніцтва школы-садка

11.10.2017 6:41

Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выступаюць за будаўніцтва новага сацыяльнага аб’екта ў мікрараёне “Цярэхіна”.

Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выступаюць за будаўніцтва новага сацыяльнага аб’екта ў мікрараёне “Цярэхіна”.

Гэты мікрараён быў пабудаваны каля пяці год таму, аднак сацыяльная інфраструктура моцна адстае. На раёне больш за дзве тысячы кватэр, а колькасць жыхароў складае каля пяці тысяч чалавек.

Жыхары “Цярэхіна” вымушаны вадзіць і вазіць сваіх дзяцей у іншыя адукацыйныя установы горада, што выклікае процьму нязручнасцяў і складанасцяў.

Паводле ініцыятара кампаніі першага намесніка старшыні БСДП Ігара Барысава школа-садок з басейнам прадугледжана планам развіцця мікрараёна, аднак да гэтага моманту не пабудаваная.

- Каля двух год таму на сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна ўздымалася пытанне аб будаўніцве школы-садка на “Цярэхіна”. Ён уважліва выслухаў і паведаміў, што ў горадзе стаіць першапачатковая задача пабудаваць садок і школу ў мікрараёне “Спадарожнік” і пакуль усе сродкі ідуць туды. Неабходнасць будаўніцтва школы-садка на “Цярэхіна” ён цалкам прызнаваў, - гаворыць Ігар Барысаў.

Сацыял-дэмакрат кажа, што паскорыць будаўніцтва школы-садка актывісты БСДП спрабавалі яшчэ два гады таму. Тады пад калектыўным зваротам падпісалася больш за 150 чалавек.

- На “Цярэхіна” вельмі шмат пустых кватэр і гэта звязана ў першую чаргу з тым, што няма развітай сацыяльнай інфраструктуры. Як толькі з’явіцца школа-садок, то навасёлы пераедуць жыць на новы раён, каб аддаць сваіх дзяцей у школу ці садок пад сваімі вокнамі, - працягвае Ігар Барысаў.

Першы намеснік старшыні БСДП адзначае, што сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Трэба адзначыць, што лакальная кампанія адбываецца ў межах шырокай кампаніі, якую арганізуе “Права выбару-2018”, бо большасць мясцовых праблем з'яўляюцца следствам адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне. Дэпутаты мясцовых Саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйшым начальствам.

БСДП прапануем змяніць гэты прынцып. Дэпутаты павінны быць прадстаўнікамі народа і змагацца за павышэнне якасці жыцця простых людзей.

Актывісты БСДП і кампанія "Права выбару» запрашае да супрацоўніцтва ўсіх неабыякавых грамадзян нашай краіны для ўдзелу ў незалежным назіранні.

Прэс-служба БСДП

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!