Член выбаркаму спрабавала забараніць галасаваць кандыдату ад «Руху «За Свабоду» у Віцебску Хрыстафору Жаляпаву.

- Я прыйшоў на свой участак прагаласаваць, а мяне ў спісе няма. Кажу: я ў тут ужо 5 год у спісе зарэгістраваны, чаму мяне няма ў спісе? Я не ведаю, кажа дзяўчына з камісіі. Паклікаў старшыню камісіі, - распавёў Жаляпаў.

- Вы спісы вывяралі? - запытаўся кандыдат у дэпутаты.

- Вывяралі.

-  А чаму мяне ў спісе няма?

Старшыня камісіі распавяла, што правярала выбаршчыкаў па кватэрах нейкая дзяўчына, якая калі нікога не было, у спіс іх не ўключала. У выніку яна прапанавала ўключыць Жаляпава ў дадатковы спіс, на што ён пагадзіўся. Але потым заявіла:

- А вы галасаваць права не маеце.

- Чаму?

- Ну вы ж кандыдат. А кандыдат сам за сябе галасаваць не можа.

- Гэта несусветнае глупства! Вы мяне пазбаўляеце выбарчага права? - запытаў кандыдат у дэпутаты.

- Ну не ведаю. Але бюлетэнь вам даць не магу.

Каб давесці сваю кропку гледжання кандыдат нават прывёў у прыклад Лукашэнку, якія кожны раз галасуе на прэзідэнцкіх выбарах. У выніку гісторыя закончылася добра: старшыня камісіі кудысці пазваніла і даведалася, што кандыдат можа галасаваць.

  • Я за сябе прагаласаваў, - заключыў Хрыстафор Жаляпаў.

Прэс-служба кампаніі назірання «Права выбару-2016»