Гэтая справаздача з'яўляецца папярэднім выніковым дакументам кампаніі «Права выбару-2016». Канчатковы тэкст выніковай справаздачы будзе прадстаўлены кампаніяй напрыканцы верасня.

Кампанія «Права выбару-2016»

па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання

Папярэдняя справаздача па выніках назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў

12 верасня 2016 г.

Кампанія «Права выбару-2016» ладзіла доўгатэрміновае назіранне за ходам выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі сіламі арганізацый, што ўваходзяць у кампанію[*]. У час датэрміновага галасавання назіральнікі кампаніі працавлі на 382 выбарчых  участках. У асноўны дзень выбараў 11 верасня назіральнікі кампаніі ажыццяўлялі назіранне на  622  выбарчых участках.

Гэтая справаздача з'яўляецца папярэднім выніковым дакументам кампаніі «Права выбару-2016». Канчатковы тэкст выніковай справаздачы будзе прадстаўлены кампаніяй напрыканцы верасня.

Агульныя высновы:

  • Адсутнасць пазітыўных зменаў у выбарчым заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў не дазваляюць прызнаць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў свабоднымі і справядлівымі, а абвешчаныя выбарчымі камісіямі вынікі – вартым даверу адлюстраваннем волевыяўлення беларускіх грамадзян.
  • Грамадска-палітычная атмасфера правядзення выбараў пагоршылася ў параўнанні з мінулагоднімі выбарамі Прэзідэнта: у краіне з'явіліся новыя палітычныя зняволеныя (у тым ліку двое асобаў, якіх супольнасць беларускіх праваабарончых арганізацый прызнала палітзняволенымі) і новыя палітычна-матываваныя крымінальныя справы, павялічылася колькасць выпадкаў адміністрацыйнага пераследу апанентаў улады і ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту.
  • Працэдура фармавання выбарчых камісій, нягледзячы на ўвядзенне сумоўяў з вылучанымі ў камісіі асобамі, засталася па сутнасці нязменная, абмеркаванне палітычных і асабістых якасцяў вылучаных у камісіі асобаў было збольшага фіктыўным. Большасць вылучаных у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў праўладных аб’яднанняў была ўключаная ў склад камісій, а абсалютнай большасці вылучэнцаў апазицыйных партый і незалежных аб’яднанняў было адмоўлена. Участковыя камісіі часта былі сфармаваныя па вытворчым прынцыпе з супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства ці арганізацыі, незалежна ад фармальнага вылучэння сябраў камісій рознымі суб'ектамі. У такім складзе яны сталі элементам створанага адміністрацыяй механізму дасягнення патрэбнага выканаўчай уладзе выніку выбараў незалежна ад волевыяўлення выбаршчыкаў.
  • Рэгістрацыя ініцыятыўных груп, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў адбываліся, за рэдкім выключэннем, без перашкодаў і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Разам з тым патрабаванні да некаторых дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў (асабліва дэкларацый пра даходы і маёмасць) былі занадта складаныя, не абгрунтаваныя рацыянальна і часта рабіліся падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Практыка праверкі дэкларацый пра даходы і маёмасць, пададзеных кандыдатамі, пераўтварылася са сродку паляпшэння інфармаванасці выбаршчыкаў у сродак штучнага стварэння фармальных падставаў для адмовы кандыдатам у рэгістрацыі: статус гэтага дакумента мусіць быць удакладнены і ён павінны быць выключаныя з пераліку магчымых падставаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў. Працэдура праверкі подпісаў выбаршчыкаў для кандыдатаў, што вылучаліся шляхам збору подпісаў, не была празрыстая, у тым ліку яна была закрытая ад нешматлікіх сябраў акруговых камісій ад апазіцыйных арганізацый.
  • На некаторых сябраў ініцыятыўных груп і асобаў, што вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты, аказваўся ціск з боку мясцовых уладаў альбо па месцы працы. Некаторыя з апазіцыйных кандыдатаў былі звольненыя з працы ў сувязі з іх намерам балатавацца, альбо падлягалі іншаму пераследу. Іншыя былі вымушаныя пад ціскам адмовіцца ад першапачаткова заяўленага намеру вылучацца.
  • Агітацыйная кампанія пераважна адбывалася без значных парушэнняў выбарчага заканадаўства. Разам з тым зафіксаваныя некалькі выпадкаў цэнзуры тэле і радыёвыступаў кандыдатаў і іх праграм, што прадстаўляліся для публікацыі ў дзяржаўных СМІ. Пашыранай з'яўлялася практыка скарачэння і мадыфікацыі біяграфічных звестак, што прадстаўляліся для публікацыі на агульных плакатах, што вырабляюцца акруговымі камсіямі. Колькасць платнай палітычнай рэкламы павялічылася ў параўнанні з мінулымі выбарамі, аднак агульная колькасць друкаванай агітацыйнай прадукцыі засталася малая, у тым ліку праз адстунасць дзяржаўнага фінансавання агітацыйнай кампаніі.
  • Датэрміновае галасаванне часта адбывалася з ужываннем адміністрацыйнага ціску на выбаршчыкаў з мэтай схіліць іх прагаласаваць датэрмінова. Яно суправаджалася разыходжаннямі паміж паказчыкамі яўкі, агучанымі ўчастковым камісіямі з паказчыкамі яўкі, зафіксаванымі назіральнікамі. У шэрагу выпадкаў на ўчастках зафіксаваныя наўпроставыя фальсіфікацыі і падлог дзеля забеспячэння галасавання асобаў, што не маюць на гэта права, неаднаразовага галасавання арганізаваных груп асобаў на розных участках.
  • Падлік галасоў на большасці ўчасткаў не адбываўся празрыста і калегіяльна ўсімі сябрамі участковых камісій. Назіральнікі былі пазбаўленыя магчымасці эфэктыўным чынам назіраць за падлікам галасоў і не мелі магчымасці пераканацца ў тым, што камісіі насамрэч сумленна лічаць галасы.
  • Умовы для працы назіральнікаў не былі спрыяльныя. Зафіксаваныя выпадкі ціску на назіральнікаў па месцы працы ці навучання з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад назірання. Былі пазбаўленыя акрэдытацыі альбо выдаленыя з выбарчых участкаў 53 назіральнікі кампаніі "Права выбару" (4,07% ад агульнай колькасці назіральнікаў), што ў паўтары разы больш за паказчык часу выбараў Прэзідэнта ў 2015 годзе, калі было зафіксавана 36 падобных выпадкаў (2,79% ад тагачаснай колькасці назіральнікаў).
  1. Грамадзка-палітычныя ўмовы правядзення выбарчай кампаніі

Асноўным фактарам, які аказаў уплыў на ўмовы падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання сталася наладжванне ўзаемааднсінаў паміж афіцыйным Мінскам і Захадам (краіны Еўрапейскага Саюзу і ЗША). На тле ўзброенага канфлікту ва Украіне Мінск паспрабаваў скарыстаць ролю міратворчай пляцоўкі і донара стабільнасці ў рэгіёне ў якасці апраўдання існавання ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму, у якім адзінаасобная ўлада Прэзідэнта не абмежаваная прынцыпамі падзелу уладаў, парламентарызму і прававой дзяржавы. Пры гэтым захоўваючы нязменным палітычны рэжым, Мінск у некаторай ступені змяніў рыторыку, адмовіўшыся ад агрэсіўных нападак на дэмакратычную апазіцыю і ўжываючы перыядычныя дабразычлівыя сігналы на адрас Захаду ў пытаннях, якія не пагражаюць устойлівасці рэжыму. У прыватнасці, гэткія сігналы падаваліся ў галіне асобных пытанняў правоў чалавека, магчымасці ўзнаўлення паўнавартасных дыпламатычных кантактаў і міжнароднага супрацоўніцтва, у пазітыўным стаўленні да місій міжнародных назіральнікаў за выбарамі.

Апроч рытарычных захадаў ўлады Беларусі, пасля выбараў Прэзідэнта ў кастрычніку 2015 года  і наступнага зняцця краінамі Еўрапейскага Саюзу санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, некаторы час адмаўляліся ад найбольш брутальных формаў рэпрэсій супраць палітычных апанентаў. Пэўны перыяд у краіне не было зняволеных, прызнаных беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі палітычнымі вязнямі, быў зменшаны пераслед журналістаў, што працуюць на размешчаныя за мяжой белаускія СМІ без акрэдытацыі, а замест адміністрацыйных арыштаў у дачыненні да ўдзельнікаў мітынгаў пратэсту (як дазволеных, так і несанкцыянаваных) ўжываліся пераважна грашовыя штрафы, а не арышты. Пры гэтым самі абмежаванні грамадзянскіх правоў і свабодаў засталіся нязменныя – улады проста некаторы час не выкарыстоўвалі набольш жорсткія санкцыі за парушэнне гэткіх абмежаванняў, захоўваючы, аднак, гэтыя санкцыі ў сваім арсенале на ўзроўні рэпрэсіўнага заканадаўства.

Але напярэдадні і падчас выбарчай кампаніі ўладамі быў ужываны шырокі спектр магчымых формаў рэпрэсій, што забяспечыла належны ўзровень кантролю за станам грамадства з боку аўтарытарнай ўлады. У часе выбарчай кампаніі ў Беларусі ізноў з'явіліся палітычныя вязні: супольнасць беларускіх правабарончых арганізацый на аснове вызначаных крытэраў прызнала ў якасці зняволенага па палітычных матывах заснавальніка правабарончай арганізацыі Міхаіла Жамчужнага і аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту пасля выбараў Прэзідэнта 19 снежня 2010 года Уладзіміра Кондруся, які быў затрыманы 14 чэрвеня 2016 года і абвінавачаны па ч.2  арт.293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”). За кратамі таксама знаходзяцца Эдуард Пальчыс (стваральнік сайту 1963x.com, матэрыялы якога 25 жніўня 2016 года былі прызнаныя экстрэмісцкімі рашэннем суда) і Андрэй Бандарэнка, зняволенне якіх кваліфікавана беларускімі дэмакратычнымі сіламі як праява палітычнага пераследу. Шматлікія лідэры і актывісты апазіцыйных аб'яднанняў знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі з-за пагрозаў палітычнага пераследу. Экс-кандыдат у Прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч, які балатаваўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 года, застаецца абвінавачаным па справе аб падзеях 19 снежня 2010 года, таксама як не знятая судзімасць з іншага экс-кандыдата ў Прэзідэнты Міколы Статкевіча, што стала падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у дэпутаты на сёлетніх парламенцкіх выбарах.

