У трэці дзень датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кампанія назірання за выбарамі "Права выбару-2015” працягвае незалежнае назіранне за выбарамі.

Усяго 8 кастрычніка 2015 года назіральнікамі кампаніі «Права выбару-2015» было пададзена 62 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства (з іх 18 – у Мінску, 15 - у Мінскай вобласці, 12 - у Гомельскай, 6 - у Віцебскай, 6 - у Магілёўскай, 5 - у Брэсцкай, 0 - у Гродзенскай). Агульная колькасць пададзеных скаргаў назіральнікамі за тры дні назірання за датэрміновым галасаваннем склала лічбу 277.

Колькасць грамадзян, якія прышлі на 624 выбарчых ўчасткі ў трэці дзень датэрміновага галасавання, дзе назіральнікі "Права выбару-2015” робяць неперарыўны падлік выбарцаў, склала 69 212 чалавек. Па дадзеных камісій на гэтых жа ўчастках прагаласавала 72 924 чалавекі. Разыходжанне з афіцыйнымі звесткамі склала 3 712 чалавек, альбо 5,4 %.

Па Мінску агульная лічба грамадзян, якія прышлі на 122 выбарчых ўчасткі ў трэці дзень датэрміновага галасавання, дзе назіральнікі "Права выбару-2015” робяць неперарыўны падлік выбарцаў, склала 10 688 чалавек. Па дадзеных камісій на гэтых жа ўчастках прагаласавала 11 941 чалавек. Разыходжанне з афіцыйнымі звесткамі склала 1 253 чалавекі, альбо 11,7%.

Найбольшую колькасць прагаласаваўшых у трэці дзень датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі на выбарчым участку №13 Маскоўскага раёна Брэста. Там прагаласавала 509 чалавек, альбо 25% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на выбарчым участку. На тэрыторыі ўчастка знаходзіцца абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў, студэнты якога і забяспечылі высокую яўку. Па афіцыйных дадзеных на выбарчым участку прагаласавана 532 чалавекі, альбо 26,1%.

Найменьшая колькасць прагаласаваўшых 8 кастрычніка была зафіксавана на выбарчым участку №5 у Наваполацку, Віцебская вобласць. Там прагаласавала ўсяго 15 чалавек, альбо 0,7% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Па афіцыйных дадзеных на выбарчым участку прагаласавана таксама 15 чалавекі.

У выніку аналізу выбарчых участкаў, дзе адбываецца назіранне сіламі кампаніі "Права выбару-2015”, кіраўніцтва кампаніі прыйшло да высновы, што яўка выбаршчыкаў на кантралюемых незалежнымі назіральнікамі ўчастках значна ніжэйшая ў параўнанні з тымі ўчасткамі, дзе няма нашых назіральнікаў. Таксама разыходжанне ў звестках назіральнікаў з афіцыйнымі звесткамі за першыя тры дні назірання складае каля 5%.

У параўнанні з 7 кастрычніка, 8 кастрычніка назіральнікі зафіксавалі значны скачок прыйшоўшых на выбарчыя ўчасткі грамадзян. У адносных лічбах ён вырас на 27%.

Таксама назіральнікі на шэрагу выбарчых ўчасткаў 7 кастрычніка зафіксавалі рост колькасці выбаршчыкаў, якія былі ўнесены ў агульныя спісы грамадзян, што валодаюць права голаса. Агульны рост колькасці грамадзян, на 583 участках, дзе камісіі прадаставілі звесткі аб колькасці выбаршчыкаў, склаў 5 084 чалавекі. Найбольшы рост колькасці выбаршчыкаў быў зафіксаваны на выбарчым участку №28 Чыгуначнага раёна Гомеля. Там, за адзін дзень, спісы выбаршчыкаў папоўніліся на 357 чалавек, пры ўліку, што першапачаткова ў спісе выбаршчыкаў было ўнесена 1647 грамадзян. У адносных лічбах павелічэнне склала 21,7%. Гэта сведчыць пра тое, што спісы выбаршчыках складаліся няхайна, у іх не было шмат выбаршчыкаў і ставілася мэта занізіць агульную колькасць грамадзян з мэтай завышэння яўкі.

