Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016” падрыхтавала трэцюю прамежкавую справаздачу па выніках выбарчай кампаніі, якая ахоплівае перыяд вылучэння прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты.

Гэты перыяд выбарчай кампаніі паказаў, што пераважная большасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый была вылучана шляхам партыйнага вылучэння праз з’езды. Вылучэнне шляхам збору подпісаў ажыццяўляла невялікая часка прэтэндэнтаў ад апазіцыйных арганізацый, пры гэтым пераважная большасць іх ініцыятыўных груп не здавала сабраныя подпісы выбаршчыкаў у выбарчыя камісіі. Праўладныя кандыдаты вылучаліся ад працоўных калектываў, альбо камбінуючы збор подпісаў з вылучэннем ад працоўных калектываў, а часам выкарыстоўваючы ўсе тры спосабы вылучэння.

У рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты было адмоўлена 30 (6,26%) групам з 479 пададзеных заявак, што амаль у 3 разы менш за колькасць адмоваў на мінулых парламенцкіх выбарах, калі было адмоўлена ў рэгістрацыі 85 (19,31%) групам з 440 пададзеных. Усе групы апазіцыйных прэтэндэнтаў былі зарэгістраваныя (у адным выпадку – пасля абскарджвання ў вышэйстаячую выбарчую камісію).

Улады за рэдкім выключэннем не перашкаджалі правядзенню пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым, зафіксаваныя выпадкі ціску на апазіцыйных прэтэндэнтаў і асобныя выпадкі нападаў на пікеты па зборы подпісаў, а таксама перашкоды пры зборы подпісаў у інтэрнатах і пры здачы дакументаў аб вылучэнні ў акурговыя выбарчыя камісіі.

Зафіксаваныя факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пад час перадвыбарчых мерапрыемстваў, у тым ліку аднабаковае асвятленне збору подпісаў дзяржаўнымі СМІ на карысць праўладных прэтэндэнтаў, што парушае прынцып роўнасці ўмоваў для прэтэндэнтаў ад розных палітычных сілаў. 

Агулам дэмакратычныя партыі вылучылі большую частку прэтэндэнтаў ад партый: іх сумарная колькасць склала 207 з усіх 387 партыйных вылучэнцаў, што падалі дакументы ў АВК.

Сярод арганізацый-заснавальнікаў кампаніі назірання “Права выбару-2016” лічбы размеркаваліся наступным чынам:

  • Ад Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) у АВК падалі дакументы 29 чалавек (з іх 2 сябры адначасова ўваходзяць у спіс #TAK кампаніі “Гавары праўду”);
  • Ад Партыі БНФ – 60 чалавек (з іх 6 сябры ПАГА “Рух ”За Свабоду!”),
  • Ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі – 67 чалавек (з іх 31 – сябры агкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя і 1 ПАГА “Рух ”За Свабоду”).

Шляхам збору подпісаў ад “Рух “За Свабоду!” вылучалася  10 чалавек (з 15), БХД - 1 чалавек (з 32), Партыі БНФ – 2 чалавекі (дублявалі партыйнае вылучэнне зборам подпісаў), БСДП – 4 чалавекі (дублявалі партыйнае вылучэнне зборам подпісаў).

Аб трэцім этапе выбарчай кампаніі распавядае адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2016” Дзяніс Садоўскі:

Этап збору подпісаў пад час парламенцкай кампаніі 2016 года праходзіў у адносна свабодных умовах для большасці дэмакратычных кандыдатаў. Тым часам назваць гэтыя ўмовы роўнымі ў параўнанні з праўладнымі кандыдатамі немагчыма. Праверка дакументаў, пададзеных кандыдатамі ў дэпутаты, праходзілі закрыта і негалосна, таму пытанне рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў усё яшчэ залежыць ад жадання ўладаў рэгістраваць прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты, ці не рэгістраваць яго.

З больш падрабязнымі вынікамі назірання за трэцім этапам парламенцкай выбарчай кампаніі можна азнаёміцца тут: PV-2016-Report-3.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Прэс-служба кампаніі назірання "Права выбару-2016"