Напярэдадні выбараў павялічылася колькасць выпадкаў адміністрацыйных рэпрэсій. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», за восем месяцаў 2016 года было зафіксавана 252 выпадкі адміністрацыйнага пераследу па палітычных матывах у дачыненні да апанентаў улады альбо ўдзельнікаў акцый пратэсту, што перавышае колькасць падобных выпадкаў зафіксаваных праваабаронцамі цягам усяго 2015 года (197 выпадкаў). Пры гэтым асноўным сродкам пакарання ўдзельнікаў акцый пратэсту застаюцца штрафы, агульная сума якіх за першае паўгоддзе 2016 года перавысіла памер 60 тысяч эўра. Дэманстратыўнымі акцыямі пакарання ўдзельнікаў акцый пратэсту ўжо ў часе выбарчай кампаніі сталі вынесены 10 жніўня адміністрацыйны штраф ў дачыненні да кандыдата ў дэпутаты ад АГП Вольгі Маёравай і іншых актывістаў за акцыю салідарнасці са зняволенымі, а таксама прэвентыўнае затрыманне 8 верасня лідэра арганізацыі "Малады Фронт" Зміцера Дашкевіча і іншых меркаваных удзельнікаў запланаванага на гэты дзень пікету.

Тым не меньш, пераважная большасць апазіцыйных аб'яднанняў вырашыла прымаць удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі: з апазіцыйных партый пра ігнараванне выбараў заявілі толькі КХП-БНФ, БСДГ і нефармальны ўтвораны ў траўні 2016 года хаўрус шэрагу палітыкаў пад назвай Беларускі нацыянальны кангрэс. Нягледзячы на заклікі асобных палітыкаў да няўдзелу ў выбарах, маштабнай кампаніі да байкатавання выбараў не назіралася. З палітычных партый апазіцыйнага шэрагу ў выбарах узялі ўдзел: правацэнтрысцкая кааліцыя ў складзе АГП, незарэгістраванага аргкамітэту БХД і праваабаронча-асветніцкага грамадскага  аб'яднання "Рух "За Свабоду", Партыя БНФ, БСДП, Беларуская партыя левых "Справядлівы Свет", Беларуская партыя "Зялёныя", а таксама незарэгістраваная кампанія "Гавары праўду" і шэраг больш дробных нефармальных грамадзкіх фармаванняў. З партый, лаяльных дзеючай уладзе, у выбарах узялі ўдзел Беларуская камуністычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, ЛДПБ (якая пазіцыянуе сябе як канструктыўную апазіцыю, але амаль па ўсіх пытаннях падтрымлівае ўладу), Беларуская патрыятычная партыя, а таксама пра падтрымку шырокага кола вылучаных кандыдатаў у дэпутаты заявіла праўраднае грамадскае аб'яднанне "Белая русь". 

Але нягледзячы на большы ўдзел партый рознай скіраванасці ў гэтай выбарчай кампаніі, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не сталі моцным штуршком для актывізацыі грамадства: выбарчая кампанія засталася малазаўважнай для грамадзян і не выклікала шырокіх грамадскіх дыскусій. Сярод іншага гэта тлумачыцца тым, што нягледзячы на некаторыя працэдурныя паляпшэнні дзеля правядзення агітацыі, засталася нязменнай сутнасць выбарчай кампаніі як кантраляванага адміністрацыйным чынам працэсу, у выніку якога дэпутацкі мандат можа атрымаць толькі санкцыянаваная выканаўчай уладай фігура.

  1. Прававое рэгуляванне выбараў

Прававыя ўмовы для правядзення выбараў у Беларусі засталіся нязменныя і не забяспечваюць магчымасці правядзення свабодных і справядлівых выбараў на канкурэнтнай аснове ва ўмовах роўнага спаборніцтва розных палітычных сілаў. Улады Беларусі не прыслухаліся да рэкамендацый нацыянальных назіральнікаў (у тым ліку кампаніі «Права выбару») ды місіі назірання БДІПЧ АБСЭ, якія былі зробленыя па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта ў 2015 годзе: змены ў Выбарчы кодэкс, якія маглі б забяспечыць адкрыты і справядлівы падлік галасоў, не былі ўнесеныя, таксама як і не адбылося ўдасканалення выбарчага працэсу на ўзроўні пастановаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК).

У параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года адбыліся некаторыя змены ў прававым рэгуляванні выбарчага працэсу, якія былі выкліканыя новай рэдакцыяй выбарчага кодэкса 2013 года. Некаторыя з гэтых зменаў былі ўжо апрабіраваныя на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 2014 года і выбарах Прэзідэнта 2015 года. Найбольшае значэнне для хады выбарчай кампаніі мела адмова ад дзяржаўнага фінансавання агітацыйных кампаній кандыдатаў і перавод іх цалкам на кошт фінансавання з выбарчых фондаў, складзеных кандыдатамі з уласных сродкаў ды акумуляваных на выбарчых рахунках ахвяраванняў беларускіх грамадзян і фізічных асоб. Таксама гэтыя парламенцкія выбары сталіся першымі, на якіх палітычныя партыі, што вылучылі кандыдатаў, не мелі магчымасці накіраваць сваіх прадстаўнікоў у якасці сябра Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусьь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК) з правам дарадчага голасу: цяпер гэткія прадстаўнікі партый маглі быць накіраваныя толькі ў акруговыя камісіі (АВК). Яшчэ адным новаўвядзеннем сталася стварэнне на гэтых выбарах узроўню тэрытарыяльных камісій (ТВК - абласных і мінскай гарадской), у выніку чаго разгляд скаргаў на парушэнні выбарчага закнадасўтва апынуўся сканцэнтраваным на гэтым узроўні, і разгляд скаргаў у ЦВК практычна не ажыццяўляўся. 

У развіццё палажэнняў выбарчага кодэксу ЦВК былі прынятыя шэраг пастановаў, скіраваныях на растлумачэнне парадку выкарыстання палажэнняў заканадаўства для мэтаў канкрэтна сёлетняй кампаніі.

Варта адзначыць прынцыповае і беспрэцыдэнтнае змяненне адной з гэтых пастановаў, датычнае арганізацыі назірання, літаральна ўжо ў часе галасавання. 10 верасня ЦВК сабраўся на пасяджэнне і прыняў пастанову №57, якой вызначыў, што на пасяджэнні АВК, ці участковых камісій (УВК), на ўчастку для галасавання маюць права прысутнічаць не больш за аднаго назіральніка з ліку давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам літаральна да дня выбараў былі істотна зменшаныя магчымасці кандыдатаў ажыццяўляць назіранне за галасаваннем і падлікам галасоў. Гэткае экстраардынарнае змяненне ўмоваў выбараў за дзень да дня галасавання было зробленае таемным чынам: на пасяджэнне ЦВК, дзе разглядалася гэтая пастанова, не былі запрошаныя акрэдытаваныя пры ЦВК назіральнікі партый і грамадскіх аб'яднанняў, пра гэтае пасяджэнне не было абвешчана на сайце ЦВК, што супярэчыць нормам галоснасці, устаноўленым самой ЦВК.

  1. Утварэнне выбарчых камісій

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што арганізацыю і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ажыццяўляе сістэма выбарчых камсій чатырох узроўняў:

  • Цэнтральная камісія, сфармаваная ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй (не мае ў сваім складзе прадстаўнікоў апазіцыі);
  • Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі: шэсць абласных і Мінская гарадская;
  • Акруговыя выбарчыя камісіі: 110 камісій (па колькасці аднамандатных акругаў);
  • Участковыя выбарчыя камісіі: 6 018 камісій (уключна з размешчанымі ў замежжы).

Згодна з арт.34 Выбарчага кодэкса, камісіі фармуюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы.   

Пры гэтым тыя палітычныя партыі, якія не маюць рэгістрацыі, пазбаўленыя магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў у якія кольвек камісіі, тыя арганізацыі, якія маюць рэгістрацыю, але не маюць зарэгістраваных абласных аддзяленняў, пазбаўленыя магчымасці вылучаць прадстаўнікоў у УВК.

Этап фармавання ТВК, АВК і УВК прадэманстраваў, што выбарчая кампанія  не прадугледжвае паўнавартаснага ўдзелу апазіцыйных партый і аб'яднанняў у працы органаў, што забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў. Гэта падрывае давер да працэдуры выбараў з боку грамадства і служыць падставай для недаверу вынікам выбараў.

Працэдура сумоўя з вылучанымі ў склад камісій асобамі, якая ўжывалася цяпер пры падрыхтоўцы да пасяджэнняў органаў, што фармуюць камісіі, мела фіктыўны характар і рэальна не паўплывала на збалансаванасць складу і прадстаўленасць у камісіях розных палітычных сіл.

Пераважная большасць вылучаных у склад камісій прадстаўнікоў праўладных аб’яднанняў была ўключаная ў склад камісій, у той час як абсалютнай большасці вылучэнцаў апазіцыйных партый і незалежных аб’яднанняў было адмоўлена.

Ніжэй прыводзяцца табліцы, якія дазваляюць параўнасць уключэнне ў склад АВК і УВК прадстаўнікоў арганізацый рознай палітычнай скіраванасці ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі (складзена паводле афіцыйных дадзеных ЦВК). 

