keyboard_arrow_up

Брэсцкія сацыял-дэмакраты сабралі 200 подпісаў за добраўпарадкаванне сажалак

11.10.2017 5:38

Калектыўны зварот быў накіраваны ў мясцовыя выканаўчыя і прадстаўнічыя органы ўлады.

Калектыўны зварот быў накіраваны ў мясцовыя выканаўчыя і прадстаўнічыя органы ўлады.

Да святкавання тысячагоддзя Брэста актывісты просяць правесці добраўпарадкаванне сажалак, а на навакольнай тэрыторыі закласці скверы.

У сваім звароце ініцыятары паказваюць, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ, кожны грамадзянін мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, якасць якога забяспечвае экалагічную бяспеку, устойлівае функцыянаванне натуральных экалагічных сістэм, іншых прыродных і прыродна-антрапагенных аб'ектаў.

- На жаль, у Брэсце плошча зялёных насаджэнняў не павялічваецца. Адзін з праблемных мікрараёнаў - Кавалёва. Тут цалкам адсутнічаюць гарадскія скверы і паркі. Мы разумеем, што немагчыма зрабіць усё і адразу. Таму прапануем правесці добраўпарадкаванне ўжо існуючых невялікіх водных аб'ектаў (сажалак)» - каментуе ініцыятыву намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Валянцін Лазарэнкаў.

На думку ініцыятараў, такі аб'ект добраўпарадкавання можа стаць тэрыторыяй вакол сажалкі па вуліцы Ясеневая, а таксама тэрыторыя вакол сажалкі, якая размешчаны ў раёне СШ №25.

- Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з генеральным планам развіцця г. Брэста на тэрыторыі горада яшчэ ў 2011 годзе планавалася праектаванне і ўладкаванне наступных ландшафтна-рэкрэацыйных аб'ектаў: сквер ўздоўж вул. Кар'ерная; сквер па вул. Ясеневая з добраўпарадкаваннем існуючых сажалак, - дадае Валянцін Лазарэнкаў.

Актывісты просяць улады звярнуць увагу, што як самі сажалкі, так і тэрыторыі вакол іх знаходзяцца часта ў антысанітарным стане. Акрамя таго, навакольная тэрыторыя змяшчае элементы бетонных і жалезных канструкцый, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця і здароўя людзей.

- Мы лічым, што рэкрэацыйныя зоны будуць садзейнічаць павышэнню якасці жыцця жыхароў Брэста. Таму просім правесці добраўпарадкаванне сажалак у мікрараёне Кавалёва, а на прылеглай да іх тэрыторыі закласці скверы з пешаходнымі дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі і дзіцячымі пляцоўкамі, - удакладняе свае прапановы актывіст БСДП Віктар Кавалюк.

Трэба адзначыць, што лакальная кампанія адбываецца ў межах шырокай кампаніі, якую арганізуе “Права выбару-2018”. На думку яе ініцыятараў большасць мясцовых праблем з'яўляюцца следствам адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне. Дэпутаты мясцовых Саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйстаячым начальствам.

БСДП прапануем змяніць гэты прынцып. Дэпутаты павінны быць прадстаўнікамі народа і змагацца за павышэнне якасці жыцця простых людзей.

Актывісты БСДП і кампанія "Права выбару-2018” запрашаюць да супрацоўніцтва ўсіх неабыякавых грамадзян нашай краіны для ўдзелу ў незалежным назіранні.

 

 

Фальсіфікацыі, ці рэальныя вынікі?

Дазнайся, як адбываюцца выбары ў Беларусі!

Далучайся!