Падчас назірання 8 кастрычніка назіральнікі зафіксавалі наступныя інцыдэнты:

  • адмова ў акрэдытацыі назіральнікаў - 3 выпадкі;
  • пазбаўленне назіральніка акрэдытацыі (выдаленне з участка) - 4 выпадкі;
  • незабеспячэнне назіральніку годных умоваў назірання - 7 выпадкаў;
  • прымушэнне выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання – 1 выпадак;
  • неналежнае захоўванне скрыні датэрміновага галасавання – 108 выпадкаў;
  • галасаванне іншымі асобамі замест непрагаласаваўшых выбарцаў - 4 выпадкі.
  • таксама зафіксавана 27 іншых больш дробных парушэнняў.

Напрыклад, на выбарчым участку №65 Першамайскага раёна Мінска, назіральніцу Марыю Паклонскую члены камісіі двойчы за дзень пазбавілі акрэдытацыі. Дзяўчына спрабавала сфатаграфаваць проразь для галасавання, якая па невядомых прычынах зранку, 8 кастрычніка, да адкрыцця выбарчага ўчастка, апынуўся адклеенай. Ёй зрабілі заўвагу і назіральніца адмовілася ад запланаванага. Перад абедам дзяўчыну пазбавілі акрэдытацыі на падставе таго, што яна, нібыта, замінала працы камісіі. На падставе незаконнага рашэння трох з 13 членаў камісіі яны была выдалена з участка. Пасля скаргі камісія ўчастка пад старшынствам Аляксандра Яўсеева ў колькасці 11 з 13 чалавек адмяніла рашэнне аб пазбаўленні дзяўчыны акрэдытацыі, прызнаўшы вынесенае раней рашэнне незаконным (не было кворуму) і наноў разгледзела пытанне аб выдаленні назіральніцы з участка. За прагаласавала сем чалавек, чатыры – устрымаліся.

Такім чынам за тры дні датэрміновага галасавання восем назіральнікаў кампаніі "Права выбару-2015” былі пазбаўлены акрэдытацыі.

Таксама з’явілася для Беларусі новая тэндэнцыя, якае нагадвае сумнавядомыя ў Расіі і Украіне "каруселі”, калі адных і тых жа выбаршчыкаў возіць аўтобус і людзі цягам дня галасуюць некалькі разоў на выбарчых участках. Напрыклад, такі выпадак быў зафіксаваны назіральнікам выбарчага ўчастку №18 Цэнтральнага раёна Мінска, калі да яго на ўчастак цэнтралізавана прыйшла група людзей у колькасці 11-12 чалавек і не называючы свайго адраса прагаласавалі.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання "Права выбару-2015” Алесь Сілкоў лічыць, што трэці дзень датэрміновага галасавання канчаткова развеяў спадзяванні на тое, што выбары ў краіне будуць адбывацца ў адпаведнасці з законам, адкрыта і свабодна.

- Адчуваецца нейкая нярвознасць. Гэта бачна праз тое, як гоняць жыхароў інтэрнатаў, дзяржслужбоўцаў і студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. На фоне агульнай апатыі насельніцтва да кампаніі ўладам важна забяспечыць яўку. На гэта кінуты ўсе сілы дзяржаўнага апарата. Як і ў першыя дні датэрміновага галасавання звескі нашых назіральнікаў па колькасці прагаласаваўшых з афіцыйнымі лічбамі разыходзяцца. Уяўляю, як сябе свабодна адчуваюць члены выбарчых камісій, дзе няма назіральнікаў! Тут можна смела казаць, што на тых выбарчых участках яўка будзе забяспечана пры любым раскладзе, - гаворыць Алесь Сілкоў.

У кампанію па назіранні за выбарамі "Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, "Гавары праўду!”, "Рух "За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Прэс-служба кампаніі назірання "Права выбару-2015"