Вылучэнне і ўключэнне прадстаўнікоў розных суб’ектаў у склад АВК

 

 

 

Суб'ект вылучэння

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2012 года

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2016 года

Вылучана

Уключана

% ад колькасці вылучаных

Вылучана

Уключана

% ад колькасці вылучаных

Ад грамадзян праз падачу заявы

638

409

64,10

772

524

67,87

Ад працоўных калектываў

230

146

63,47

145

105

72,41

Ад грамадскіх аб'яднанняў

1259

875

69,49

1275

971

76,15

у тым ліку

      

Ад палітычных партыяў:

401

214

53,5

353

195

55,24

Беларуская аграрная партыя

20

19

95

15

14

93,33

Беларуская партыя "Зялёныя"

5

1

20

0

0

0

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет"

88

27

30,68

65

17

26,15

Беларуская патрыятычная партыя

0

0

-

1

0

0

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

6

3

50

14

4

28,57

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

17

16

94,11

17

17

100

Камуністычная партыя Беларусі

95

77

81,05

110

77

70

Ліберальна-дэмакратычная партыя

1

0

0

24

10

41,66

Аб'яднаная грамадзянская партыя

42

7

16,6

1

0

0

Партыя БНФ

57

12

21,05

27

5

18,51

Рэспубліканская партыя

14

12

85,71

7

4

57,14

Рэспубліканская партыя працыі справядлівасці

49

39

79,59

64

42

65,62

Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды

7

1

14,28

8

5

62,5

Іншыя грамадскія аб'яднанні :

858

661

77,03

922

776

84,16

Белая Русь

110

106

96,36

110

108

98,18

БРСМ

108

86

79,62

110

90

81,81

Беларускі саюз жанчын

-

-

-

100

95

95

Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў

98

82

83,67

94

87

92,55

ФПБ

279

206

73,83

249

225

90,36

Іншыя грамадскія аб'яднанні :

263

181

68,82

259

171

66,02

Агулам

2127

1430

67,23

2192

1430

65,23

Па ўсёй краіне толькі 5 прадстаўнікоў апазіцыйных партый (з 16-ці вылучаных) увайшлі ў склад ТВК і 26 (са 134 вылучаных) – у склад АВК. Агульны працэнт іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК застаўся мізерны (5,4% у ТВК  і 1,8% у АВК). Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК складала 3%, на выбарах 2008 г. – 2,2%;

Ад апазіцыйных партый у склад УВК уключаўся ў сярэднім адзін з дваццаці вылучаных прадстаўнікоў. Пры гэтым ад лаяльных уладам грамадзкіх аб'яднанняў і палітычных партый гэтая прапорцыя мае адваротны характар – у УВК уключаліся больш за 90% ад вылучаных прадстаўнікоў гэткага кшталту арганізацый. Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак Сацыяльна-спартовай партыі, якая традыцыйна амаль не вылучае кандыдатаў, але вылучае вельмі шмат прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і назіральнікаў: усе 17 яе вылучэнцаў у склад АВК былі уключаныя, а з 660 вылучэнцаў у УВК у склад камісій былі залічаныя 639 асобаў, што складае недасяжныя для апазіцыі 96,81% ад колькасці вылучаных.

Вылучэнне і ўключэнне прадстаўнікоў розных суб’ектаў у склад УВК

 

 

 

Суб'ект вылучэння

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2012 года

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2016 года

Вылучана

Уключана

% ад колькасці вылучаных

Вылучана

Уключана

% ад колькасці вылучаных

Ад грамадзян праз падачу заявы

32908

26570

80,75

27463

24106

87,77

Ад працоўных калектываў

15375

11153

72,53

9257

8321

89,88

Ад грамадскіх аб'яднанняў

36498

31222

85,54

36608

33431

91,32

у тым ліку

   

 

 

 

Ад палітычных партыяў:

3783

2671

70,60

4287

3411

79,56

Беларуская аграрная партыя

571

485

84,93

655

637

97,25

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет"

216

39

18,05

169

31

18,34

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

30

5

16,66

42

3

7,14

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

609

551

90,47

660

639

96,81

Камуністычная партыя Беларусі

845

635

75,14

988

816

82,59

Ліберальна-дэмакратычная партыя

0

-

-

15

5

33,33

Аб'яднаная грамадзянская партыя

240

5

2,08

223

14

6,27

Партыя БНФ

158

12

7,59

80

5

6,25

Рэспубліканская партыя

262

235

89,69

310

265

85,48

Рэспубліканская партыя працыі справядлівасці

832

704

84,61

1141

994

87,11

Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды

0

-

-

4

2

50

Іншыя грамадскія аб'яднанні :

32715

28551

87,31

32321

30020

92,94

Белая Русь

4799

4189

87,28

4626

4536

98.05

БРСМ

4345

3674

84,55

4066

3488

85,78

Беларускі саюз жанчын

4037

3791

93,90

4344

4241

97,62

Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў

3138

2635

83,97

3160

2876

91,01

ФПБ

10400

9418

90.55

9350

8939

95,6

Іншыя грамадскія аб'яднанні :

5996

4844

80,78

6775

5940

87,67

Агулам

84781

68945

81,32

73328

65856

89,81

Як і ў часе ранейшых выбарчых кампаній, суды ніколі не задавальнялі скаргі на фармаванне камісій, нават у тых выпадках, калі незаконнасць рашэння пра іх фармаванне была відавочная. У прыватнасці, у шматлікіх судовых працэсах было зафіксавана, што ўключаныя ў склад камісій прадстаўнікі прадзяржаўных арганізацый не былі вылучаныя належным чынам (Беларускі Саюз Жанчын і Беларускае аб’яднанне ветэранаў). Такім чынам, судовае абскарджанне адмоваў ва ўключэнні прадстаўнікоў арганізацый-удзельніц кампаніі "Права выбару-2016" не дазволіла аднавіць законныя інтарэсы палітычных партый і дамагчыся ўключэння іх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Разам з тым, даследаваныя ў судовых працэсах доказы пераканаўча прадэманстравалі сістэмную незаконнасць і неабгрунтаванасць рашэнняў пра стварэнне выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

  1. Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты

Паводле Выбарчага кодэксу, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты магчыма ажыцяўляць адным з трох спосабаў: 1) ад палітычнай партыі – рашэннем вышэйшага органа партыі; 2) ад размешчаных на тэрыторыі выбарчай акругі працоўных калектываў – рашэннем сходу ці канферэнцыі працоўнага калектыва; 3) ініцыятыўнай групай шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.  Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца групай выбаршчыкаў (ініцыятыўнай групай) у колькасці не менш за 10 чалавек. Асобу, якую прапануюць для вылучэння кандыдатам у дэпутаты, павінна падтрымаць не меней за 1000 выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчага акругі.

У рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты было адмоўлена 30 групам (6,26%) з пададзеных 479 заявак, што амаль у 3 разы менш за колькасць адмоваў на мінулых парламенцкіх выбарах, калі было адмоўлена ў рэгістрацыі 85 групам (19,31%) з 440 пададзеных. Усе групы апазіцыйных прэтэндэнтаў былі зарэгістраваныя (у адным выпадку – пасля абскарджвання ў вышэйстаячую выбарчую камісію).

Улады за рэдкім выключэннем не перашкаджалі правядзенню пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым, зафіксаваныя выпадкі ціску на апазіцыйных прэтэндэнтаў і выпадкі нападаў на пікеты па зборы подпісаў, а таксама перашкоды пры зборы подпісаў у інтэрнатах і перашкоды пры здачы дакументаў аб вылучэнні ў АВК.

Зафіксаваныя факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пад час перадвыбарчых мерапрыемстваў, у тым ліку аднабаковае асвятленне збору подпісаў дзяржаўнымі СМІ на карысць праўладных прэтэндэнтаў, што парушае прынцып роўнасці ўмоваў для прэтэндэнтаў ад розных палітычных сілаў.

Паводле паведамленняў апазіцыйных палітычных партый, на асобаў, што публічна выказалі намер рэгістрацыі ініцыятыўнай групы альбо падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ажыццяўляўся ціск па месцы працы альбо жыхарства. У шэрагу выпадкаў гэткі ціск стаўся прычынай таго, што асобы, якія мелі намер вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, былі вымушаныя адмовіцца ад вылучэння.

Выпадкаў скасавання рэгістрацыі ініцыятыўных груп падчас этапу вылучэння не было зафіксавана. Разам з тым у выпадку прадстаўніка "Руху "За Свабоду" Алеся Лагвінца вынясення ягонай ініцыятыўнай групе папярэджанняў сталася падставай для адмовы ў рэгістрацыі палітыка кандыдатам у дэпутаты.   

Паводле звестак ЦВК, з 630 асобаў, якія былі вылучаныя кандыдатамі, 507 чалавек (80.5%) было вылучана адным шляхам вылучэння: 122 (19,4%) былі вылучаныя грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 31 (4,9%) было вылучана працоўнымі калектывамі, 354 было вылучана палітычнымі партыямі (56,2%). Двума шляхамі было вылучана 111 чалавек (17,6%): зборам подпісаў і працоўным калектывам 90 чалавек (14,3%), зборам подпісаў і палітычнай партыяй 21 чалавек (3,3%). Адначасова трыма шляхамі было вылучана 12 чалавек (1,9%).

У параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі павялічылася агульная колькасць вылучэнцаў, але пры гэтым у працэнтных адносінах асабліва павялічылася доля вылучэнцаў ад палітычных партый, прычым як ад апазіцыйных, так і ад лаяльных дзеючай уладзе. Лічба прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца толькі праз збор подпісаў, дэманструе яскравую тэндэнцыю да зніжэння

Спосаб вылучэння

2008

2012

2016

Вылучана кандыдатаў толькі шляхам збору подпісаў

197

123

122

Вылучана кандыдатаў шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі

93

88

90

Вылучана кандыдатаў шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі

24

8

21

Вылучана кандыдатаў усімі трыма спосабамі

4

4

12

Пераважная большасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый была вылучана шляхам партыйнага вылучэння. Вылучэнне шляхам збору подпісаў ажыццяўляла невялікая частка прэтэндэнтаў ад апазіцыйных арганізацый, пры гэтым большасць іх ініцыятыўных груп не здавала сабраныя подпісы выбаршчыкаў у АВК. Праўладныя кандыдаты вылучаліся ад працоўных калектываў, альбо камбінуючы збор подпісаў з вылучэннем ад працоўных калектываў, а часам выкарыстоўваючы ўсе тры спосабы вылучэння – амаль усе вылучаныя падобным спосабам прэтэндэнты былі зарэгістраваныя кандыдатамі.

