У дні датэрміновага галасавання і ў дзень асноўнага ўчастковая выбарчая камісія №607 Каліноўскай выбарчай акругі №108 прадэманстравала завышаную яўку.

«Камісія займалася прыпіскамі яўкі выбараў у трэці, пяты і ў асноўны дзень галасавання», - распавёў назіральнік Арцём Лява.

Па ягоных словах, у трэці дзень датэрміновага галасавання камісія завысіла яўку на 161 голас.

«Яны вельмі нерваваліся. Нехта ім званіў. Я звязваў гэта з тым, што шугануў напярэдадні «карусельшчыкаў». Вырашылі замест іх прыпісаць яўку. Далі заявы пра тое, што разыходзяцца падлікі», - адзначыў ён.

Назіральнікі запытваліся: «Як вы гэта патлумачыце. Можа вы памыліліся? Давайце разам паглядзім спісы», прапанавалі апячатваць памяшканне, але паабяцалі паставіць на сігналізацыю. Гэтага было дастаткова, каб на наступны, чацвёрты дзень датэрміновага галасавання, вынікі камісіі і назіральнікаў супалі.

«Але на пяты дзень было ўсё сумна. Па іх падліках было на 90 больш. Мы аднеслі заяву ў пракуратуру. Пракурор увайшла ў сітуацыю, прыняла заяву і сказала, што яна будзе перанакіраваная ў акруговую камісію. Яна параіла нам звярнуцца ў Следчы камітэт. Там прынялі ў нас падрабязную заяву, запісалі, што мы патрабуем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Возьмуць у іх тлумачэнні», - дадаў Лява.

У дзень выбараў разыходжанне ў падліках толькі павялічылася: у назіральнікаў было 343, а ў камісіі – 712. «Мы падалі заявы, але старшыня падманам збегла. А яе намеснік заяву не прыняў», - заключыў назіральнік «Права выбару».

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2016”