Стала вядома пра мінімум 13 такіх абскарджванняў.

У Гродна два дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты абскарджваюць вынікі выбараў: кандыдат па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №51 Вадзім Саранчукоў і кандыдат па Гродзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе №52 Мікалай Баўсюк.

Выніковую скаргу ў Віцебскую-Чкалаўскую выбарчую камісію №18 12 верасня падала кандыдат у дэпутаты Таццяна Севярынец. Яна  патрабуе адмяніць вынікі выбараў, бо на ўчастках акругі №18 назіраліся масавыя ўкіды бюлетэняў: на ўчастку №44 - 37, №45 - 128, №46 - 323, №58 - 310, №43 - 400, №54 - 175, №56 – 142.

Апроч таго, па надуманых падставах выдаленыя 2 назіральнікі з участкаў №52 і №59, на ўсіх участках не было магчымасці назіраць за падлікам галасоў.

Кандыдат у дэпутаты па Дамброўскай выбарчай акрузе №103 Вольга Кавалькова падала ў акруговую камісію заяву аб прызнанні выбараў несапраўднымі на 11 старонках, да якіх дадала 77 старонак скаргаў назіральнікаў. Сярэдняя яўка па падліках назіральнікаў на яе акрузе склала 36%. Разгляд скаргі адбудзецца сёння ў 12 гадзінаў.

Кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Ганна Канюс падала скаргі на непрызнанне выбараў у акруговую камісію, Брэсцкую абласную і Цэнтравыбаркам. Падстава - цалкам непразрыстыя выбары.

У тры інстанцыі накіраваў скаргі і кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Пагранічнай акрузе №4 Ігар Маслоўскі. Сярод іншага, кандыдат звяртае ўвагу на істотнае разыходжанне з падлікам назіральнікаў вынікаў датэрміновага і асноўнага галасавання.

Кандыдат у дэпатуты па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Алег Аксёнаў патрабуе прызнаць вынікі галасавання несапраўднымі. "Я прашу прызнаць выбары несапраўднымі на аснове звестак нашых назіральнікаў. Апроч таго, на ўчастку №73 (я быў сам сведкам) за два дні сфальсіфікавалі два выніковыя пратаколы - за 7 і 8 верасня. У адказе акруговай камісіі пазначылі, што гэта была "тэхнічная памылка", якую выправілі. Але зусім незразумела: што такое "тэхнічная памылка" ў выніковым пратаколе за дзень. Пратакол можа быць альбо сапраўдны, альбо сфальфікаваны. Спроба атрымаць копію адказу ў старшыні акруговай камісіі ў прысутнасці назіральнікаў АБСЕ не дала выніку. Яны таксам зразумелі, чаму нельга выдаць мне копію адказу, накіраваным па пошце", - рэзюмаваў Алег Аксёнаў.

Кандыдаты па акрузе №85 Зміцер Салаўёў (Партыя БНФ) і Наталля Шкадун (БСДП) таксама абскардзілі вынікі галасавання.

Кандыдат у дэпутаты па Мінскай-Купалаўскай акрузе №95 Уладзімір Навасяд накіраваў у акруговую камісію і ЦВК заяву з патрабаваннем прызнаць выбары неадбыўшыміся.

  • Неадпаведнасць афіцыйных звестак па яўцы ў часе датэрміновага галасавання і ў дзень галасавання звесткам назіральнікаў. Таксама ўказваю на знакамітыя "каруселі", пра якія Ярмошына "не ведае". Але галоўнае - па ўсіх участках завышаныя паказчыкі яўкі, па нарастаючай - як у час датэрміновага галасавання, так і ў асноўны дзень.

А выніковыя пратаколы, дзе агучаныя вынікі галасавання, былі пераробленыя; звесткі, якія апублікаваў Цэнтрвыбаркам на сваім сайце, не адпавядаюць звесткам, якія вывесілі ўчастковыя камісіі па выніках галасавання. Калі па звестках датэрміновага галасавання я знаходзіўся на трэцяй пазіцыі, то па звестках ЦВК я аказаўся на чацвёртай пазіцыі. З вялікай нацяджкай яўка склала каля 35%: выбары не адбыліся з-за адсутнасці яўкі, - рэзюмаваў Уладзімір Навасяд.

Кандыдат у дэпутаты па Мінскай-Чкалаўскай акрузе №96 Алег Трусаў накіраваў у акруговую камісію заяву аб непрызнанні выбараў. Больш за тое, кандыдат рыхтуе скаргу ў Цэнтрвыбаркам на тое, што акруговыя камсіія своечасова не адказваюць на запыты, і нават не запрашаюць на пасяджэнні камісіі, дзе разглядаюцца скаргі.

  • Мы напісалі тры вялікіх скаргі, у тым ліку і ў пракуратуру, якія перанакіроўваюцца ў акруговую камісію. Сёння ўжо пяты дзень, а на свае скаргі мы не атрымалі ніякай рэакцыі. Гаворка ідзе пра сур'ёзныя скаргі: не проста прыпісалі на ўчастку 100 чалавек, а гаворка ідзе пра падлог дакументаў, - адзначыў каардынатар кампаніі назірання "Права выбару-2016" Аляксей Сігаеў.

Акруговая камісія Мінскай-Каліноўскай выбарчай акругі №108 адмовіла ў задавальненні скаргі Юрася Губарэвіча, кандыдат рыхтуе скаргу ў Мінскую гарадскую камісію.

Кандыдат па Мінскай-Аўтазаводскай акрузе №92 Аляксей Янукевіч плануе падаць скаргу ў акруговую камісію 14 верасня.

Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару-2016”