Насуперак заявам ЦВК адмовы ў рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў засталіся пашыранай практыкай абмежавання выбарчых правоў грамадзянаў. Нягледзячы на зніжэнне агульнай колькасці адмоваў ў рэгістрацыі кандыдатаў у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі, для апазіцыйных партый і аб'яднанняў адмовы ў рэгістрацыі засталіся пашыраныя як у колькасным вымярэнні (агульная лічба адмоваў), так і ў працэнтным вымярэнні (доля адмоваў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў, якія былі вылучаныя ад апазіцыйных арганізацый).

Найбольш пашыранымі падставамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі прэтэнзіі да дэкларацый аб даходах і маёмасці прэтэндэнтаў. Для прэтэндэнтаў, што вылучаліся шляхам збору подпісаў, засталася пашыраная практыка адмовы ў рэгістрацыі на падставе праверкі сабраных подпісаў выбаршчыкаў.

Працэдура праверкі подпісаў выбаршчыкаў, што былі пададзеныя для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў, засталася непразрыстай для грамадскасці. Гэта праявілася як у нядопуску назіральнікаў да назірання за гэтым кампанентам працы АВК, так і ў адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыі ў большасці АВК, што падрывае давер да вынікаў працэдуры праверкі. Тыя нешматлікія прадстаўнікі апазіцыйных партый, якія былі ўключаныя ў АВК і ТВК, таксама былі пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна кантраляваць працэс праверкі подпісаў, здадзеных праўладнымі кандыдатамі.

Асноўнымі прычынамі ўказанымі ў рашэннях АВК аб адмове ў рэгістрацыі былі недакладнасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах у памеры большым за 15% ад правераных подпісаў і памылкі ў дэкларацыі аб даходах прэтэндэнтаў, а таксама хібы ў прадастаўленых дакументах, што пацвярджаюць месца працы і адукацыю. У шэрагу выпадкаў АВК безпадстаўна расцэньвалі гэта як істотны недахоп, дастатковы для адмовы ў рэгістрацыі, адсутнасць завераных копій дакументаў.

У шэрагу выпадкаў падставамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі прэтэнзіі да копій дакументаў, што пацвярджаюць месца працы і адукацыю асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты. Гэтая катэгорыя дакументаў на бягучых выбарах упершыню патрабуецца пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паколькі іх прадастаўленне было прадугледжанае зменамі ў Выбарчы кодэкс, якія былі ўнесеныя ў 2013 годзе. Такім чынам, змены, унесеныя тады ў Выбарчы кодэкс, не спрасцілі працэдуры рэгістрацыі кандадатаў у дэпутаты, а ўскладнілі яе.

АВК дэманстравалі перадузятае стаўленне да кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыйных партый і аб'яднанняў у параўнанні з кандыдатамі, лаяльнымі дзеючай уладзе. У шэрагу выпадкаў гэта прывяло да адмовы ў рэгістрацыі моцных кандыдатаў, вылучаных ад арганізацый-удзельніц кампаніі "Права выбару-2016", якія вялі актыўную дзейнасць на тэрыторыі выбарчых акругаў і мелі вялікія шанцы здабыць падтрымку выбаршчыкаў. Гэткая практыка з боку АВК стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў і пазбавіла выбаршчыкаў магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у парламенце на аснове роўных і справядлівых умоваў.

Рэгістрацыя кандыдатаў паводле спосаба вылучэння ў параўнанні з мінулымі выбарамі

 

Выбары 2012 года

Выбары 2016 года

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Адсотак зарэгістраваных

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Адсотак зарэгістраваных

Паступіла дакументаў (агулам)

599

  

765

  

Вылучана кандыдатаў (агулам)

494

363

73,48%

630

521

82,69%

У тым ліку:

Адным суб'ектам

393

264

67,17%

507

399

78,69%

Грамадзянамі шляхам збору подпісаў

122

54

44,26%

122

77

63,11%

Працоўнымі калектывамі

19

16

84,21%

31

24

77,41%

Палітычнымі партыямі

252

194

76,98%

354

298

84,18%

Двума суб'ектамі

97

95

97,93%

111

110

99,09%

Грамадзянамі шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі

89

89

100,00%

90

89

98,88%

Грамадзянамі шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі

8

6

75,00%

21

21

100,00%

Трыма суб'ектамі

4

4

100,00%

12

12

100,00%

Агулам вылучана кожным суб'екам*

Грамадзянамі шляхам збору подпісаў

223

153

68,60%

245

199

81,22%

Працоўнымі калектывамі

112

109

97,32%

133

125

93,98%

Палітычнымі партыямі

264

204

77,27%

387

331

85,52%

*Калі кандыдат вылучаны некалькімі суб'ектамі вылучэння, то ў гэтых графах пазначаецца кожны шлях вылучэння як асобы

Найменьшая колькасць адмоваў у рэгістрацыі была для вылучэнцаў ад палітычных партый (зарэгістравана 84% ад вылучаных), але асабліва паспяхова этап рэгістрацыі прайшлі прэтэндэнты, вылучаныя адначасова двума суб’ектам (працоўнымі калектывамі і зборам подпісаў, альбо грамадзянамі шляхам збору подпісаў і палітычнымі партыямі) ці адразу трыма суб'ектамі: у абодвух выпадках адсотак рэгістрацыі практычна складае 100%. Як правіла такім вылучэннем карыстаюцца кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада.

Паказальнай з'яўляецца колькасць адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных апазіцыйнымі і лаяльнымі ўладам палітычнымі партыямі ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года:

Адмовы ў рэгістрацыі вылучэнцаў апазіцыйных партый у параўнанні з мінулымі выбарамі

Назва палітычнай партыі

Выбары 2012 года

Выбары 2016 года

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Колькім адмоўлена ў рэгістрацы, (%)

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Колькім адмоўлена ў рэгістрацы, (%)

Беларуская партыя "Зялёныя"

0

0

-

5

5

0 (0%)

Партыя БНФ

33

30

3 (9%)

60

49

11 (18%)

Аб’яднаная Грамадзянская партыя

48

35

13 (27%)

67

57

10 (15%)

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”

32

26

5 (15%)

46

38

8 (17%)

Беларуская патрыятычная партыя

0

0

-

18

16

2 (11%)

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

15

11

4 (26%)

29

27

2 (7%)

Камуністычная партыя Беларусі

23

21

2 (8,6%)

52

44

8 (15%)

Беларуская сацыяльна-спартовая партыя

1

1

0 (0%)

0

0

-

Ліберальна-дэмакратычная партыя

93

70

23 (24%)

90

77

13 (14%)

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці

19

9

10 (52,6%)

20

18

2 (10%)

*Табліца прадстаўленая паводле афіцыйных дадзеных пра суб'ект вылучэння, без уліку вылучэння пад шыльдамі апазіцыйных партый прадстаўнікоў незарэгістраваных аб'яднанняў

Як бачна, колькасць палітычных партый, якія прымалі ўдзел у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, у параўнанні з мінулымі выбараў павялічылася з васьмі да дзевяці. Пры гэтым паводле адсотка адмоваў у рэгістрацыі прадстаўнікоў апазіцыйных і лаяльных уладам партый не назіраецца асаблівай розніцы. Разам з тым, адсотак адмоваў у рэгістрацыі прэтэндэнтаў, што вылучаліся толькі зборам подпісаў, істотна вышэйшы за адсотак адмоваў вылучэнцам палітычных партый. Наадварот, прэтэндэнты, што вылучаліся двума ці трыма шляхамі (звычайная форма вылучэння для прэтэндэнтаў, што карыстаюцца падтрымкай выканаўчай улады) амаль ніколі не сутыкаліся з адмовамі ў рэгістрацыі

У цэлым адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у параўнанні з мінулымі выбарамі стала менш: было адмоўлена ў рэгістрацыі 93 прэтэндэнтам, што складае 14,8% (з улікам таго, што 16 вылучэнцаў адклікалі сваё вылучэнне). Колькасць адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на мінулых парламенцкіх выбарах у 2012 годзе складала 122 чалавекі, альбо 24,6 % ад агульнай колькасці вылучаных (з улікам адмовы ад вылучэння 9 прэтэндэнтаў, што адклікалі дакументы). Падчас правядзення парламенцкіх выбараў у 2008 г. агульная колькасць адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты складала таксама 24%.

Паводле паведамленняў шэрагу апазіцыйных палітычных партый і аб'яднанняў, колькасць адмоваў іх вылучэнцам у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года не толькі не паменшылася, але нават павялічылася. Гэта датычыцца Партыі БНФ, партыі "Справядлівы свет", а таксама вылучаных праз партыю АГП прадстаўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая на стадыі рэгістрацыі страціла чвэрць сваіх вылучэнцаў. Пры гэтым у дачыненні да гэтых партый пашырэнне адмоваў праявілася як ў колькасным вымярэнні (агульная лічба адмоваў), так і ў працэнтным вымярэнні (доля адмоваў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў, якія былі вылучаныя ад апазіцыйных арганізацый). Аднак, вылучэнцы ад іншых партый-удзельніц кампаніі "Права выбару-2016" сутыкнуліся з адносна меншай колькасцю адмоваў: гэта датычыць АГП, БСДП і Беларускай партыі "Зялёныя" (у апошняй былі зарэгістраваныя кандыдатамі ўсе пяць вылучэнцаў).

