Кампанія «Права выбару-2018»

Аб кампаніі «Права выбару»

Нашы галасы павінны вызначаць вынік выбараў!

Нашы галасы павінны вызначаць будучыню нашай краіны!

Нашы галасы павінны вызначаць хто будзе пры ўладзе!

Якасць адукацыі і медыцыны, міжнародная палітыка і нацыянальная бяспека, эканамічная сітуацыя і законы, якія прымаюцца, павінны вызначацца нашым выбарам.

Але для гэтага нашы галасы ў першую чаргу павінны лічыць.

Калі нашы галасы не лічаць, наша будучыня вызначаецца без нашага ўдзелу і без уліку нашых інтарэсаў.

Далучайцеся да кампаніі «Права выбару-2018» і разам з намі адстойвайце сваё права на справядлівыя выбары!

Толькі так мы можам уплываць на наша жыццё, выбіраць сабе і нашым дзецям лепшую будучыню.

Запісацца ў незалежнае назіранне, якое арганізуе кампанія «Права выбару-2018» можна тут. Ваш удзел важны для нас. Толькі разам з вамі мы зможам зрабіць нашу кампанію больш маштабнай і выявіць магчымыя парушэнні выбарчага працэсу.

Толькі дзякуючы вашай актыўнасці мноства людзей зможа даведацца пра тое, як арганізуюцца і праходзяць выбары ў Беларусі, ці лічаць галасы выбаршчыкаў і ці магчыма рэальна назіраць за гэтым працэсам.

Хто ўваходзіць у кампанію?

На дадзены момант кампанія «Права Выбару-2018» аб'ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), ПАГА «Рух «За Свабоду», Аб’яднаную Грамадзянскую партыю (АГП), Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Ці могуць новыя арганізацыі далучыцца да кампаніі па назіранні?

Дзверы для новых дэмакратычных арганізацый адчыненыя. Галоўным крытэрыем для ўдзелу ў назіранні з'яўляецца жаданне працаваць у камандзе і спрыяць збору фактаў і доказаў любых парушэнняў выбарчага заканадаўства, злоўжыванняў з боку ўладаў з мэтай прадухілення фальсіфікацый вынікаў народнага волевыяўлення.

Мэтай незалежнага назірання з'яўляецца дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, а таксама правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і прынцыпамі.

Адметная рыса кампаніі «Права выбару»

Асноўнай адметнай рысай дадзенай кампаніі ад кампаній назірання, якія праводзяць праваабарончыя арганізацыі або міжнародныя назіральнікі, з'яўляецца скіраванасць на «актыўнае назіранне», якое ўключае ў сябе мабілізацыю валанцёраў не толькі для фіксацыі, але і для актыўнага процідзеяння парушэнням.

Мы будзем выкарыстоўваць усе існуючыя законныя магчымасці для інфармавання грамадзян краіны і міжнароднай супольнасці аб тым, як у сапраўднасці праходзяць выбары ў Беларусі. Мы будзем адстойваць вяршэнства права ў нашай краіне і абараняць правы нашых грамадзян на свабодныя і справядлівыя выбары.

Вопыт назірання за выбарамі

Удзельнікі кампаніі «Права выбару» маюць паспяховы вопыт па назіранні за парламенцкімі выбарамі 2008, 2012 і 2016 гг., Прэзідэнцкімі выбарамі 2010 і 2015 гг, выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2014 г.

Прызнанне вынікаў выбараў у Беларусі міжнароднай супольнасцю

З 1996 па 2016 год у краіне адсутнічае станоўчая тэндэнцыя ў працэсе правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.

З 1996 года ні адны выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Асноўныя парушэнні на выбарах

Галоўнай нявырашанай праблемай усіх выбараў, якія адбываюцца ў Беларусі, з'яўляецца адсутнасць магчымасці ў незалежных назіральнікаў рэальна назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў.

Другім найбольш важным нявырашаным пытаннем з'яўляецца публічнасць выбарчага працэсу. Падчас выбарчых кампаній стала нормай блакаваць сайты незалежных СМІ, а таксама не прадастаўляць самую простую інфармацыю незалежным назіральнікам.

Аб выбарах

Выбары напрамую ўплываюць на цэны і заробкі, на ўзровень аховы здароўя і адукацыі, на эканамічную сітуацыю і стан навукі і культуры, на міжнародную палітыку і нацыянальную бяспеку дзяржавы.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ведаць, як арганізоўваюцца і праходзяць выбары, а таксама як лічацца галасы выбаршчыкаў.

Беларускі народ павінен мець магчымасць уплываць на ўладу, рабіць сваё жыццё лепш, адхіляць пры дапамозе выбараў тых, хто не спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Выбары ў краіне павінны стаць тым інструментам, які можа прывесці людзей да дабрабыту і росквіту.

Прыход да ўлады любой палітычнай сілы павінен ажыццяўляцца ў адпаведнасці з законам, на прынцыпах свабоды, сумленнасці і адкрытасці. Для гэтага і існуе незалежнае назіранне за выбарамі, якое можа ўсталяваць адпаведнасць гэтым крытэрам.

Далучайцеся да нашай кампаніі і разам з намі адстойвайце сваё права на справядлівыя выбары!