Выбарчыя камісіі прызналі пераважную колькасць скаргаў на парушэнні заканадаўства падчас парламенцкай кампаніі неабгрунтаванымі.

“Права выбару-2016” сабрала вынікі разгляду скаргаў па 11 акругах, дзе працавалі назіральнікі кампаніі.

Яшчэ 16 верасня камісія Брэсцкай-Пагранічнай акругі №4 прызнала скаргі шасці грамадзянаў, у тым ліку і кандыдата Ігара Маслоўскага, на парушэнні, зафіксаваныя на ўчастках, неабгрунтаванымі.

Напярэдадні аналагічнае рашэнне прыняла камісія Брэсцкай-Усходняй акругі №2, а яшчэ днём раней – акруговая камісія Брэсцкай-Усходняй акругі №3 вынесла аналагічнае рашэнне па скаргах васьмі грамадзянаў, у тым ліку і кандыдата Ганны Канюс.

Безвынікова закончылася абскарджванне вынікаў галасавання кандыдатам у дэпутаты па Мінскай-Каліноўскай выбарчай акругі №108 Юрасём Губарэвічам. Былы кандыдат накіраваў скаргу ў Следчы камітэт з патрабаваннем правесці праверку і пакараць вінаватых у фальсіфікацыях. Толькі разыходжанне ў яўцы скалала 5546 галасоў за перыяд датэрміновага галасавання і 9071 – у асноўны дзень галасавання.

Кандыдат у дэпатуты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Алег Аксёнаў патрабаваў прызнаць вынікі галасавання несапраўднымі. "Я прашу прызнаць выбары несапраўднымі на аснове звестак нашых назіральнікаў. Апроч таго, на ўчастку №73 (я быў сам сведкам) за два дні сфальсіфікавалі два выніковыя пратаколы - за 7 і 8 верасня. У адказе акруговай камісіі пазначылі, што гэта была "тэхнічная памылка", якую выправілі. Але зусім незразумела: што такое "тэхнічная памылка" ў выніковым пратаколе за дзень. Пратакол можа быць альбо сапраўдны, альбо сфальфікаваны. Спроба атрымаць копію адказу ў старшыні акруговай камісіі ў прысутнасці назіральнікаў АБСЕ не дала выніку. Яны таксама зразумелі, чаму нельга выдаць мне копію адказу, накіраваным па пошце", - рэзюмаваў Алег Аксёнаў.

Кандыдат атрымаў адказ з акруговай камісіі толькі 25 верасня: пры асабістых сустрэчах яму адмовіліся выдаць афіцыйны адказ, матывуючы сваё рашэнне тым, што папера адпраўлена яму па пошце. У афіцыйнай адпісцы, “абсалютна бязглуздай”, указана, што “назіральнікі не маюць прапіскі”, таму іхныя звесткі не маюць ніякай вагі. Адказу з Магілёўскай абласной камісіі Алег Аксёнаў не атрымаў дагэтуль.

Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты па Мінскай-Чкалаўскай акрузе №96 Алега Трусава падала ў акруговую камісію заяву аб непрызнанні выбараў.

  • Мы напісалі тры вялікіх скаргі, у тым ліку і ў пракуратуру, якія перанакіроўваюцца ў акруговую камісію. Сёння ўжо пяты дзень, а на свае скаргі мы не атрымалі ніякай рэакцыі. Гаворка ідзе пра сур'ёзныя скаргі: не проста прыпісалі на ўчастку 100 чалавек, а гаворка ідзе пра падлог дакументаў, - адзначыў намеснік старшыні БСДП Аляксей Сігаеў. – Сам кандыдат не падаваў скаргу – падавала яго давераная асоба. Камісія спаслалася на арт.82 Выбарчага кодэкса, паводле якога не прызнаваць выбары можа сам кандыдат. Адсутнасць юрыстаў у кампаніі прывяла да такога выніку.

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2016”