Толькі ў адзінкавых выпадках абскарджванне адмовы ў рэгістрацыі ў ТВК ці далей у суд прыносіла плён і дазваляла кандыдату дамагчыся рэгістрацыі. Пасля правядзення агітацыйнай кампаніі шэраг зарэгістраваных кандыдатаў адмовіліся ад удзелу ў выбарах і знялі свае кандыдатуры. У прыватнасці, сярод арганізацый-удзельніц кампаніі "Права выбару-2016" так зрабілі 4 кандыдаты ад АГП, 3 кандыдаты ад Партыі БНФ. З іншых партый адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў кампаніі 5 кандыдатаў ад ЛДПБ, 1 кандыдат ад партыі левых "Справядлівы свет", 2 кандыдаты ад РППС, 8 кандыдатаў ад КПБ. 

  1. Перадвыбарчая агітацыя

Уведзеная ў Выбарчы кодэкс у 2013 годзе адмова ад дзяржаўнага фінансавання агітацыі упершыню была выкарыстаная на ўзроўні парламенцкіх выбараў. Практыка сведчыць, што адсутнасць дзяржаўнага фінансавання абумовіла малую колькасць агітацыйнай прадукцыі і рэкламы кандыдатаў, што нашкодзіла азнаямленню выбаршчыкаў з кандыдатамі.

Закрыты характар фармавання выбарчых фондаў і непублічнасць інфармацыі пра крыніцы паступлення туды сродкаў, адсутнасць забароны на пералічэнне ў выбарчыя фонды сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў (апроч тых што фінансуюцца з бюджэту), шырокі ўдзел у агітацыі грамадскіх аб'яднанняў, што фінансуюцца з бюджэту (БРСМ, ФПБ), арганізацыя агітацыі праз працоўныя калектывы арганізацыяў і прадпрыемсваў, што цалкам альбо часткова фінансуюцца з бюджэту, ўдзел у агітацыі партый і аб'яднанняў, што атрымліваюць ад дзяржавы матэрыяльную падтрымку ў неграшовым выглядзе (КПБ, РППС і Белая Русь якім урадам устаноўлены ільготныя стаўкі арэнды дзяржаўных памяшканняў) дазваляюць зрабіць выснову: агітацыйная кампанія лаяльных выканаўчай уладзе кандыдатаў па-ранейшаму ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы, у той час як апазіцыйныя кандыдаты гэткай падтрымкі пазбаўленыя. Агулам 355 кандыдатаў (68% ад агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў) адкрылі ў "Беларусбанку" рахункі для збору дабраахвотных ахвяраванняў у мэтах папаўнення сваяго выбарчага фонду.

У адрозненне ад мінулых парламенцкіх выбараў 2012 года, падчас бягучай кампаніі не была пашыраная практыка замаруджвання і валакіты з боку банкаў у справе адкрыцця адмысловых выбарчых рахункаў: большасць кандыдатаў мела магчымасць зрабіць гэта сваечасова.

Пры распаўсюджанні агітацыйных матэрыялаў у розных формах дзяржаўныя СМІ і выбарчыя камісіі ўжывалі цэнзуру: зафіксаваныя адмовы ў публікацыі перадвыбарчых праграм і выпуску ў эфір тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў, сістэмна ўжывалася рэдактура і маніпуляцыі з біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў і іх фотаздымкамі, што прадстаўляліся кандыдатамі ў акруговыя камісіі (АВК) для размяшчэння на агульных плакатах, якія друкуюцца АВК, некаторыя камісіі незаконна патрабавалі папярэдняга ўзгаднення з імі тэкстаў улётак. Выпадкі цэнзуравання і невыпуску ў эфір запісаных кандыдатамі выступаў былі менш пашыраныя, чым на парламенцкіх выбарах 2012 года, але таксама фіксаваліся і цяпер.

Дзяржаўныя СМІ ажыццяўлялі асвятленне агітацыйнай дзейнасці кандыдатаў, лаяльных выканаўчай уладзе, у той час як дзейнасць апазіцыйных кандыдатаў і партый замоўчвалася. 386 кандыдатаў (альбо 74% ад колькасці зарэгістраваных кандыдатаў) падалі для публікацыі свае перадвыбарчыя праграмы. Некаторыя з кандыдатаў паведамілі, што пры апублікаванні іх праграм выкарыстоўвалі неабгрунтаваныя рэдактарскія захады. Дзяржаўныя газеты і АВК не дэманстравалі адзінага падыхода што да публікацыі праграм кандыдатаў на інтэрнэт-сайтах.

Паведамленняў пра перашкоды ў друку ўлётак і плакатаў было менш у параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі. Але ў некаторых выпадках друкарні адмаўляліся друкаваць матэрыялы, калі кандыдаты самі не ўзгодняць тэкст улётак з АВК.

Практыка аплаты рэкламных публікацый кандыдатаў у друкаваных СМІ не з'яўляецца пашыранай: гэтай магчымасцю скарысталася меншасць кандыдатаў. Разам з тым упершыню ў часе агітацыйнай кампаніі кандыдаты ўжылі такі сродак агітацыі, як размяшчэнне білбордаў.

У шэрагу выпадкаў кандыдаты ад апазіцыйных партыяў сутыкнуліся з цэнзурай тых звестак і фотаздымкаў, якія былі імі прадстаўленыя для публікацыі на агульных плакатах, што вырабляюцца АВК. 

У цэлым прадугледжаны арт. 451 Выбарчага кодэкса заяўляльны парадак правядзення перадвыбарчых сходаў, пікетаў і мітынгаў выконваўся. Разам з тым па-ранейшаму заяўляльным парадкам (які прадугледжвае паведамленне за два дні да мерапрыемства) могуць карыстацца толькі каныдыдаты і іх давераныя асобы. Іншыя грамадзяне, калі яны хочуць правесці масавае мерыпрыемства (у тым ліку агітацыйнага характару) павінныя прасіць дазвол у выканаўчай улады за 15 дзён да даты правядзення і дае магчымасьць дзяржаўным органам адвольна забараніць правядзенне любога мерапрыемства. Падобнае дваістае рэгуляванне агітацыйных мерапрыемстваў стварае перашкоды для роўнага ўдзелу ў агітацыі кандыдатаў ды іншых суб'ектаў, што яскрава праявілася ў часе бягучай агітацыйнай кампаніі: у дачыненні да ўдзельнікаў масавай акцыі ў Мінску 25 жніўня былі складзеныя пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне. ЦВК забараніў кандыдатам праводзіць мітынгі па заяўляльным прынцыпе па-за межамі тэрыторыі выбарчай акругі, дзе яны балатуюцца. 

  1. Датэрміновае галасаванне

Згодна з арт.53 Выбарчага кодэкса, выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў  знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запоўніць у памяшканні УВК бюлетэнь і апусціць яго ў апячатаную адмысловую скрыню для датэрміновага галасавання. Пры гэтым ад выбаршчыка не патрабуецца якога кольвек афіцыйнага пацвярджэння альбо нават тлумачэння прычынаў немагчымасці прыйсці галасаваць у дзень выбараў. Датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін у прысутнасці не менш як двух членаў УВК.

Захоўванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй УВК, аднак пры гэтым ані заканадаўства, ані метадычныя дапаможнікі Цэнтральнай камісіі для УВК не рэгламентуюць дэтальна тых захадаў, якія павінныя быць ужытыя для забеспячэння захавання скрыні і прадухілення доступу да яе пабочных асобаў у дні датэрміновага галасавання ў час, калі галасаванне не праводзіцца.

Назіральнікамі кампаніі "Права выбару-2016" зафіксавана 185 выпадкаў, калі захоўванне скрыняў для галасавання адбывалася ва ўмовах, якія не забяспечвалі адсутнасць доступу пабочных асобаў да скрыняў для галасавання ў перыяд датэрміновага галасавання ў час, калі галасаванне не праводзіцца. У пераважнай большасьці гэта выявілася ў неапячатванні памяшканняў, дзе знаходзяцца скрыні для галасавання, у нядбайным апячатванні скрыняў для галасавання, што не перашкаджала несанкцыянаванаму ўкідванню бюлетэняў у скрыні, у шэрагу выпадкаў зафіксаваныя факты доступу да скрыняў для галасавання пабочных асобаў у час, калі датэрміновае галасаванне не праводзілася.  

Бягучая выбарчая кампанія адметная шырокім выкарыстаннем адміністрацыйнага прымусу для арганізацыі недабраахвотнага датэрміновага галасавання студэнтаў і навучэнцаў навучальных установаў, працоўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры гэтым такі ціск часта суправаджаўся захадамі, скіраванымі на парушэнне прынцыпу свабоды выбараў ва ўмовах таемнага галасавання: прадстаўнікі адміністрацый навучальных установаў і дзяржаўных прадпрыемстваў кантралявалі ўдзел сваіх навучэнцаў і супрацоўнікаў у датэрміновым галасаванні. Па гэтых фактах назіральнікамі кампаніі "Права выбару-2016" пададзена 13 скаргаў.

Варта адзначыць, што прымусовае і адміністрацыйна арганізаванае датэрміновае галасаванне, таксама як і адміністрацыйны незаконны кантроль за тым, ці прыняў выбаршчык удзел у галасаванні, адносяцца да парушэнняў з высокай ступенню латэнтнасці.

Афіцыйныя звесткі яўкі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне дэманструюць рост у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года: паводле інфармацыі ЦВК, сёлетні паказчык датэрміновага галасавання стаўся рэкордным для парламенцкіх выбараў у Беларусі. Для параўнання: на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання ў 2004 годзе (якія былі сумешчаныя з рэфэрэндумам пра дазвол А.Лукашэнку балатавацца на пасаду Прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў) афіцыйны паказчык яўкі за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання складаў толькі 17,39%.

