Па стане на 11-00 раніцы ў першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад кампаніі назірання за выбарамі "Права выбару-2015” назіральнікі кампаніі сутыкнуліся з перашкодамі пры акрэдытацыі. З 740 выбарчых участках, на якіх планавалася назіранне, акрэдыцатыя адбылася на 672.

Акрэдытацыя назіральнікаў працягваецца.

У большасці выпадкаў прычына адмовы ў акрэдытацыі была па віне ўчастковых выбарчых камісій.

Так, на выбарчым ўчастку №43, які размешчаны ў пасёлку Калодзішчы, назіральніцу Ірыну Осіпаву не дапусцілі да назірання, хацяжанчына ўчора атрымала акрэдытацыю. Паводле членаў участковай выбарчай камісіі прычынай для адмовы паслужыла тое, што прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, ад якога жанчына вылучалася назіральніцай, не мае рэгістрацыі ў Мінскай вобласці, хаця мае рэспубліканскую. Пасля званку ў Цэнтрвыбаркам члены камісіі яе акрэдытавалі і жанчына прыступіла да назірання.

На выбарчым участку №40 у Чыгуначным раёне Гомеля назіральніка Міхаіла Рагоўскага не хацелі акрэдытоўваць з той прычыны, што на выпісцы з пратакола не было пячаткі. Падобнае парушэнне мае масавы характар і сведчыць пра нізкі ўзровень падрыхтоўкі членаў участковых выбарчых камісій. Толькі пасля скаргаў назіральнікі прыступаліда сваёй працы.

Адзін з каардынатараў кампаніі назірання "Права выбару-2015” Дзяніс Садоўскі лічыць, што ў большасці выпадкаў прычын для неакрэдытацыі назіральнікаў кампаніі "Права выбару-2015” не было.

-Я больш чым перакананы, што амаль ва ўсіх выпадках праблемы з акрэдытацыяй узніклі па віне членаў участковых выбарчых камісій. Некаторыя адмовы выглядаюць досыць смешна і не маюць ніякай логікі. Гэта сведчыць пра тое, што члены ўчастковых выбарчых камісій баяцца назіральнікаў і шукаюць любыя прычыны, каб адмовіць ім у акрэдытацыі. А калі баяцца, то да гэтых членаў участковых выбарчых камісій адсутнічае давер і мы ўжо на старце не можам сцвярджаць, што ў гэтых камісіяй галасы будуць лічыць сумленна і адкрыта - гаворыць Дзяніс Садоўскі.

Садоўскі паведамляе, што ва ўсіх гэтых ды іншых выпадках неабгрунтаваныя адмовы ў акрэдытацыі, а таксама дзеянні членаў камісій будуць абскарджвацца назіральнікамі.

Каардынатар кампаніі таксама адзначае, што ўсе назіральнікі пасля сваёй акрэдытацыі падавалі прапановы старшыням камісій з заклікам правесці адкрыты і галосны падлік галасоў. Далёка не ва ўсіх выпадках участковыя камісіі рэгістравалі дадзеную прапанову ікатэгарычна адмаўляліся гэта рабіць, што таксама з’яўляецца парушэннем і сведчыць пра няведанне Выбарчага кодэкса і нежаданне ажыццяўляць празрысты падлік галасоў.

У кампанію па назіранні за выбарамі "Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, "Гавары праўду!”, "Рух "За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Прэс-служба кампаніі назірання "Права выбару-2015"