Афіцыйныя дадзеныя пра датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбараў (у адсотках)

Парламенцкія выбары

На першы дзень датэрміновага галасавання

На другі дзень датэрміновага галасавання

На трэці дзень датэрміновага галасавання

На чацьверты  дзень датэрміновага галасавання

Агулам за час датэрміновага галасавання

2012 год

3

7,19

12,5

19,6

25,9

2016 год

3,92

9,63

16,71

24,31

31,29

Пры гэтым паведамленні назіральнікаў кампаніі "Права выбару-2016", якія вялі падлік прагаласаваўшых датэрмінова падчас усяго перыяду датэрміновага галасавання, сведчаць, што гэткія фенаменальна вялікія паказчыкі ўдзелу ў датэрміновым галасаванні толькі часткова сталіся вынікам адміністрацыйна арганізаванага і прымусовага датэрміновага галасавання, пра якое вядзецца размова вышэй. Асноўным жа інструментам забеспячэння гэткіх высокіх афіцыйных паказчыкаў датэрміновага галасавання сталіся свядомыя маніпуляцыі, якія маюць прыкметы злачынных дзеянняў.

Назіральнікі кампаніі "Права выбару-2016" вялі падлік прагаласаваўшых датэрмінова на 382 выбарчых участках. Пры гэтым толькі на 69 участках (альбо 18% участкаў, дзе адбывалася назіранне) дадзеныя падліку прагаласаваўшых назіральнікамі супалі з дадзенымі, агучанымі гэтымі УВК. На 141 участку  (што складае 26% усіх участкаў, дзе адбывалася назіранне) дадзеныя УВК адрозніваліся ад дадзеных падліку назіральнікаў на 5% і больш ад агульнай колькасці спіскавага складу, што можа быць патлумачанае толькі наўмыснымі маніпуляцыямі.

Завышэнне афіцыйнай яўкі ў параўнанні з рэальнай было зафіскаванае на ўсіх акругах, дзе назіральнікі кампаніі "Права выбару-2016" прысутнічалі увесь час датэрміновага галасавання на ўсіх выбарчых участках дадзенай акругі. Аднак найбольшы маштаб незаконныя маніпуляцыі і завышэнне яўкі мелі месца ў сталічных акругах, дзе афіцыйная яўка, абвешчаная УВК, часам у некалькі разоў пераўзыходзіла рэальную колькасць выбаршчыкаў, якія наведалі памяшканне участку і атрымалі бюлетэні. Такое пашырэнне найбольш відавочнага сродку простых фальсіфікацый у Мінску можа быць выклікана абмежаванасцю прымусовага рэсурсу ў сталіцы.

Розніца ў паказчыках яўкі на датэрміновае галасаванне паводле дадзеных УВК і назіральнікаў

Нумар і назва акругі

Агульная колькасьць прыняўшых удзел у галасаванні 6-10 верасня па падліках назіральнікаў

Яўка на датэрміновае галасаванне ў адсотках па дадзеных назіральнікаў

Агульная колькасьць прыняўшых удзел у галасаванні 6-10 верасня па дадзеных камісій

Яўка на датэрміновае галасаванне ў адсотках па дадзеных камісій

Завышэнне яўкі ў адсотках па спіскавай колькасці выбаршчыкаў

3 – Брэсцкая-Усходняя

10763

17,2

11845

18,9

+1,7

18 – Віцебская-Чкалаўская

12003

18,2

13652

19,2

+0,9

51 – Гродзенская-Цэнтральная

13528

22,8

13655

23

+0,2

85 – Магілёўская-Цэнтральная

12616

19,9

16177

25,5

+5,6

92 - Аўтазаводская

10050

15,3

14985

22,8

+7,5

96 - Чкалаўская

9870

15,4

14735

32,1

+16,7

103 - Дамброўская

11913

18,8

16874

26,7

+7,9

107 - Усходняя

11340

16,6

20378

29,9

+13,3

108 - Каліноўская

10396

14,9

15703

22,4

+7,5

Пры гэтым афіцыйныя паказчыкі яўкі на тых участках, дзе няма назіральнікаў, часцей за ўсё вышэй за яўку на тых учасках, дзе вядзецца назіраннне.

На шэрагу ўчасткаў у Мінску (акругі №108 і №103) назіральнікамі былі выкрытыя адмысловыя групы асобаў, якія галасавалі на розных участках неаднаразова, прычым праца гэтых злачынных арганізаваных груп ажыццяўлялася са згоды і пры спрыянні некаторых сябраў УВК. На фотаздымках прадстаўнікі кампаніі «Права выбару-2016» зафіксавалі групу людзей, якія аддавалі свае галасы паўторна на розных участках № 607, № 618, № 631 і № 635.

Адзначанае вышэй у гэтай справаздачы незабеспячэнне камісіямі належных умоваў для захавання скрыняў для галасавання патурала і іншым найбольш сур'ёзным парушэнням, звязаным з наўпроставай фальсіфікацыяй выбараў шляхам укідвання бюлетэняў. Напрыклад, на 625 участку Каліноўскай выбарчай акругі №108 назіральнік сфатаграфаваў у празрыстай скрыні стос бюлетэняў, укінутых пачакам, пра што былі пададзеныя скаргі. Мінская гарадская выбарчая камісія адмаўляе выкладзеныя назіральнікам факты, нягледзячы на прадстаўленыя доказы і здымкі.

  1. Галасаванне ў дзень выбараў і падлік галасоў

Агулам у дзень выбараў 11 верасня на 622 выбарчых участках, размешчаных на 24 акругах працавалі 1302 назіральнікі кампаніі "Права выбару-2016". Імі былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі парушэння ўстаноўленага парадку правядзення галасавання і падліку галасоў, па якіх былі пададзеныя 543 скаргі. Агулам за перыяд датэрміновага галасавання і асноўны дзень выбараў назіральнікамі кампанніі былі пададзеныя 768 скаргаў.

У тым ліку зафіксавана 13 выпадкаў парушэння парадку галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў. Па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33, на ўчастку № 29, па дадзеных камісіі на месцы знаходжання выбаршчыкаў за паўгадзіны прагаласавала 60 чалавек, што фізічна немагчыма. Па Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4, на ўчастку № 45, назіральнікамі былі зафіксаваныя неадпаведнасці колькасці заявак колькасці прагаласаваўшых па месцы знаходжання выбаршчыкаў. Па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе №79, на ўчастку №27 у 14:15 заявак на галасаванне па месцы жыхарства не было, а ў 15:05 камісія ўзяла скрыню і вялікую колькасць бюлетэняў. Праз дзьве з паловай гадзіны сябры камісіі вярнуліся: колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі на даму, склала 200 чалавек. Па Дамброўскай выбарчай акрузе №103, на ўчастку №430, было пададзена 6 просьбаў па месцы знаходжання, а сябрам камісіі было выдадзена 15 бюлетэняў. Па гэтых інцыдэнтах назіральнікамі былі пададзеныя скаргі.

У асноўны дзень галасавання працягвалі фіксавацца шматлікія выпадкі, калі па дадзеных камісій прагаласавала больш выбаршчыкаў, чым падлічылі назіральнікі. Таксама працягвалася галасаванне груп асобаў, якія наведвалі розныя ўчаскі і атрымлівалі бюлетэні. 11 верасня з 11 да 13 гадзінаў на Свіслачскай выбарчай акрузе №94 у Мінску назіралася небывалая актыўнасць гэткіх груп. Жанчыны, пераважна настаўніцы, курсіравалі групамі па 6-8 чалавек паміж школай №129 (участкі №106 і №107), гімназіяй №28 (участкі №№108-110), школай №123 (участкі №№111-113). Каля школ жанчыны дзяліліся на групы па двое і ішлі галасаваць. Бюлетэні атрымлівалі ў сябраў камісій з дальняга боку стала - падалей ад назіральнікаў.  Крыху пазней назіральнікі "Права выбару-2016" зафіксавалі тых жа жанчын на другім баку Серабранкі - каля СШ №134, дзе знаходзяцца ўчасткі №№ 124-126.

Метадалагічнай адметнасцю кампаніі "Права выбару-2016" было тое, што назіранне ладзілася з разлікам пакрыцця ўсіх участкаў па 10 выбарчых акругах з мэтай поўнага аналізу разыходжанняў у паказчыках яўкі па дадзеных назіральнікаў з яўкай па дадзеных камісій (на іншых 14 акругах назіраннем з боку кампаніі "Права выбару-2016" былі ахопленыя толькі некаторыя ўчасткі).

Аднак з прычыны выдалення назіральнікаў па шэрагу ўчасткаў на момант складання гэтай папярэдняй выніковай справаздачы дадзеныя з усіх участкаў атрыманыя па дзевяці акругах (на некаторых з іх дадзеныя назіральнікаў па асобных участках няпоўныя ў сувязі з выдаленнем назіральнікаў, таму на веру прынятыя дадзеныя камісій – глядзі далей заўвагі  да табліцы, пазначаныя зорачкай). Кампанія разлічвае дапоўніць гэтыя звесткі і прадставіць поўныя дадзеныя па шэрагу акругаў у канчатковай выніковай справаздачы напрыканцы верасня.

Нумар і назва акругі

Спіскавая колькасць выбаршчыкаў па пратаколу 11.09

Яўка датэрміновая па звестках назірання  (%)

Яўка датэрміновая па звестках УВК  (%)

Яўка 11.09 у памяшканні ўчастка па звестках назірання (%)

Яўка 11.09 у памяшканні ўчастка па звестках УВК (%)

Сумарнае перавышэнне яўкі па звестках УВК над звесткамі назірання пры датэрміновым галасаванні і 11.09 у памяшканні участка (%)

№ 3 - Брэсцкая-Усходняя

59822

18.0%

20.0%

29.3%

35.8%

+8.4%

№18 – Віцебская- Чкалаўская

66849

18.3%

19.3%

25%

29.6%

+5.5%

№51 - Гродзенская-Цэнтральная

57351

23.6%

23.8%

25.2%

26.2%

+1.2%

№85 - Магілёўская-Цэнтральная

62359

20.2%

25.1%

20.7%

32.6%

+16.8%

№92 - Аўтазавадская

63914

15.7%

23.9%

20.9%

30.1%

+17.3%

№96 – Чкалаўская*

62187

15.9%

24.1%

23.2%

36.6%

13,4%

№103 – Дамброўская**

67134

17.7%

25.1%

20.9%

36.6%

23.1%

№107 – Усходняя***

68508

16.6%

30.2%

22.0%

26.7%

18.4%

№108 - Каліноўская

70137

14.8%

23.0%

16.3%

30.3%

22.1%

Такім чынам, па тых акругах, з якіх кампанія "Права выбару-2016" атрымала поўныя дадзеныя па ўсіх участках, розніца ў падліках прагаласаваўшых па дадзеных назіральнікаў і па дадзеных камісій складае паказчык, які істотна ўплывае на вынік выбараў. Гэта найбольш яскрава праяўляецца, калі ўлічыць дадзеныя пра галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў: з іх вынікае, што прынамсі па сямі з гэтых дзевяці акругаў (Брэсцкая-Усходняя №3,  Віцебская- Чкалаўская №18, Аўтазаводская №92, Чкалаўская №96, Дамброўская №103, Усходняя №107, Каліноўская №108) вынікі падліку колькасці прагаласаваўшых назіральнікамі сведчаць, што выбары не могуць лічыцца адбыўшыміся з-за неўдзелу неабходных 50% ад спіскавага складу выбаршчыкаў (нават калі прыняць на веру афіцыйныя дадзеныя пра колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі па месцы знаходжання).

Нумар і назва акругі

Спіскавая колькасць выбаршчыкаў па пратаколу 11.09

Яўка па месцы знаходжання выбаршчыкаў з выніковага пратакола УВК (%)

Сумарная афіцыйная яўка з выніковага пратакола УВК па ўсіх выдах галасавання (%)

Сумарная яўка па дадзеных назіральнікаў (пры датэрміновым галасаванні і галасаванні ў памяшканні ўчастка 11.09) з галасаваннем па месцы знаходжання выбаршчыкаў па дадзеных УВК(%)

№ 3 – Брэсцкая-Усходняя

59822

2.4%

58.2%

49.8%

№18 – Віцебская- Чкалаўская

66849

5.7%

54.4%

49.0%

№51 – Гродзенская-Цэнтральная

57351

5.3%

54.8%

54.1%

№85 - Магілёўская-Цэнтральная

62359

12.8%

69.4%

53.7%

№92 - Аўтазаводская

63914

3.6%

57.6%

40.3%

№96 – Чкалаўская*

62187

1.5%

 

40.5%

№103 – Дамброўская**

67134

0.8%

62.9%

39.5%

№107 – Усходняя***

68508

4.5%

61.4%

43.0%

№108 - Каліноўская

70137

1.0%

52.5%

32.2%

*На акрузе №96 назіральнікі былі выдаленыя з трох участкаў №179, №192, №193 і не здолілі атрымаць копію выніковага пратаколу і падлічыць яўку. Для разлікаў былі выкарыстаныя колькасць выбаршчыкаў у спісе на раніцу 11.09, дадзеныя камісіі і назіральніка па датэрміновым галасаванні за пяць дзён і ўзятая 100% яўка як па дадзеных назіральніка, так і камісіі.

**На акрузе №103 быў выдалены назіральнік з ўчастка №433 і ён не здоліў атрымаць выніковы пратакол. Для разлікаў выкарыстоўвалася колькасць выбаршчыкаў у спісе на раніцу 11.09, колькасць прагаласаваўшых датэрмінова была ўзятая з дадзеных камісіі і назіральніка за 5 дзён, яўка ў памяшканні ўчастка плюс галасаванне па месцы знаходжання па дадзеных камісіі ўзятая 100%.

***На 107 акрузе былі пазбаўленыя акрэдытацыі назіральнікі на двух участках №584 і 585. Для разлікаў выкарыстоўвалася колькасць выбаршчыкаў у спісе на раніцу 11.09, выкарыстаныя дадзеныя камісіі і назіральніка па датэрміновым галасаванні за 5 дзён, яўка ў памяшканні ўчастка плюс галасаванне па месцы знаходжання па дадзеных камісіі ўзятая 100%.

У дзевяці выпадках назіральнікамі кампаніі былі пададзеныя скаргі на невывешванне камісіямі пратаколаў падліку галасоў на участках. 

2233

  1. Умовы для працы назіральнікаў

За пяць дзён датэрміновага галасавання былі пазбаўленыя акрэдытацыі 23 назіральнікі кампаніі "Права выбару-2016", што складае 3% ад агульнай колькасці назіральнікаў, што былі накіраваныя на ўчасткі ў час датэрміновага галасавання ад імя арганізацый-удзельніц кампаніі. У дзень галасавання акрэдытацыі былі пазбаўленыя яшчэ 30 назіральнікаў. Агулам былі пазбаўленыя акрэдытацыі альбо выдаленыя з выбарчых участкаў 53 назіральнікі кампаніі "Права выбару-2016" (4,07% ад агульнай колькасці назіральнікаў), што ў паўтары разы больш за паказчык часу выбараў Прэзідэнта ў 2015 годзе, калі было зафіксавана 36 падобных выпадкаў (2,79% ад тагачаснай колькасці назіральнікаў).

Пры этым асноўнымі прычынамі выдалення назіральнікаў сталіся надуманыя абвінавачанні ва ўмяшальніцтве ў  працу камісіі (асабліва звязаныя з фіксацыяй назіральнікамі парушэнняў з боку УВК), а таксама правакацыі з боку сябраў УВК альбо назіральнікаў ад праўладных арганізацый. Найбольшая колькасць выпадкаў выдалення назіральнікаў зафіксавана ў Мінску.

На участку №179 Чкалаўскай выбарчай акругі №96 назіральніка “Права выбару-2016” выдалілі за тое, што ён быццам бы рабіў аўдыязапіс і фотаздымкі на выбарчым участку, пры гэтым УВК нават не запрасіла назіральніка на сваё пасяджэнне пры раглядзе пытання аб пазбаўленні акрэдытацыі.  На  участку №195 гэтай жа акругі назіральніка пазбавілі акрэдытацыі ўвогуле без агучвання афіцыйнай прычыны. На выбарчым участку №585 Усходняй выбарчай акругі №107 назіральніку паказалі рашэнне камісіі, дзе напісана, што назіральнік праводзіў гуказапіс, выкарыстоўваючы ручку-дыктафон. На адным з участкаў Сеніцкай акругі №76  назіральніка выдалілі за нібыта няправільна запоўненую форму пратакола аб вылучэнні назіральніка.

8 верасня з-за праўладнага назіральніка УВК пазбавіла акрэдытацыі назіральніка “Права выбару-2016” на участку №562 у Мінску: праўладны назіральнік прынёс шклянку з гарбатай на ўчастак і спецыяльна разліў яе на сябе і на назіральніка "Права выбару-2016". Пасля гэтага ён напісаў скаргу ў камісію і сказаў, што гэта зрабіў назіральнік "Права выбару-2016". Пасля інцыдэнта скаргі на назіральніка "Права выбару-2016" напісалі яшчэ некалькі праўладных назіральнікаў. У выніку па рашэнні УВК назіральніка “Права выбару-2016” выдалілі з участка.

Абсурдную матывацыю прыдумала УВК №185 Чкалаўскай акругі №96, каб пазбавіць акрэдытацыі дзвюх назіральніц ад кампаніі "Права выбару-2016": дачку і маці Марыну Альшанец і Анастасію Альшанец-Дарафей. 10 верасня ў 16-05 УВК пазбавіла акрэдытацыі гэтых назіральніц з наступнымі фармулёўкамі: "Альшанец Марына Аляксандраўна і Альшанец-Дарафей Анастасія Аляксандраўна маюць між самой сваяцкія (сямейныя) адносіны, пражываюць па адным адрасе. Абедзве зарэгістраваныя назіральнікамі ад розных арганізацый. На падставе вышэйсказанага Пазняк Д.В. прапанаваў пазбавіць абедзвюх назіральніц... магчымасці выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, каб не было перадузятых сямейных адносінаў да назірання за выбарчым працэсам на ўчастку".

11 верасня пасьля заканчэння галасавання быў затрыманы назіральнік «Права выбару-2016» Леанід Кулакоў за тое, што здымаў факты фальсіфікацый пры падліку галасоў на ўчастку №626 у Мінску. Затрыманы назіральнік і ягоная калега Мая Навумава былі дастаўленыя ў РУУС. Таксама 11 верасня назіральнік Пётр Маркелаў спачатку быў выдалены з участка №347, а потым затрыманы міліцыянтамі. У гэты ж дзень з участка №194 Чкалаўскай выбарчай акругі №96 выгналі адразу трох назіральнікаў: камісія аб'явіла, что назіральнікі перашкаджалі працы выбарчай камісіі, калі шэптам абмяркоўвалі пытанні ажыццяўлення назірання.

11 верасня адразу ж пасля заканчэння галасавання з участкаў, дзе вяло назіранне "Права выбару-2016", камісіі выдалілі агулам 11 назіральнікаў. Найбольш пацярпела Чкалаўская выбарчая аруга №96 Мінска, дзе ўчастковыя камісіі выдалілі пяцярых назіральнікаў (участкі №176, №192, №193, №197), трох назіральнікаў выгналі з Усходняй акругі №107 (участкі №560, №574 і №584).  Двум назіральнікам не дазволілі сачыць за падлікам галасоў на Дамброўскай выбарчай акрузе №103 (участкі №415 і №421).

У шэрагу выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў акрэдытацыі на надуманных падставах. Напрыклад, на участку №621 Каліноўскай выбарчай акругі №108 УВК адмаўляла у акрэдытацыі назіральніцы кампаніі «Права выбару-2016» ад грамадскага аб'яднання БНФ «Адраджэньне» - выбаркам спасылаўся на тое, што гэта быццам бы адна юрыдычная асоба з Партыяй БНФ. Назіральнікамі кампаніі "Права выбару-2016" было пададзенае 8 скаргаў па фактах нядопуску да назірання і адмоваў у акрэдытацыі. Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога забараніла студэнтам знаходзіцца ў якасці назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару-2016” на выбарчых участках.

У 27 выпадках назіральнікамі былі пададзеныя скаргі на дзеянні УВК па стварэнні немагчымых умоваў для ажыццяўлення назірання (размяшчэнне назіральнікаў у памяшканні без магчымасці назіраць адначасова за выдачай бюлетэняў і іх укідваннем у скрыні) у часе датэрміновага галасавання альбо ў асноўны дзень галасавання.

Асобным новаўвядзеннем гэтай выбарчай кампаніі, якое ісотна перашкодзіла працы назіральнікаў, сталася увядзенне ЦВК пастановай ад 10 верасня №57 (у час калі ўжо ішло датэрміновае галасаванне і за дзень да асноўнага галасавання) зменаў у парадак ажыццяўлення назірання на выбарчых участках, які прадугледжваў, што на участку можа назіраць толькі адна давераная асоба кандыдата. Цягам усіх мінулых выбарчых кампаній давераныя асобы маглі прысутнічаць на любых участках у любой колькасці. У шэрагу выпадкаў гэты новы парадак стварыў перашкоды дзейнасці кампаніі назірання – у прыватнасці, ранкам 11 верасня з выбарчых участкаў Слонімскай выбарчай акругі №58 былі выдаленыя давераныя асобы кандыдата ад Партыі БНФ Івана Шэгі.

Кампанія "Права выбару-2016" зыходзіць з таго, што адкрытым падлікам галасоў з’яўляецца працэс, калі сябры УВК дэманструюць кожны бюлетэнь назіральнікам, а таксама іншым членам выбарчай камісіі. Пры гэтым змест бюлетэня агалошваецца ўголас, назіральнікі бачаць за каго стаіць галачка і бюлетэні раскладаюцца па правільных стосах за адпаведнага кандыдата. Падлік галасоў 11 верасня на пераважнай  большасці ўчасткаў ладзіўся неадкрытым, нетранспарэнтным чынам, назіральнікі не былі дапушчаныя да эфэктыўнага ажыццяўлення назірання за гэтай працэдурай (часцей за ўсё – былі аддаленыя ад стала, дзе ладзіўся падлік бюлетэняў).

  1. Рэкамендацыі па выніках назірання за ўсімі этапамі кампаніі

На падставе зробленых па выніках назірання высноваў кампанія «Права выбару-2016» рэкамендуе Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, органам заканадаўчай і выканаўчай улады, у тым ліку Міністэрству юстыцыі, ужыць наступныя захады:

  1. Выпрацаваць крытэры адбору прэтэндэнтаў у склад участковых ды іншых выбарчых камісій, замацаваўшы абавязковае ўключэнне ў склад участковых камісій усіх асобаў, прапанаваных палітычнымі партыямі. У выпадку, калі колькасць вылучаных у склад выбарчых камісій асобаў большая за максімальны склад камісіі, прыярытэт павінны надавацца вылучэнцам ад палітычных партый, а ў выпадку вялікай колькасці прадстаўнікоў палітычных партый удзельнікі камісіі павінны вызначацца жэрабям. Неабходна замацаваць магчымасць вылучэння прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты.
  2. Зарэгістраваць палітычную партыю Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыю свабоды і прагрэсу, арганізацыйныя структуры Праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Рух “За свабоду” ды іншых палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама заканадаўча дазволіць рэгістрацыю арганізацыйных структур партый і грамадскіх аб’яднанняў у жылых памяшканнях, што належаць іх сябрам.
  3. Стварыць адзіны нацыянальны публічны рэестр выбаршчыкаў, які б выключыў магчымасць адвольнай маніпуляцыі выбарчымі спісамі па ўчастках і выключыў бы магчымасць неаднаразовага ўключэння ў спісы выбаршчыкаў і галасавання адной асобы на розных участках.
  4. Удакладніць пералік дакументаў, па якіх выдаецца бюлетэнь для галасавання, выключыўшы з яго дакументы, якімі могуць валодаць асобы, што не маюць беларускага грамадзянства.
  5. Выпрацаваць адзіныя і зручныя для грамадскасці крытэры вызначэння месцаў, забароненых для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі і дазволеных для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым у дачыненні да агітацыйных мерапрыемстваў варта пашырыць практыку, якая ўжывалася ў Мінску, калі выканаўчая ўлада вызначае толькі забароненыя для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў месцы. Дазволіць кандыдатам праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы не толькі на тэрыторыі сваёй акругі, дзе яны вылучаюцца, але і на тэрыторыі ўсяго адпаведнага населенага пункта. Пашырыць працягласць перыяду агітацыі ў часе выбарчай кампаніі. Замацаваць паведамляльны парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў усімі грамадзянамі і арганізацымі, як у перыяд выбараў, так і па-за межамі кампаніі.
  6. Разгледзець магчымасць скасавання датэрміновага галасавання, замяніўшы яго іншымі працэдурамі забеспячэння рэалізацыі выбарчага права асобамі, што не маюць магчымасці прагаласаваць у дзень выбараў па месцы жыхарства. У якасці першачарговага кроку варта абмежаваць тэрмін датэрміновага галасавання двума днямі і замацаваць на ўзроўні метадычных палажэнняў патрабаванні да захоўвання скрыняў для датэрміновага галасавання ва ўмовах, якія б выключалі доступ пабочных асобаў да скрыняў.
  7. Замацаваць пісьмовую форму падачы заяваў аб галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў.
  8. Стварыць умовы для аб’ектыўнага і рэальнага судовага кантролю за хадой выбарчага працэса, у тым ліку ў сферы разгляду скаргаў на дзеянні выбарчых камісій, на рашэнне мясцовых органаў улады пра стварэнне выбарчых камісій, на рэгістрацыю ініцыятыўных груп і кандыдатаў.
  9. Улічваючы існуючую практыку прэзумпцыі даверу выбарчых камісій да дадзеных праверкі пададзеных кандыдатамі дэкларацый аб даходах і маёмасці органамі міністэрства па падатках і зборах ды іншымі дзяржаўнымі органамі, належыць выключыць з пераліку магчымых падставаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата нязначаныя парушэнні ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці: праверка сапраўднасці падаткавай дэкларацыі кандыдатаў павінная служыць мэтам удакладнення прадстаўленых звестак дзеля больш поўнага інфармавання выбаршчыкаў, а не мэтам штучнага пошуку фактычна малазначных і ненаўмысных памылак, якія робяцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў. Статус гэтага дакумента мусіць быць удакладнены, а хібы ў ім павінныя быць выключаныя з пераліку магчымых падставаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў.
  10. Спыніць практыку палітычнага пераследу кандыдатаў апанентаў дзеючай улады і журналістаў недзяржаўны СМІ ды фрылансераў, у тым ліку выключыць адвольныя  арышты  і іншыя спагнанні па абвінавачанні ў адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі масавых акцый, парушэнне заканадаўства аб СМІ, дробнае хуліганства).
  11. Увесці ў заканадаўства механізмы раўнапраўнага і недыскрымінацыйнага дзяржаўнага фінансавання агітацыйных кампаній кандыдатаў і палітычных партый, якія б выключылі сённяшнюю сітуацыю, калі дзяржава фінансуе з бюджэту альбо прадастаўляе матэрыяльныя ільготы (у тым ліку па арэндзе памяшканняў) толькі для вузкага пераліку арганізацый, якія атрымліваюць гэткую падтрымку з бю джэту альбо на іншай па-за конкурснай аснове. Спыніць практыку ўмяшальніцтва органаў выканаўчай улады ў агітацыйную дзейнасць кандыдатаў і палітычных партый, у тым ліку цэнзуру перадвыбарчых кампаній ды выступаў кандыдатаў па радыё і тэлебачанні, а таксама спыніць якія кольвек перашкоды ў правядзенні мірных сходаў агітацыйнага характару. Выключыць з заканадаўства забарону агітацыі на карысць няўдзелу ў выбарах.
  12. Пры вызначэнні крыніцаў папаўнення выбарчых фондаў кандыдатаў выключыць магчымасць пералічэння ў выбарчыя фонды сродкаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, а таксама прадпрыемстваў, што атрымліваюць дзяржаўную фінансавую падтрымку.
  13. Пашырыць правы назіральнікаў, у тым ліку забяспечыўшы ім рэальную магчымасць назірання за захаваннем выбарчых бюлетэняў, скрыняў для галасавання, а таксама за падлікам галасоў, які павінны ажыццяўляцца выбарчымі камісіямі калегіяльна, быць празрыстым і галосным, каб кожны сябра выбарчай камісіі і назіральнік быў адказны за лічбы, што заносяцца ў выніковы пратакол. З'яўляецца недапушчальнай сённяшняя сістэма падліку галасоў, калі кожны сябра камісіі лічыць толькі частку бюлетэняў, а потым старшыня ці сакратар негалосна суміруе іх звесткі і выдае абагульненыя звесткі, якія немагчыма спраўдзіць і ў якіх не могуць быць упэўненыя іншыя сябры выбарчай камісіі
  14. Замацаваць права назіральнікаў весці фотаздымкі альбо відэазапіс у часе галасавання на ўчастку і пры падліку галасоў. Выключыць забарону прысутнасці на выбарчых участках і ў акруговых камісіях больш чым адной даверанай асобы кандыдата.
  15. Рэабілітаваць усіх незаконна асуджаных па палітычных матывах дзеля забеспячэння роўных магчымасцяў рэалізацыі грамадзянскіх правоў усімі палітычнымі суб’ектамі і грамадзянамі Беларусі, у тым ліку спыніць крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць несправядлівых выбараў Прэзідэнта 19 снежня 2016 года Уладзіміра Кондруся і Алеся Міхалевіча.

[*] Пра кампанію “Права выбару-2016”: «Права выбару-2016» - гэта кампанія па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства падчас усіх стадый выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне. Кампанія назірання «Права Выбару-2016» аб'ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Партыю БНФ, Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду), Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Рух «За свабоду!», Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Асноўнай адметнай рысай дадзенай кампаніі ад кампаній назірання, якія праводзяць праваабарончыя арганізацыі або міжнародныя назіральнікі, з'яўляецца скіраванасць на «актыўнае назіранне», якое ўключае ў сябе мабілізацыю валанцёраў не толькі для фіксацыі, але і для актыўнага процідзеяння парушэнням.